Адкрыцьцё 2 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Анёлу Касцёла ў Эфесе напішы: Так кажа той, хто трымае сем зорак у сваёй правіцы, хто ходзіць сярод сямі залатых свечнікаў.
 
Анёлу Эфэскай царквы напішы: так кажа Той, Хто трымае сем зорак у правіцы Сваёй, Хто ходзіць сярод сямі залатых сьветачаў:

Ведаю твае справы, тваю працу, тваю цярплівасць і тое, што ты не можаш зносіць злых, і выпрабаваў тых, хто называе сябе апосталамі, але імі не з’яўляюцца, і выкрыў, што яны ашуканцы.
 
«ведаю дзеі твае і працу тваю, і цярплівасьць тваю, і тое, што ты ня можаш трываць распусных, і выпрабаваў тых, якія называюць сябе апосталамі, а яны не такія, і выявіў, што яны хлусы;

Ты маеш цярплівасць і пакутаваў дзеля імя Майго, і не знямогся.
 
ты шмат перажываў і маеш цярплівасьць, і на імя Маё працаваў і не зьнемагаў.

Але маю супраць цябе тое, што ты пакінуў першую любоў.
 
Але маю супроць цябе тое, што ты занядбаў першую любоў тваю.

Таму згадай, адкуль ты ўпаў, і пакайся. Рабі так, як ты рабіў спачатку. Калі не, то Я прыйду да цябе і зрушу твой свечнік з яго месца, калі ты не пакаешся.
 
Дык узгадай, адкуль ты ўпаў, і пакайся, і рабі ранейшыя ўчынкі; а калі ня так, дык неўзабаве прыйду да цябе і зрушу сьветач твой зь месца ягонага, як не пакаешся.

Але добра тое, што ты ненавідзіш учынкі нікалаітаў, якія і Я ненавіджу.
 
Аднак тое ў табе добрае, што ненавідзіш ты дзеі Мікалаітаў, якія і Я ненавіджу.

Хто мае вушы, няхай пачуе, што кажа Дух Касцёлам. Пераможцу дам есці з дрэва жыцця, што ў раі Бога.
 
Хто мае вуха, хай чуе, што Дух кажа цэрквам: хто перамагае, таму дам паспытаць ад дрэва жыцьця, што сярод раю Божага».

Анёлу Касцёла ў Смірне напішы: Так кажа Першы і Апошні, які быў мёртвы, але ажыў:
 
І анёлу Сьмірненскай царквы напішы: «Так кажа Першы і Апошні, Які быў мёртвы і вось, жывы:

Я ведаю пра твой уціск і ўбоства, але ты багаты; ведаю пра блюзнерствы тых, хто называе сябе юдэямі, аднак не з’яўляюцца імі, але сінагогаю сатаны.
 
ведаю твае дзеі, і скруху, і галечу, — але ж ты багаты, — і праклёны ад тых, якія кажуць пра сябе, што яны Юдэі; але яны не такія, а зборня сатанінская.

Не бойся таго, што павінен выцерпець. Вось д’ябал збіраецца кінуць некаторых з вас у вязніцу, каб вы зведалі выпрабаванне. І будзеце зносіць уціск дзесяць дзён. Будзь верны аж да смерці, і Я дам табе вянок жыцця.
 
Ня бойся нічога, што табе выпадзе перацярпець. Вось, д’ябал будзе ўкідаць з асяродзьдзя вас у цямніцу, каб спакусіць вас, і будзеце мець скруху дзён дзесяць. Будзь верны да сьмерці, і дам табе вянок жыцьця.

Хто мае вушы, няхай пачуе, што кажа Дух Касцёлам. Пераможца напэўна не зазнае шкоды ад другой смерці.
 
Хто мае вуха (каб чуць), хай чуе, што Дух кажа цэрквам: пераможца не зазнае шкоды ад другое сьмерці».

Анёлу Касцёла ў Пергаме напішы: Так кажа той, хто мае востры двухбаковы меч.
 
І анёлу Пергамскай царквы напішы: «Так кажа Той, Хто мае востры з двух бакоў меч:

Я ведаю, дзе ты жывеш: там, дзе трон сатаны, хоць трымаешся імені Майго і не адмовіўся ад веры ў Мяне, нават у дні, калі Мой верны сведка Антыпа быў забіты ў вас, дзе жыве сатана.
 
ведаючы твае дзеі, і што ты жывеш там, дзе трон сатаны, і што трымаеш імя Маё, і ня зрокся веры Мае нават у тыя дні, калі ў вас, дзе жыве сатана, забіты верны сьведка Мой Анціпа.

Але Я маю крыху супраць цябе, бо там ёсць тыя, хто трымаецца вучэння Балаама, які навучыў Балаака стварыць спакусу для сыноў Ізраэля, каб яны спажывалі ахвярапрынашэнні ідалам і распуснічалі.
 
Але маю крыху супроць цябе, бо ёсьць у цябе там такія, што трымаюцца вучэньня Валаама, які навучыў Валака ўвесьці ў спакусу сыноў Ізраілевых, каб яны елі ідалаахвярнае і любаблуднічалі.

Таксама ў цябе ёсць тыя, хто падобна трымаецца вучэння нікалаітаў.
 
Так і ў цябе ёсьць прыхільнікі вучэньня Мікалаітаў, якое Я ненавіджу.

Таму апамятайся. У адваротным выпадку Я хутка прыйду да цябе і буду ваяваць з імі мячом Маіх вуснаў.
 
Пакайся; а калі ня так, неўзабаве прыйду да цябе і ўступлю зь імі ў бой мечам вуснаў Маіх.

Хто мае вушы, няхай пачуе, што кажа Дух Касцёлам. Пераможцу дам укрытую манну і белы каменьчык, а на каменьчыку будзе напісана новае імя, якога не ведае ніхто, акрамя таго, хто яго атрымлівае.
 
Хто мае вуха (каб чуць), хай чуе, што Дух кажа цэрквам: пераможцу дам спажываць патаемную манну, і дам яму белы камень і на камені напісанае новае імя, якога ніхто ня ведае, акрамя таго, хто атрымлівае».

Анёлу Касцёла ў Тыятыры напішы: Так кажа Сын Божы, які мае вочы, быццам полымя агню, а ногі Яго падобны да бліскучай бронзы.
 
І анёлу Фіятырскай царквы напішы: «Так кажа Сын Божы, у Якога вочы — як полымя вогненнае, і ногі падобныя да халкалівану:

Я ведаю твае справы, любоў, веру, служэнне і тваю цярплівасць, і апошнія ўчынкі твае большыя за першыя.
 
ведаю твае дзеі, і любоў, і служэньне, і веру, і цярплівасьць тваю, і тое, што апошнія дзеі твае большыя за першыя.

Але Я маю супраць цябе тое, што ты дапускаеш жанчыну Ізабэль, якая называе сябе прарочыцай, навучае і зводзіць Маіх слугаў, каб чыніць распусту і спажываць ахвярапрынашэнні ідалам.
 
Але маю крыху супроць цябе, бо ты патураеш жонцы Езавэлі, якая сябе называе прарочыцай, навучаць і зводзіць у зман рабоў Маіх, любаблуднічаць і есьці ідалаахвярнае.

Я даў ёй час апамятацца, але яна не хоча адвярнуцца ад сваёй распусты.
 
Я даў ёй часу пакаяцца ў распусьце яе, але яна не пакаялася.

Вось кіну яе на ложа, а тых, хто распуснічае з ёю, аддам пад вялікі ўціск, калі не адвернуцца ад сваіх справаў.
 
Вось, Я кідаю яе на ложак і тых, што ў распусьце зь ёю, у вялікую скруху, калі не пакаюцца ў дзеях сваіх.

Дзяцей яе знішчу смерцю. І пазнаюць усе Касцёлы, што Я той, хто даследуе нутро і сэрцы. Я адплачу кожнаму з вас паводле ягоных учынкаў.
 
І дзяцей яе аддам сьмерці, і зразумеюць усе цэрквы, што Я Той, Хто выпрабоўвае сэрцы і вантробы; і аддам кожнаму з вас паводле ўчынкаў вашых.

Кажу ўсім вам, астатнім у Тыятыры, хто не мае гэтага вучэння і хто не пазнаў, як кажуць, глыбіняў сатаны, што Я не ўскладу на вас іншага цяжару.
 
А вам і астатнім, хто ў Фіятыры, якія ня трымаюцца гэтага вучэньня і якія ня ведаюць так званых глыбіняў сатанінскіх, кажу, што не ўскладу на вас іншага цяжару;

Але тое, што маеце, захоўвайце, пакуль не прыйду.
 
толькі тое, што маеце, трымайце, пакуль прыйду.

Хто пераможа і захавае да канца ўчынкі Мае, таму дам уладу над народамі,
 
Хто перамагае і захоўвае дзеі Мае да канца, таму дам уладу над язычнікамі,

і ён будзе пасвіць іх жалезным кіем;як гліняны посуд яны будуць разбітыя.
 
і будзе пасьвіць іх жазлом жалезным; і, як посуд гліняны, яны скрышацца, як і Я атрымаў уладу ад Айца Майго;

І як узяў Я ад Айца Майго, так і яму дам ранішнюю зорку.
 
і дам яму зорку золкавую.

Хто мае вушы, няхай пачуе, што кажа Дух Касцёлам.
 
Хто мае вуха (каб чуць), хай чуе, што Дух кажа цэрквам».