Адкрыцьцё 20 разьдзел
Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Васіля Сёмухі
Затым я ўбачыў анёла, які сыходзіў з неба і меў ключ ад бездані і вялікі ланцуг у сваёй руцэ.
І ўгледзеў я анёла, што сыходзіў зь неба, які меў ключ да бездані і вялікі ланцуг у сваёй руцэ.
Ён схапіў цмока, змея старадаўняга, які ёсць д’яблам і сатаною, і звязаў яго на тысячу гадоў.
Ён узяў цмока, зьмея адвечнага, які ёсьць д’ябал і сатана і скаваў яго на тысячу гадоў,
Укінуў яго ў бездань, замкнуў і апячатаў яе, каб не зводзіў больш народы, пакуль не пройдзе тысяча гадоў. А пасля гэтага ён павінен быць развязаны на кароткі час.
і ўкінуў яго ў бездань, і ўвязьніў яго, і паклаў над ім пячатку, каб ня зводзіў ужо народы, пакуль ня мінецца тысяча гадоў; а пасьля гэтага ён павінен быць вызвалены на кароткі час.
Я ўбачыў таксама троны і тых, хто сядзеў на іх і каму дадзена было судзіць, і душы сцятых за сведчанне Езуса і за Божае слова. Яны не пакланіліся зверу, ні вобразу ягонаму, і не прынялі кляйма на сваё чало і на сваю руку. Яны ажылі і пачалі валадарыць з Хрыстом тысячу гадоў.
І ўгледзеў я троны і тых, што сядзелі на іх, якім дадзена было судзіць, і душы абезгалоўленых за сьведчаньне Ісуса і за слова Божае, якія не пакланіліся зьверу, ні вобразу ягонаму, і не прынялі кляйма на лоб свой і на руку сваю. Яны ажылі і валадарылі з Хрыстом тысячу гадоў;
А іншыя памерлыя не ажылі, пакуль не прайшло тысяча гадоў. Гэта першае ўваскрашэнне.
а рэшта памерлых не ажылі, пакуль ня мінецца тысяча гадоў. Гэта — першае ўваскрэсеньне.
Шчаслівы і святы той, хто мае ўдзел у першым уваскрашэнні! Другая смерць не будзе мець над імі ўлады, бо яны будуць святарамі Бога і Хрыста і будуць валадарыць з Ім тысячу гадоў.
Дабрашчасны і сьвяты, хто мае ўдзел ва ўваскрэсеньні першым: над імі сьмерць другая ня мае ўлады, але яны будуць сьвятарамі Бога і Хрыста і будуць валадарыць зь Ім тысячу гадоў.
Калі ж міне тысяча гадоў, сатана будзе выпушчаны са сваёй вязніцы,
А як мінецца тысяча гадоў, сатана будзе вызвалены зь цямніцы сваёй і выйдзе ўводзіць у змусту народы на чатырох кутах зямлі, Гога і Магога, і зьбіраць іх на бітву; лік іхні — як пясок марскі.
і выйдзе зводзіць народы на чатырох канцах зямлі, Гога і Магога, каб сабраць іх на бітву, а лік іх — як марскіх пяшчынак.
І выйшлі на шырыню зямлі і аблажылі табар сьвятых і горад любасны.
Яны выйшлі на прастору зямлі і акружылі лагер святых і ўмілаваны горад. Аднак з неба сышоў агонь і паглынуў іх.
І ўпаў вагонь зь неба ад Бога і зжэр іх;
А д’ябал, які зводзіў іх, быў кінуты ў возера агню і серы, дзе і звер, і фальшывы прарок будуць мучыцца днём і ноччу на векі вякоў.
а д’ябал, які зводзіў іх, укінуты ў возера вогненнае і сернае, дзе зьвер і ілжэпрарок, і будуць пакутаваць дзень і ноч ва векі вечныя.
Затым убачыў я вялікі белы трон і таго, хто сядзеў на ім, і ад аблічча якога ўцякалі неба і зямля, і не знайшлося ім месца.
І ўгледзеў я вялікі белы трон і Таго, Хто сядзеў на ім, ад аблічча Якога ўцякала неба і зямля, і не знайшлося ім месца.
Я ўбачыў памерлых, малых і вялікіх, якія стаялі перад тронам, і кнігі былі разгорнутыя. Разгарнулася таксама іншая кніга — кніга жыцця. Памерлыя былі асуджаны згодна з напісаным у кнігах, паводле іхніх учынкаў.
І ўгледзеў я мёртвых, малых і вялікіх, якія стаялі перад Богам, і кнігі разгорнутыя былі; і іншая кніга разгорнутая, якая ёсьць кніга жыцьця; і суджаны былі мёртвыя, згодна з напісаным у кнігах, паводле ўчынкаў сваіх.
Тады мора аддало памерлых, якія былі ў ім, і смерць, і адхлань аддалі памерлых, якія былі ў іх. І судзілі кожнага паводле ягоных учынкаў.
Тады аддало мора мёртвых, што былі ў ім, і сьмерць і пекла аддалі мёртвых, якія былі ў іх; і суджаны быў кожны паводле ўчынкаў сваіх,
А смерць і адхлань былі ўкінутыя ў вогненнае возера. Вогненнае возера — гэта другая смерць.
і сьмерць і пекла ўкінуты ў возера вогненнае. Гэта — сьмерць другая.
Калі некага не знайшлі запісаным у кнізе жыцця, той быў укінуты ў вогненнае возера.
І хто ня быў запісаны ў кнізе жыцьця, той быў укінуты ў возера вогненнае.