Адкрыцьцё 2 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Ангелу Эфэскае царквы́ напішы: Вось што кажа Той, што дзяржы́ць се́м зорак у правай руцэ сваёй ды што ходзе сярод сямёх залатых сьве́тачаў:
 
Анёлу Эфэскай царквы напішы: так кажа Той, Хто трымае сем зорак у правіцы Сваёй, Хто ходзіць сярод сямі залатых сьветачаў:

Ве́даю ўчынкі тваі і труд твой і цярплівасьць тваю, ды што ня можаш сьцярпе́ць нягоднікаў і дасьве́дчыў тых, што называюць сябе́ апосталамі і ня ёсьць, ды знайшоў іх брахунамі,
 
«ведаю дзеі твае і працу тваю, і цярплівасьць тваю, і тое, што ты ня можаш трываць распусных, і выпрабаваў тых, якія называюць сябе апосталамі, а яны не такія, і выявіў, што яны хлусы;

і пакутаваў, і маеш цярплівасьць, ды дзеля іме́ньня Майго трудзіўся й не зьнямогся.
 
ты шмат перажываў і маеш цярплівасьць, і на імя Маё працаваў і не зьнемагаў.

Але маю проці цябе́ тое, што пакінуў ты пе́ршую любоў тваю.
 
Але маю супроць цябе тое, што ты занядбаў першую любоў тваю.

Дык прыпомні, скуль выпаў, і пака́йся ды рабі пе́ршыя дзелы твае́; калі-ж не́, дык хутка прыйду да цябе́ і зрушу сьве́тач твой з ме́сца ягонага, калі не пакаешся.
 
Дык узгадай, адкуль ты ўпаў, і пакайся, і рабі ранейшыя ўчынкі; а калі ня так, дык неўзабаве прыйду да цябе і зрушу сьветач твой зь месца ягонага, як не пакаешся.

Адно тое маеш, што ненавідзіш дзелы́ Мікалаітаў, якія й Я ненавіджу.
 
Аднак тое ў табе добрае, што ненавідзіш ты дзеі Мікалаітаў, якія і Я ненавіджу.

Хто ма́е вуха, слухай, што Дух цэрквам гавора: хто пераможа, дам таму спажываці ад дрэва жыцьця, што пасярод раю Божага.
 
Хто мае вуха, хай чуе, што Дух кажа цэрквам: хто перамагае, таму дам паспытаць ад дрэва жыцьця, што сярод раю Божага».

І ангелу Сьмірнскае царквы́ напішы́: Вось што кажа Пе́ршы й Апошні, што быў паме́ршы і ажыў:
 
І анёлу Сьмірненскай царквы напішы: «Так кажа Першы і Апошні, Які быў мёртвы і вось, жывы:

Ве́даю ўчынкі тваі і тугу й убожства (ты-ж багаты), ды ганьбаваньне ад тых, што называюць сябе́ Жыдамі й ня ёсьць, а ёсьць сынагога сатаны.
 
ведаю твае дзеі, і скруху, і галечу, — але ж ты багаты, — і праклёны ад тых, якія кажуць пра сябе, што яны Юдэі; але яны не такія, а зборня сатанінская.

Ня бойся нічога, што маеш вы́цярпець. Вось, д’ябал маніцца кідаці спаміж вас, каб спакусіць; і зазна́еце гора дзе́сяць дзён. Будзь ве́рны да сьме́рці, і дам табе́ вянок жыцьця.
 
Ня бойся нічога, што табе выпадзе перацярпець. Вось, д’ябал будзе ўкідаць з асяродзьдзя вас у цямніцу, каб спакусіць вас, і будзеце мець скруху дзён дзесяць. Будзь верны да сьмерці, і дам табе вянок жыцьця.

Хто ма́е вуха, слухай, што Дух цэрквам гавора: Хто пераможа, не дазна́е крыўды ад паўторнае сьме́рці.
 
Хто мае вуха (каб чуць), хай чуе, што Дух кажа цэрквам: пераможца не зазнае шкоды ад другое сьмерці».

І ангелу царквы́, што ў Пэргаме, напішы: Вось што кажа Той, што ма́е ме́ч двусе́чны востры:
 
І анёлу Пергамскай царквы напішы: «Так кажа Той, Хто мае востры з двух бакоў меч:

Ве́даю ўчынкі тваі, ды што жыве́ш там, дзе пасад сатаны, і дзяржы́ш імя Мае́ ды не адрокся ад ве́ры Мае́й у тыя дні, калі забіты быў у вас, дзе жыве́ сатана, ве́рны Мой сьве́дка Антыпа.
 
ведаючы твае дзеі, і што ты жывеш там, дзе трон сатаны, і што трымаеш імя Маё, і ня зрокся веры Мае нават у тыя дні, калі ў вас, дзе жыве сатана, забіты верны сьведка Мой Анціпа.

Ды маю проці цябе́ няшмат, бо маеш тамака такіх, што дзяржа́цца навукі Валаама, які навучыў кінуць спакусу перад сынамі Ізраілявымі, каб е́лі жэртвы ідалавыя ды жылі ў блудзе.
 
Але маю крыху супроць цябе, бо ёсьць у цябе там такія, што трымаюцца вучэньня Валаама, які навучыў Валака ўвесьці ў спакусу сыноў Ізраілевых, каб яны елі ідалаахвярнае і любаблуднічалі.

Такжа маеш і ты такіх, што дзяржа́цца навукі Мікалаітаў, якую ненавіджу.
 
Так і ў цябе ёсьць прыхільнікі вучэньня Мікалаітаў, якое Я ненавіджу.

Пакайся: бо як не́, хутка прыйду да цябе́ і ваява́ціму з імі мячом вуснаў Маіх.
 
Пакайся; а калі ня так, неўзабаве прыйду да цябе і ўступлю зь імі ў бой мечам вуснаў Маіх.

Хто ма́е вуха, слухай, што Дух цэрквам гавора: Хто пераможа, дам таму спажываці ад манны ўкрытае і дам яму камень бе́лы й на ка́мені імя новае напісанае, якога ніхто ня ве́дае, толькі хто дастаў.
 
Хто мае вуха (каб чуць), хай чуе, што Дух кажа цэрквам: пераможцу дам спажываць патаемную манну, і дам яму белы камень і на камені напісанае новае імя, якога ніхто ня ведае, акрамя таго, хто атрымлівае».

І Ангелу царквы́ ў Тыаты́ры напішы: Вось што кажа Сын Божы, Які ма́е вочы Свае́, як полымя агністае, а ногі Яго да ме́дзі падобныя: .
 
І анёлу Фіятырскай царквы напішы: «Так кажа Сын Божы, у Якога вочы — як полымя вогненнае, і ногі падобныя да халкалівану:

Ве́даю ўчынкі тваі і любоў, і служэньне, і ве́ру, і цярплівасьць тваю, і ўчынкі тваі, ды што апошніх бале́й, чым пе́ршых.
 
ведаю твае дзеі, і любоў, і служэньне, і веру, і цярплівасьць тваю, і тое, што апошнія дзеі твае большыя за першыя.

Але маю крыху проці цябе́: бо дае́ш жанчыне Езаве́лі, што называе сябе́ прарочыцай, вучыць і баламуціць рабоў маіх, жыць распусна ды е́сьці жэртвы ідалавыя.
 
Але маю крыху супроць цябе, бо ты патураеш жонцы Езавэлі, якая сябе называе прарочыцай, навучаць і зводзіць у зман рабоў Маіх, любаблуднічаць і есьці ідалаахвярнае.

І даў Я е́й час, каб пакаялася ў распусьце сваёй, ды не пакаялася.
 
Я даў ёй часу пакаяцца ў распусьце яе, але яна не пакаялася.

Вось я кідаю яе́ на ложак і палюбоўнікаў яе ў вялікую тугу́, калі не пакаюцца ў дзело́х сваіх.
 
Вось, Я кідаю яе на ложак і тых, што ў распусьце зь ёю, у вялікую скруху, калі не пакаюцца ў дзеях сваіх.

І дзяце́й яе́ на сьме́рць заб’ю. І даве́даюцца ўсе́ цэрквы, што Я ёсьць разьве́дчык нутра й сэрца. І дам вам кожнаму паводле дзе́л вашых.
 
І дзяцей яе аддам сьмерці, і зразумеюць усе цэрквы, што Я Той, Хто выпрабоўвае сэрцы і вантробы; і аддам кожнаму з вас паводле ўчынкаў вашых.

Вам-жа кажу ды рэшце Тыатырцаў, якія ня маюць гэтае навукі і якія не пазналі так-званых глыбіняў Сатаны́, што не ўзвалю на вас іншага цяжару,
 
А вам і астатнім, хто ў Фіятыры, якія ня трымаюцца гэтага вучэньня і якія ня ведаюць так званых глыбіняў сатанінскіх, кажу, што не ўскладу на вас іншага цяжару;

адно тое, што маеце, дзяржы́це, ажно пакуль ня прыду.
 
толькі тое, што маеце, трымайце, пакуль прыйду.

І хто пераможа й пілнаваціме дзелы́ мае́ да канца, таму дам уладу над паганамі,
 
Хто перамагае і захоўвае дзеі Мае да канца, таму дам уладу над язычнікамі,

і будзе пасьвіць іх па́ліцай зяле́знай; як судзьдзе глінянае, пакрышацца яны, як і Я прыняў ад Айца Майго;
 
і будзе пасьвіць іх жазлом жалезным; і, як посуд гліняны, яны скрышацца, як і Я атрымаў уладу ад Айца Майго;

і дам яму зорку ранічную.
 
і дам яму зорку золкавую.

Хто ма́е вуха, слухай, што Дух цэрквам гавора.
 
Хто мае вуха (каб чуць), хай чуе, што Дух кажа цэрквам».