Адкрыцьцё 20 разьдзел
Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Васіля Сёмухі
І ўба́чыў я А́нгела, які сыхо́дзіў з не́ба і меў ключ ад бе́здані і ланцу́г вялíкі ў руцэ́ сваёй.
І ўгледзеў я анёла, што сыходзіў зь неба, які меў ключ да бездані і вялікі ланцуг у сваёй руцэ.
І схапíў ён драко́на, зме́я старажы́тнага, які ёсць дыя́вал і сатана́, і звяза́ў яго на ты́сячу гадо́ў,
Ён узяў цмока, зьмея адвечнага, які ёсьць д’ябал і сатана і скаваў яго на тысячу гадоў,
і ўкíнуў яго ў бе́здань, і замкну́ў яго, і запяча́таў яго зве́рху, каб ён ужо не ўво́дзіў у зман наро́ды, паку́ль не ско́нчыцца ты́сяча гадо́ў; а пасля́ гэтага ён ма́е быць вы́звалены на каро́ткі час.
і ўкінуў яго ў бездань, і ўвязьніў яго, і паклаў над ім пячатку, каб ня зводзіў ужо народы, пакуль ня мінецца тысяча гадоў; а пасьля гэтага ён павінен быць вызвалены на кароткі час.
І ўба́чыў я прасто́лы і тых, што се́лі на іх, і ім да́дзена было́ судзíць, і ўба́чыў ду́шы абезгало́ўленых за све́дчанне Іісуса і за сло́ва Божае, і тых, што не пакланíліся зве́ру і выя́ве яго і не прынялí кляйма́ на лоб свой і на руку́ сваю́. І яны ажылí і ца́рствавалі з Хрыстом ты́сячу гадоў.
І ўгледзеў я троны і тых, што сядзелі на іх, якім дадзена было судзіць, і душы абезгалоўленых за сьведчаньне Ісуса і за слова Божае, якія не пакланіліся зьверу, ні вобразу ягонаму, і не прынялі кляйма на лоб свой і на руку сваю. Яны ажылі і валадарылі з Хрыстом тысячу гадоў;
Аста́тнія ж паме́рлыя не ажылí, паку́ль не ско́нчыцца ты́сяча гадо́ў. Гэта — ўваскрасе́нне пе́ршае.
а рэшта памерлых не ажылі, пакуль ня мінецца тысяча гадоў. Гэта — першае ўваскрэсеньне.
Блажэ́нны і святы́ той, хто ма́е ўдзел ва ўваскрасе́нні пе́ршым: над імі смерць друга́я не ма́е ўла́ды, а бу́дуць яны свяшчэ́ннікамі Бога і Хрыста́ і будуць ца́рстваваць з Ім ты́сячу гадо́ў.
Дабрашчасны і сьвяты, хто мае ўдзел ва ўваскрэсеньні першым: над імі сьмерць другая ня мае ўлады, але яны будуць сьвятарамі Бога і Хрыста і будуць валадарыць зь Ім тысячу гадоў.
І калі ско́нчыцца ты́сяча гадо́ў, то будзе вы́звалены сатана́ з цямнíцы сваёй і вы́йдзе, каб уве́сці ў зман наро́ды на чатыро́х вугла́х зямлí, Го́га і Маго́га, і сабра́ць іх на бíтву; ко́лькасць іх — як пясо́к марскí.
А як мінецца тысяча гадоў, сатана будзе вызвалены зь цямніцы сваёй і выйдзе ўводзіць у змусту народы на чатырох кутах зямлі, Гога і Магога, і зьбіраць іх на бітву; лік іхні — як пясок марскі.
І вы́йшлі яны на абша́ры зямлí і акружы́лі стан святы́х і го́рад узлю́блены.
І выйшлі на шырыню зямлі і аблажылі табар сьвятых і горад любасны.
І ўпаў агонь з не́ба ад Бога і пажэ́р іх.
І ўпаў вагонь зь неба ад Бога і зжэр іх;
А дыя́вал, які ўво́дзіў іх у зман, быў укíнуты ў во́зера во́гненнае і се́рнае, дзе звер і лжэпраро́к, і будуць яны му́чыцца дзень і ноч на ве́кі вяко́ў.
а д’ябал, які зводзіў іх, укінуты ў возера вогненнае і сернае, дзе зьвер і ілжэпрарок, і будуць пакутаваць дзень і ноч ва векі вечныя.
І ўба́чыў я вялíкі бе́лы прасто́л і Таго, Хто сядзíць на ім, ад аблíчча Якога ўцяка́ла не́ба і зямля́, і не знайшло́ся ме́сца ім.
І ўгледзеў я вялікі белы трон і Таго, Хто сядзеў на ім, ад аблічча Якога ўцякала неба і зямля, і не знайшлося ім месца.
І ўба́чыў я мёртвых, малы́х і вялíкіх, што стая́ць перад Богам, і кнíгі былí разго́рнуты; і яшчэ́ адна́ кнíга была́ разго́рнута — кнíга жыцця́; і судзíлі мёртвых згодна з напíсаным у кнíгах, паво́дле ўчы́нкаў іх.
І ўгледзеў я мёртвых, малых і вялікіх, якія стаялі перад Богам, і кнігі разгорнутыя былі; і іншая кніга разгорнутая, якая ёсьць кніга жыцьця; і суджаны былі мёртвыя, згодна з напісаным у кнігах, паводле ўчынкаў сваіх.
І аддало́ мо́ра мёртвых, якія былí ў ім, і смерць і пе́кла аддалí мёртвых, якія былí ў іх; і судзíлі іх, кожнага паво́дле ўчы́нкаў яго.
Тады аддало мора мёртвых, што былі ў ім, і сьмерць і пекла аддалі мёртвых, якія былі ў іх; і суджаны быў кожны паводле ўчынкаў сваіх,
І смерць і пе́кла ўкíнуты былí ў во́зера во́гненнае. Гэта — смерць друга́я.
і сьмерць і пекла ўкінуты ў возера вогненнае. Гэта — сьмерць другая.
І каго не знайшлí запíсаным у кнíзе жыцця́, той укíнуты быў у во́зера во́гненнае.
І хто ня быў запісаны ў кнізе жыцьця, той быў укінуты ў возера вогненнае.