Адкрыцьцё 20 разьдзел
Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Васіля Сёмухі
І ўбачыў я Ангела, зыходзячы з не́ба, які ме́ў ключ ад бяздоньня і ланцу́г вялікі ў руцэ сваёй.
І ўгледзеў я анёла, што сыходзіў зь неба, які меў ключ да бездані і вялікі ланцуг у сваёй руцэ.
І схапіў ён зьме́я, вужаку адве́чнага, што ёсьць д’ябал і сатана́, ды спутаў яго на тысячу гадоў,
Ён узяў цмока, зьмея адвечнага, які ёсьць д’ябал і сатана і скаваў яго на тысячу гадоў,
і кінуў яго ў бяздоньне, і замкнуў яго ды прыпячатаў зьве́рху, каб ня зводзіў больш народаў, пакуль ня скончыцца тысяча гадоў; а пасьля гэтага мусіць быць разьвязаны на нядоўгі час.
і ўкінуў яго ў бездань, і ўвязьніў яго, і паклаў над ім пячатку, каб ня зводзіў ужо народы, пакуль ня мінецца тысяча гадоў; а пасьля гэтага ён павінен быць вызвалены на кароткі час.
І ўгле́дзіў я пасады, і пасядалі на іх, і быў ім дадзены суд; і ду́шы сьця́тых за сьве́дчаньне Ісусавае і за слова Божае, і тых, што не пакланіліся зьве́ру ды абразу́ ягонаму і ня прынялі кляйма́ на лоб свой ані на руку сваю; і ажылі і панавалі з Хрыстом тысячу гадоў.
І ўгледзеў я троны і тых, што сядзелі на іх, якім дадзена было судзіць, і душы абезгалоўленых за сьведчаньне Ісуса і за слова Божае, якія не пакланіліся зьверу, ні вобразу ягонаму, і не прынялі кляйма на лоб свой і на руку сваю. Яны ажылі і валадарылі з Хрыстом тысячу гадоў;
Рэшта-ж паме́ршых не ажы́ла, пакуль ня скончыцца тысяча гадоў. Гэта пе́ршае ўскрасе́ньне.
а рэшта памерлых не ажылі, пакуль ня мінецца тысяча гадоў. Гэта — першае ўваскрэсеньне.
Шчасьлівы й сьвяты той, хто ма́е частку ў пе́ршым ускрасе́ньні: над імі сьме́рць паўторная ня ма́е ўлады, але будуць яны сьвяшчэньнікамі Бога і Хрыста ды панава́цімуць з Ім тысячу гадоў.
Дабрашчасны і сьвяты, хто мае ўдзел ва ўваскрэсеньні першым: над імі сьмерць другая ня мае ўлады, але яны будуць сьвятарамі Бога і Хрыста і будуць валадарыць зь Ім тысячу гадоў.
І, як скончыцца тысяча гадоў, вы́зваліцца сатана із вязьніцы сваёй
А як мінецца тысяча гадоў, сатана будзе вызвалены зь цямніцы сваёй і выйдзе ўводзіць у змусту народы на чатырох кутах зямлі, Гога і Магога, і зьбіраць іх на бітву; лік іхні — як пясок марскі.
і выйдзе звадзіць народы на чатырох кутох зямлі, Гога і Магога, ды зьбіраць іх на вайну; лічба-ж іх, як пясок у моры.
І выйшлі на шырыню зямлі і аблажылі табар сьвятых і горад любасны.
І выйшлі на шырыню зямлі ды акружылі табор сьвятых і ме́ста ўлю́бленае; і зыйшоў ад Бога агонь з не́ба ды зжор іх.
І ўпаў вагонь зь неба ад Бога і зжэр іх;
І д’ябал, што зьвёў іх, быў кінены ў возера агністае ды се́ркавае, дзе́ і зьве́р, і фальшывы прарок; і будуць яны мучыцца ўдзе́нь і ўначы на ве́чныя вякí.
а д’ябал, які зводзіў іх, укінуты ў возера вогненнае і сернае, дзе зьвер і ілжэпрарок, і будуць пакутаваць дзень і ноч ва векі вечныя.
І ўбачыў я вялікі бе́лы пасад і Сідзя́чага на ім, ад аблічча Якога ўцякла зямля і не́ба, і не знайшлося ме́сца для іх.
І ўгледзеў я вялікі белы трон і Таго, Хто сядзеў на ім, ад аблічча Якога ўцякала неба і зямля, і не знайшлося ім месца.
І ўбачыў нябожчыкаў, малых ды вялікіх, стоячы перад Богам, і былі разгорнены кнігі; і разгарнулі іншую кнігу, што ёсьць жыцьця, і су́джаны былі мёртвыя, як напісана ў кнігах, паводле ўчынкаў іхніх.
І ўгледзеў я мёртвых, малых і вялікіх, якія стаялі перад Богам, і кнігі разгорнутыя былі; і іншая кніга разгорнутая, якая ёсьць кніга жыцьця; і суджаны былі мёртвыя, згодна з напісаным у кнігах, паводле ўчынкаў сваіх.
І аддала мора нябожчыкаў, што ў ім, і сьме́рць ды пе́кла аддалі нябожчыкаў, што ў іх; і суджаны быў кожны паводле ўчынкаў сваіх.
Тады аддало мора мёртвых, што былі ў ім, і сьмерць і пекла аддалі мёртвых, якія былі ў іх; і суджаны быў кожны паводле ўчынкаў сваіх,
А сьме́рць і пе́кла кінены ў возера вагністае. Гэта другая сьме́рць.
і сьмерць і пекла ўкінуты ў возера вогненнае. Гэта — сьмерць другая.
І каго не знаходзілі запісанага ў кнізе жыцьця, кідалі яго ў возера вагністае.
І хто ня быў запісаны ў кнізе жыцьця, той быў укінуты ў возера вогненнае.