Адкрыцьцё 2 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Анёлу царквы ў Эфесе напішы: Вось што кажа Той, Хто трымае сем зорак у Сваёй правай руцэ, Хто ходзіць пасярэдзіне сямі залатых светачаў:
 
Ангілу царквы Ефэскае напішы: "Гэта кажа Тый, што дзяржыць сем зораў у правіцы Сваёй, Каторы ходзе сярод сямёх залатых сьветачаў:

Ведаю твае ўчынкі, і працу, і вытрываласць тваю, і што ты не можаш сцярпець ліхіх, і выпрабаваў тых, хто называе сябе апосталамі, а яны не такія, і выкрыў, што яны лгуны.
 
Знаю ўчынкі твае, і працу тваю, і трывалкосьць тваю, і тое, што ты ня можаш цярпець благіх, і ты спрабаваў тых, што завуць сябе апосталамі, але ня ё, і знайшоў, што яны манюкі,

І маеш вытрываласць і шмат выцерпеў і працаваў дзеля Майго імя і не знямогся.
 
І маеш трывалкосьць, і церпіш дзеля імені Майго, і не стамаваўся.

Але маю супроць цябе тое, што ты пакінуў сваю першую любоў.
 
Але маю супроці цябе тое, што ты пакінуў першую міласьць сваю.

Дык успомні, адкуль ты ўпаў, і пакайся, і рабі ранейшыя ўчынкі; а калі не, то прыйду да цябе і зрушу твой светач з яго месца, калі не пакаешся.
 
Дык успомні, скуль ты спаў, і пакайся, і чыні першыя ўчынкі; а калі не, уборзьдзе прыйду да цябе і скрану сьветач ізь месца яго, хіба пакаешся.

Але тое ў цябе добрае, што ненавідзіш учынкі Мікалаітаў, якія і Я ненавіджу.
 
Тое, адылі, ты маеш, што ненавідзіш учынкі Міколцаў, каторых і Я ненавіджу.

Хто мае вуха, няхай пачуе, што Дух кажа цэрквам. Пераможцу Я дам есці ад дрэва жыцця, якое ў Божым раі6.
 
Хто мае вуха, хай чуе, што Дух кажа цэрквам: перамагаючаму дам есьці зь дзерва жыцьця, каторае ў раю Божым".

І Анёлу царквы ў Смірне напішы: Вось што кажа Першы і Апошні, Які стаў мёртвы і ажыў:
 
І ангілу царквы Сьмірнскае напішы: "Гэта кажа Першы й Апошні, Каторы быў мертвы і ажыў:

Ведаю твае [ўчынкі], і пакуты, і ўбоства — але ты багаты, — і знявагу ад тых, што называюць сябе іудзеямі, але яны не такія, а зборышча сатаны.
 
Знаю атугу тваю а галіту (але ты багаты) а лаянку тых, каторыя кажуць празь сябе, што яны Жыды, а ня ё, але бажніца шайтанская.

Не бойся таго, што табе трэба будзе выцерпець. Вось, д’ябал будзе ўкідаць некаторых з вас у турму, каб выпрабаваць, і будзеце мець пакуты дзесяць дзён. Будзь верны да смерці, і дам табе вянок жыцця.
 
Не лякайся нічога з тога, што маеш цярпець. Вось, дзявал укіне з вас у вязьніцу, каб выпрабаваць вас, і будзеце мець атугу дзён дзесяць. Будзь верны аж да сьмерці, і дам табе карону жыцьця.

Хто мае вуха, няхай пачуе, што Дух кажа цэрквам. Пераможац ні ў якім разе не зазнае шкоды ад другой смерці.
 
Хто мае вуха, хай чуе, што Дух кажа цэрквам: хто перамагае, ніякім парадкам ня будзе пашкоджаны другой сьмерцяй".

А Анёлу царквы ў Пергаме напішы: Вось што кажа Той, Хто мае востры двусечны меч:
 
І ангілу царквы Перґамскае напішы: "Гэта кажа Тый, што мае абаротны войстры меч:

Ведаю [твае ўчынкі і], дзе ты жывеш: там, дзе трон сатаны, і ты цвёрда трымаешся Майго імя і не адрокся ад Маёй веры нават у дні Анціпы, Майго сведкі, Майго вернага, які быў забіты ў вас, там, дзе жыве сатана.
 
Ведаю, ідзе ты жывеш, ідзе пасад шайтана, і дзяржыш імя Мае, і ня выракся веры Мае нават у дні Анціпавы, вернага сьветкі Майго, каторы быў забіты ў вас, ідзе шайтан жыхара.

Але маю крыху супроць цябе, што ў цябе там ёсць тыя, хто трымаецца вучэння Валаама, які навучыў Валака кінуць спакусу перад сынамі Ізраілевымі: есці ідалаахвярнае і распуснічаць.
 
Але маю крыху супроці цябе, што ты маеш тых, што дзяржацца навукі Валаамовае, каторы вучыў Валака пастанавіць пасадку перад сынамі Ізраелявымі — есьці абраканае балваном і бязуліць.

Так і ў цябе ёсць тыя, што гэтак жа трымаюцца вучэння Мікалаітаў, [якое Я ненавіджу].
 
Дык маеш і ты тых, што дзяржацца таксама навукі Міколцаў, што Я ненавіджу.

Дык пакайся: калі ж не, то Я хутка прыйду да цябе і буду змагацца з імі мячом Маіх вуснаў.
 
Дык пакайся, а калі не, уборзьдзе прыйду да цябе і буду ходацца зь імі мячом вуснаў Сваіх.

Хто мае вуха, няхай пачуе, што Дух кажа цэрквам. Пераможцу Я дам [з’есці] патаемнай манны і дам яму белы камень, і на камені напісанае новае імя, якога ніхто не ведае, акрамя таго, хто атрымлівае.
 
Хто мае вуха, няхай чуе, што Дух кажа цэрквам: перамагаючаму дам схаваную манну, і дам яму белы камень, а на каменю напісанае новае імя, каторага ніхто ня ведае, адно тый, што адзержуе".

І Анёлу царквы ў Фіятыры напішы: Вось што кажа Сын Божы, у Якога вочы, як полымя агню, і Яго ногі падобныя да халкалівану:
 
І ангілу царквы Тыятырскае напішы: "Гэта кажа Сын Божы, у Каторага вочы, як поламя агняное, а ногі падобныя да пазорыстае медзі:

Ведаю твае ўчынкі, і любоў, і веру, і служэнне, і тваю вытрываласць, і твае апошнія ўчынкі большыя за першыя.
 
Знаю ўчынкі твае а міласьць а веру а службу а вытрываласьць тваю, і апошнія ўчынкі твае большыя за першыя.

Але маю [крыху] супроць цябе тое, што ты папускаеш жанчыне Іедзавелі, якая называе сябе прарочыцаю, і вучыць, і зводзіць у зман Маіх слуг, каб яны распуснічалі і елі ідалаахвярнае.
 
Але маю супроці цябе, што ты дазваляеш жонцы Забэлі, каторая завець сябе прарокаю, вуча й зводзе слугаў Маіх да бязулства й яды абраканага балваном.

І Я даў ёй час, каб яна пакаялася, але яна не хоча пакаяцца ў сваёй распусце.
 
І Я даў ёй час, каб яна пакаялася зь бязулства свайго, а яна не пакаялася.

Вось Я кідаю яе на ложак і тых, хто чужаложыць з ёю, у вялікае гора, калі яны не пакаюцца ў яе ўчынках7,
 
Вось, Я кіну яе на пасьцелю, а тых, што чужаложаць ізь ёю, у вялікую атугу, хіба што пакаяцца з учынкаў сваіх.

і дзяцей яе пакараю смерцю. І ўведаюць усе цэрквы, што Я — Той, Хто вывярае ныркі і сэрцы, і дам вам кожнаму паводле вашых учынкаў.
 
І дзеці ейныя заб’ю сьмерцяй, і даведаюцца ўсі цэрквы, што Я дасьлядую ныркі й сэрцы; і дам вам кажнаму подле ўчынкаў вашых.

Вам жа кажу [і] астатнім у Фіятыры, усім, хто не мае гэтага вучэння, [і] хто не спазнаў, як кажуць, сатанінскіх глыбіняў: не накладаю на вас іншага цяжару;
 
Але вам, засталым у Тыятыры, каторыя ня маюць гзтае навукі, каторыя не пазналі глыбіняў шайтанскіх, як кажуць, кажу, што не накіну на вас якога-колечы іншага цяжару;

толькі тое, што маеце, цвёрда трымайце, пакуль прыйду.
 
Што, адылі маеце, дзяржыце, пакуль прыйду.

А пераможцу і таму, хто выконвае Мае справы да канца, дам яму ўладу над народамі8,
 
А хто перамагае й дзяржыць учынкі Мае аж да канца, таму дам уладу над народамі,

і ён будзе пасвіць іх жалезным жазлом: як начынне глінянае, яны будуць раструшчаны, —
 
І ён будзе пасьціць іх прутом зялезным, як і Я адзяржаў ад Айца Свайго: як судзьдзе ганчарскае яны паб’юцца.

як і Я атрымаў уладу ад Майго Бацькі — і дам яму ранішнюю зорку.
 
І дам яму зорку ранічную.

Хто мае вуха, няхай пачуе, што Дух кажа цэрквам.
 
Хто мае вуха, няхай чуе, што Дух кажа цэрквам".