Адкрыцьцё 18 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Потым я ўбачыў іншага анёла, які сыходзіў з неба і меў вялікую ўладу, а зямля асвятлілася ад ягонай славы.
 
Пасьля гэтага ўбачыў я іншага анёла, які сыходзіў зь неба і меў уладу вялікую; зямля асьвятлілася ад славы ягонай.

Ён усклікнуў моцным голасам, кажучы: «Упаў, упаў вялікі Бабілён і стаў жыллём дэманаў і прыстанішчам усякага нячыстага духа, прыстанішчам усякай нячыстай птушкі і прыстанішчам усякага нячыстага звера, што абуджае агіду,
 
І ўсклікнуў ён моцна, гучным голасам кажучы: упаў, упаў, Вавілоне, вялікая блудадзейка, зрабіўся жытлішчам дэманаў і прыстанкам усякаму нячыстаму духу, прыстанкам усякаму нячыстаму і агіднаму птаху; бо шалёным віном блудадзейства свайго яна напаіла ўсе народы;

бо шалёным віном яго распусты напіліся ўсе народы, каралі зямлі чынілі з ім распусту, а купцы зямлі ўзбагаціліся з вялізнай раскошы яго!»
 
і цары зямныя любаблуднічалі зь ёю, і купцы зямныя разбагацелі ад вялікай раскошы яе.

І пачуў я іншы голас, які казаў з неба: «Выйдзі з яго, мой народзе, каб вам не саўдзельнічаць у яго грахах і не пацярпець ад яго бедстваў,
 
І пачуў я іншы голас зь неба, які казаў: выйдзі ад яе, народзе Мой, каб ня ўдзельнічаць вам у грахах яе і не наклікаць пошасьцяў яе;

бо ўзышлі яго грахі аж да неба і згадаў Бог яго правіны.
 
бо грахі яе дайшлі да неба, і Бог узгадаў няпраўды яе.

Адплаціце яму, як і ён адплаціў, і ўдвая аддайце за яго ўчынкі. У келіху, у якім ён гатаваў віно вам, прыгатуйце яму ўдвая.
 
Адплацеце ёй так, як яна плаціла вам, і ўдвая аддайце ёй па ўчынках яе; у чары, у якія яна налівала віно, налеце ёй удвая.

Колькі ён славіў сябе і жыў у раскошы, столькі дайце яму катаванняў і смутку, бо ў сэрцы сваім ён кажа: “Я сяджу як каралева і я не ўдава, і не зазнаю смутку”.
 
Колькі славіла яна сябе і раскашавала, столькі аддайце ёй пакутаў і гора. Бо яна кажа ў сэрцы сваім: сяджу царыцаю, я не ўдава, і ня ўбачу гора!

Дзеля гэтага ў адзін дзень настануць яго бедствы: смерць, смутак і голад, і будзе ён спалены агнём, бо моцны Пан Бог, які асудзіў яго».
 
За тое ў адзін дзень прыйдуць на яе кары, сьмерць і плач і голад, і будзе спалена вагнём, бо моцны Гасподзь Бог, Які судзіць яе.

Тады заплачуць і будуць лямантаваць над ім каралі зямлі, якія распуснічалі з ім і жылі ў раскошы, калі ўбачаць дым ад яго пажару.
 
І заплачуць і загалосяць па ёй цары зямныя, што блудадзеялі і раскашавалі зь ёю, як убачаць дым ад пажару яе,

Стаўшы здалёк ад страху перад яго пакутамі, скажуць: «Гора, гора, вялікі горад Бабілён, моцны горад, бо ў адну гадзіну прыйшоў твой прысуд!»
 
стоячы зводдаль у страху ад пакутаў яе і кажучы: гора, гора табе, вялікі горад Вавілоне, горад моцны! бо ў адначасьсе прыйшоў суд твой!

Купцы зямлі плачуць і смуткуюць над ім, бо ніхто не купляе ўжо іх тавару:
 
І купцы зямныя заплачуць і загалосяць па ёй, бо тавараў іхніх ніхто ўжо ня купляе.

золата, срэбра, каштоўных камянёў і пярлінаў, тонкага лёну, пурпуры, шоўку і пунсовай тканіны, ніякага цытрусавага дрэва і ніякай рэчы са слановай косткі, ніякай рэчы з найдаражэйшага дрэва, медзі, жалеза і мармуру,
 
Тавараў залатых і срэбраных, і камянёў каштоўных і жэмчугу, і вісону і парфіры, і шоўку і пурпуры, і ўсякага пахучага дрэва, і ўсякіх вырабаў са слановай касьці, і ўсякіх вырабаў з дарагіх дрэваў, зь медзі і жалеза і мармуру,

карыцы, амому і духмянасцяў, міра і кадзіла, віна і алею, чыстай пшанічнай мукі і збожжа, жывёл, авечак і коней, павозак, целаў і людскіх душ.
 
карынкі і фіміяму, міры і ладану, і віна і алею, і мукі і пшаніцы, і быдла і авечак, і коней і калясьніц, і целаў і душ чалавечых.

Плод жадання тваёй душы адышоў ад цябе, усё сытае і цудоўнае прапала для цябе, і ты ўжо гэтага ніколі не знойдзеш.
 
І пладоў, што даспадобы душы тваёй, ня стала ў цябе, і ўсё сытае і бліскучае аддалілася ад цябе, — і ты ўжо ня знойдзеш яго.

Купцы, якія ўзбагачаліся з яго, стануць здалёк ад страху перад ягонымі пакутамі,
 
Хто гандляваў усім гэтым, узбагаціўся ад яе, стануць здалёку, у страху ад пакутаў яе, плачучы і галосячы

кажучы з плачам і смуткам: «Гора, гора, вялікі горад, апрануты ў тонкі лён, пурпуру і пунсовыя шаты, упрыгожаны золатам, каштоўным камнем і пярлінамі,
 
і кажучы: гора, гора табе, вялікі горад, адзеты ў вісон і парфіру і пурпуру, аздоблены золатам і камянямі каштоўнымі і жэмчугам,

бо ў адну гадзіну было спустошана такое багацце!» Кожны стырнавы і кожны, хто плыве на караблі, кожны марак і ўсе, хто працуе на моры, сталі здалёк і крычалі,
 
бо ў адначасьсе счэзла такое багацьце! І кормнікі ўсе і кожны, хто плыве на караблях, і ўсе карабельнікі, і ўсе, хто гандлюе на моры, сталі здалёк

убачыўшы дым яго пажару: «Які горад падобны да гэтага вялікага горада?»
 
і, бачачы дым ад пажару яе, залямантавалі, кажучы: які горад падобны вялікаму гораду!

Яны кінулі пыл на свае галовы і крычалі ў плачы і смутку: «Гора, гора, вялікі горад, з дастатку якога ўзбагаціліся ўсе, хто мае караблі на моры, бо за адну гадзіну ён апусцеў!
 
І пасыпалі попелам галовы свае і лямантавалі, плачучы і галосячы: гора, гора табе, горад вялікі, каштоўнасьцямі якога ўзбагаціліся ўсе, хто мае караблі на моры! бо апусьцеў у адначасьсе.

Радуйцеся над ім, неба і святыя, апосталы і прарокі, бо Пан асудзіў яго паводле вашага суда!»
 
Радуйся з гэтага, неба, і сьвятыя апосталы і прарокі, бо ўчыніў Бог суд ваш над ім.

Адзін магутны анёл узяў камень, падобны да вялікіх жорнаў, і ўкінуў у мора, кажучы: «З такою сілаю будзе павалены Бабілён, вялікі горад, і ўжо не будзе яго.
 
І адзін дужы анёл узяў камень, падобны на вялікі жарон, і ўкінуў у мора, кажучы: з такою сілаю будзе павалены Вавілон, вялікі горад, і ўжо ня будзе яго;

Голасу гусляроў і песняроў, флейтыстаў і трубачоў не будзе чутна ў табе больш. Не будзе ўжо ў табе ніводнага мастака ніякага мастацтва, і шуму ад жорнаў не будзе ўжо чутна ў табе.
 
і галасы гусьляроў і песьняроў, і жалейнікаў і тых, што трубяць у трубы, у табе больш чутныя ня будуць; ня будзе ўжо ў табе ніякага мастака, ніякага мастацтва, і шуму ад жорнаў ня будзе ўжо чутно ў табе;

Ужо не з’явіцца ў табе святло лямпы, і голасу абранніка і абранніцы не будзе ўжо чутна ў табе. Бо твае купцы былі вяльможамі зямлі, бо тваім чарадзействам зведзены ўсе народы.
 
і сьвятло сьветача ўжо ня зьявіцца ў табе: бо купцы твае былі вяльможы зямлі, і чарадзействам тваім зьведзены ў зман усе народы.

У табе знойдзена кроў прарокаў, святых і ўсіх забітых на зямлі!»
 
І ў ім знойдзена кроў прарокаў і сьвятых і ўсіх забітых на зямлі.