Адкрыцьцё 19 разьдзел
Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Васіля Сёмухі
Пасля гэтага я пачуў у небе моцны голас, як бы вялікага мноства людзей, якія казалі: «Аллелюя!Збаўленне і слава, і моц Богу нашаму,
Пасьля гэтага я пачуў на небе гучны голас як бы вялікага мноства людзей, які гаварыў: алілуія! збавеньне і слава, і гонар і сіла Госпаду нашаму,
бо праўдзівыя і справядлівыя прысуды Ягоныя;бо Ён асудзіў вялікую распусніцу, якая нішчыла зямлю сваёй распустай, і спагнаў кроў слугаў сваіх з яе рукі!»
бо праўдзівыя і справядлівыя суды Ягоныя! бо Ён асудзіў тую вялікую любадзейку, якая разбэсьціла зямлю любадзействам сваім, і зыскаў за кроў рабоў Сваіх ад рукі яе.
І другі раз сказалі: «Аллелюя! Дым яе ўзносіцца на векі вечныя!»
І другі раз сказалі: алілуія! І дым ад яе паўставаў на векі вечныя!
Тады ўпалі дваццаць чатыры старэйшыны і чатыры жывыя істоты і пакланіліся Богу, які сядзіць на троне, кажучы: «Амэн. Аллелюя».
Тады дваццаць чатыры старцы і чатыры жывыя істоты ўпалі і пакланіліся Богу, Які на троне сядзіць, кажучы: амін, алілуія!
Ад трона выйшаў голас, які казаў: «Хваліце Бога нашага, усе слугі Ягоныя і тыя,хто Яго баіцца, малыя і вялікія!»
І голас з трона зышоў, кажучы: хвалеце Бога нашага, усе рабы Ягоныя і хто баіцца Яго, малыя і вялікія!
І я пачуў як бы шум вялікага натоўпу, як бы гул вялікіх водаў, як бы голас магутных грымотаў, што казалі: «Аллелюя,бо запанаваў Пан Бог наш усемагутны.
І чуў я нібы голас вялікага мноства людзей, нібы шум водаў многіх, нібы голас грымотаў моцных, якія казалі: алілуія! бо заваладарыў Гасподзь Бог Усеўладны.
Будзем весяліцца, і радавацца, і праслаўляць Яго,таму што настала вяселле Баранка,і падрыхтавалася жонка Ягоная.
Парадуймася і ўсьцешмася і ўзьнясёмце Яму славу; бо настала вясельле Ягняці, і жонка Ягоная падрыхтавала сябе.
Ёй дазволена апрануцца ў бліскучы чысты тонкі лён, бо тонкі лён — гэта справядлівыя ўчынкі святых».
І дадзена было ёй апрануцца ў вісон чысты і сьветлы; а вісон ёсьць праведнасьць сьвятых.
Анёл сказаў мне: «Напішы: шчаслівыя пакліканыя на вясельную вячэру Баранка!» І дадаў: «Гэта праўдзівыя словы Бога».
І сказаў мне анёл: напішы: дабрашчасьнікі — пакліканыя на вясельную вячэру Ягняці. І сказаў мне: гэта — сапраўдныя словы Божыя.
Я ўпаў да ягоных ног, каб пакланіцца яму, але ён сказаў мне: «Не рабі гэтага! Я такі ж слуга, як ты і браты твае, што маюць сведчанне Езуса. Богу пакланіся, бо сведчанне Езуса — дух прарочы».
Я ўпаў да ног ягоных, каб пакланіцца яму: але ён сказаў мне: глядзі, не рабі гэтага; я саслужнік табе і братам тваім, якія маюць сьведчаньне Ісусава; Богу пакланіся, бо сьведчаньне Ісусава ёсьць дух прароцтва.
Затым я ўбачыў адкрытае неба: і вось, белы конь, а той, хто сядзіць на ім, завецца Верным і Праўдзівым, і ў справядлівасці Ён судзіць і змагаецца.
І ўгледзеў я адчыненае неба, і вось конь белы, і верхавец ягоны называецца Верны і Праўдзівы, Які праведна судзіць і ваюе.
Вочы ж Яго — як полымя агню, а на галаве Яго — шматлікія дыядэмы. Ён мае напісанае імя, якога не ведае ніхто, акрамя Яго.
Вочы ў Яго як полымя вогненнае, і на галаве ў Яго многа дыядэмаў; Ён меў імя напісанае, якога ніхто ня ведаў, акрамя Яго Самога;
Ён апрануты ў плашч, абмыты ў крыві, а імя Яго — Слова Бога.
Ён быў апрануты ў адзеньне акрываўленае. Імя Яму: Слова Божае.
Яму спадарожнічалі нябесныя войскі на белых конях, апранутыя ў чысты белы тонкі лён.
І войскі нябесныя ішлі сьледам за Ім на конях белых, апранутыя ў вісон белы і чысты.
З Ягоных вуснаў выходзіць востры меч, каб удараць народы. Ён сам будзе пасвіць іх жалезным кіем. Ён сам топча давіла з віном лютага гневу Бога ўсемагутнага.
А з вуснаў Ягоных выходзіць востры меч, каб ім пасякаць народы. Ён пас іх жазлом жалезным; Ён топча чавільню віна лютасьці і гневу Бога Ўсеўладнага.
А на плашчы і на сцягне Ягоным напісана: Кароль каралёў і Валадар валадароў.
На адзеньні і на сьцягне ў Яго напісана імя: Цар цароў і Гасподзь тых, што валадарыць.
Таксама я ўбачыў аднаго анёла, які стаяў у сонцы і гучна ўсклікаў усім птушкам, якія лётаюць пасярод неба: «Хадзіце, збярыцеся на вялікую вячэру Бога,
І ўгледзеў я аднаго анёла, які стаяў на сонцы; і ён усклікнуў гучным голасам, кажучы ўсім птушкам, што лёталі пасярэдзіне неба: ляцеце, зьбірайцеся на вялікую вячэру Божую,
каб з’есці целы каралёў, целы тысячнікаў, целы моцных і целы коней разам з іх вершнікамі, і целы ўсіх свабодных і нявольнікаў, малых і вялікіх».
каб пажэрці трупы цароў, трупы моцных, трупы тысячнікаў, трупы коней і верхаўцоў, трупы ўсіх вольнікаў і рабоў, і малых і вялікіх.
Убачыў я звера, каралёў зямлі і іх войскі, сабраныя, каб распачаць вайну з тым, хто сядзіць на кані, і з Ягоным войскам.
І ўгледзеў я зьвера і цароў зямных і войскі іхнія, сабраныя, каб змагацца зь Верхаўцом і з войскам Ягоным.
Аднак звер быў схоплены, а разам з ім і фальшывы прарок, які чыніў перад ім знакі, з дапамогай якіх зводзіў тых, што прынялі кляймо звера і пакланяліся яго вобразу. Абодва былі жыўцом кінутыя ў вогненнае возера з палаючай серай.
І схоплены быў зьвер і зь ім ілжэпрарок, што чыніў дзівосы перад ім, якімі ён зьвёў тых, што прынялі кляймо зьвера і пакланяліся ягонай выяве: абодва жыўцом укінуты ў возера вогненнае, што гарэла серкай,
Астатнія ж былі забітыя мячом, які выходзіў з вуснаў таго, хто сядзеў на кані, і ўсе птушкі насыціліся іхнімі целамі.
а астатнія забітыя мечам Верхаўцовым, што выходзіў з вуснаў Ягоных; і ўсе птушкі накарміліся іхнімі трупамі.