Адкрыцьцё 15 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

І я ўбачыў іншы знак на небе, вялікі і дзіўны: сем Анёлаў, якія мелі сем напасцяў, апошніх, бо імі канчаўся гнеў Божы.
 
І бачыў я іншы знак на небе, вялікі й чудоўны — сямёх ангілаў, каторыя мелі сем апошніх боляк, бо імі канчаўся гнеў Божы.

І я ўбачыў як бы шкляное мора, змяшанае з агнём, і тых, хто перамог звера і яго вобраз, [і яго кляймо], і лік яго імя; яны стаялі на шкляным моры, трымаючы арфы Божыя.
 
І бачыў я быццам шкляное мора, зьмешанае з агнём; і тыя, што перамаглі зьвера, і абраз ягоны, і знак ягоны, і лік імёнаў ягоных, стаяць на гэтым шкляным мору, дзержачы гарпы Божыя,

І яны спяваюць песню Маісея, слугі Божага, і песню Агнеца, кажучы: Вялікія і дзіўныя ўчынкі Твае, Госпадзе Божа Усемагутны, справядлівыя і праўдзівыя Твае дарогі, Цару народаў33.
 
І пяюць песьню Масеяву, нявольніка Божага, і песьню Баранчыкаву, кажучы: «Вялікія а чудоўныя ўчынкі Твае, Спадару Божа Ўсемагучы! справядлівыя а праўдзівыя дарогі Твае, Каролю народаў!

Хто не збаіцца [Цябе], Госпадзе, і не праславіць Твайго імя? Бо Ты адзіны святы, бо ўсе народы прыйдуць і ўпадуць ніцма перад Табою, бо адкрыліся Твае справядлівыя прысуды.
 
Хто не збаіцца Цябе, Спадару, і ня ўславе імені Твайго? бо Ты адзіны сьвяты, бо ўсі народы прыйдуць і паклоняцца перад Табою, бо зьявіліся суды Твае».

І пасля гэтага я ўбачыў: і быў адчынены храм скініі сведчання на небе,
 
І просьле гэтага я глянуў, і вось, адчыніўся дом вітальні сьветчаньня на небе.

і выйшлі з храма сем Анёлаў, якія мелі сем напасцяў, апранутыя ў чысты светлы лён і апаясаныя па грудзях залатымі паясамі.
 
І вышла з дому сямёх ангілаў, што мелі сем болькаў, адзеўшыся ў чыстую сьветлую ляньніну і паперазаўшыся па грудзёх залатымі паясамі.

І адна з чатырох жывых істотаў дала сямі Анёлам сем залатых чашаў, напоўненых гневам Бога, Які жыве векі вечныя.
 
І адно з чатырох жывых стварэньняў дало сямём ангілам сем залатых чараў, поўных гневу Бога, Каторы жывець на векі вякоў.

І храм напоўніўся дымам ад славы Божай і ад Яго сілы, і ніхто не мог увайсці ў храм, пакуль не скончацца сем напасцяў сямі Анёлаў.
 
І напоўніўся дом дымам ад славы Божае і ад сілы Ягонае, і ніхто ня мог увыйсьці да дому, пакуль ня скончацца сем болькаў сямёх ангілаў.