Адкрыцьцё 19 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Просьле гэтага я чуў быццам вялікі голас вялікага груду на небе, каторы казаў: «Галілуя! спасеньне а слава а магутнасьць Богу нашаму!
 
Пасьля гэтага я пачуў на небе гучны голас як бы вялікага мноства людзей, які гаварыў: алілуія! збавеньне і слава, і гонар і сіла Госпаду нашаму,

Бо праўдзівыя а справядлівыя суды Ягоныя, бо Ён засудзіў тую вялікую бязулю, каторая папсавала зямлю бязулствам сваім, і памсьціў кроў слугаў Сваіх з рукі ейнае».
 
бо праўдзівыя і справядлівыя суды Ягоныя! бо Ён асудзіў тую вялікую любадзейку, якая разбэсьціла зямлю любадзействам сваім, і зыскаў за кроў рабоў Сваіх ад рукі яе.

І ўдругава сказалі: «Галілуя! І дым ейны ўзыходзе на векі вякоў».
 
І другі раз сказалі: алілуія! І дым ад яе паўставаў на векі вечныя!

І дваццаць чатыры старых і чатыры жывыя стварэньні палі а пакланіліся Богу, Каторы сядзіць на пасадзе, кажучы: «Амін! Галілуя!»
 
Тады дваццаць чатыры старцы і чатыры жывыя істоты ўпалі і пакланіліся Богу, Які на троне сядзіць, кажучы: амін, алілуія!

І голас ад пасаду вышаў, што казаў: «Хваліце Бога нашага, усі слугі а баязьнікі Ягоныя, малыя й вялікія».
 
І голас з трона зышоў, кажучы: хвалеце Бога нашага, усе рабы Ягоныя і хто баіцца Яго, малыя і вялікія!

І чуў я быццам голас вялікага груду, і быццам шум шмат водаў, і быццам грукат моцных пяруноў, што казалі: «Галілуя! бо загаспадарстваваў Спадар, Бог наш Усемагучы.
 
І чуў я нібы голас вялікага мноства людзей, нібы шум водаў многіх, нібы голас грымотаў моцных, якія казалі: алілуія! бо заваладарыў Гасподзь Бог Усеўладны.

Цешмася а весялімася, і ўздайма славу Яму, бо настала вясельле Баранчыкава, і жонка Ягоная прыгатавалася.
 
Парадуймася і ўсьцешмася і ўзьнясёмце Яму славу; бо настала вясельле Ягняці, і жонка Ягоная падрыхтавала сябе.

І дана было ёй адзецца ў цянюсенькае палатно, сьветлае й чыстае», бо цянюсенькае палатно ё справядлівасьць сьвятых.
 
І дадзена было ёй апрануцца ў вісон чысты і сьветлы; а вісон ёсьць праведнасьць сьвятых.

І сказаў імне: «Напішы: дабраславёныя пагуканыя на вясельную вячэру Баранчыкаву;» і сказаў імне: «Гэта праўдзівыя словы Божыя».
 
І сказаў мне анёл: напішы: дабрашчасьнікі — пакліканыя на вясельную вячэру Ягняці. І сказаў мне: гэта — сапраўдныя словы Божыя.

Я паў у ногі яму, каб яму пакланіцца; але ён сказаў імне: «Глядзі, не рабі гэтага; я суслугачы твой і братоў тваіх, каторыя маюць сьветчаньне Ісусава. Кланяйцеся Богу», бо сьветчаньне Ісусава ё дух прароцтва.
 
Я ўпаў да ног ягоных, каб пакланіцца яму: але ён сказаў мне: глядзі, не рабі гэтага; я саслужнік табе і братам тваім, якія маюць сьведчаньне Ісусава; Богу пакланіся, бо сьведчаньне Ісусава ёсьць дух прароцтва.

І абачыў я рашчыненае неба, і вось, конь белы, і седзячы на ім завецца Верны а Праўдзівы, і ў справядлІЕасьці Ён судзе й ваюе.
 
І ўгледзеў я адчыненае неба, і вось конь белы, і верхавец ягоны называецца Верны і Праўдзівы, Які праведна судзіць і ваюе.

І вочы Ягоныя — бы поламя агняное, і на галаве ў Яго шмат дыядэмаў. Меў імя напісанае, каторага ніхто ня ведае, апрача Яго Самога.
 
Вочы ў Яго як полымя вогненнае, і на галаве ў Яго многа дыядэмаў; Ён меў імя напісанае, якога ніхто ня ведаў, акрамя Яго Самога;

Ён быў адзеўшыся ў вадзецьце, абмочанае ў кроў. Імя Ягоне: Слова Божае.
 
Ён быў апрануты ў адзеньне акрываўленае. Імя Яму: Слова Божае.

І войскі нябёсныя ехалі за Ім на конях белых, убраўшыся ў белае, чыстае цянюсенькае палатно.
 
І войскі нябесныя ішлі сьледам за Ім на конях белых, апранутыя ў вісон белы і чысты.

І з роту Ягонага выходзе войстры меч, каб ім цяць народы. І Ён будзе пасьціць іх прутом зялезным; і Ён цісьне вінную таўчэльню палкага гневу Бога ўсемагучага.
 
А з вуснаў Ягоных выходзіць востры меч, каб ім пасякаць народы. Ён пас іх жазлом жалезным; Ён топча чавільню віна лютасьці і гневу Бога Ўсеўладнага.

І на адзецьцю і на сьцягне Ягоным напісана імя: КАРОЛЬ КАРАЛЁЎ і СПАДАР СПАДАРОЎ.
 
На адзеньні і на сьцягне ў Яго напісана імя: Цар цароў і Гасподзь тых, што валадарыць.

І абачыў я аднаго ангіла, што стаяў на сонцу; і ён гукнуў вялікім голасам, кажучы ўсім птушкам, што лётаюць па сярэдзіне неба: «Прыляціце, зьбярыцеся на вялікую вячэру Божую,
 
І ўгледзеў я аднаго анёла, які стаяў на сонцы; і ён усклікнуў гучным голасам, кажучы ўсім птушкам, што лёталі пасярэдзіне неба: ляцеце, зьбірайцеся на вялікую вячэру Божую,

Пажэрці целы каралёў а целы тысячнікаў а целы дужасілаў а мяса коні а целы коньнікаў а целы ўсіх вольнікаў і нявольнікаў, і малых і вялікіх».
 
каб пажэрці трупы цароў, трупы моцных, трупы тысячнікаў, трупы коней і верхаўцоў, трупы ўсіх вольнікаў і рабоў, і малых і вялікіх.

І бачыў я зьвера й каралёў земных а войскі іхныя, зьбертыя ваяваць із Коньнікам а з войскам Ягоным.
 
І ўгледзеў я зьвера і цароў зямных і войскі іхнія, сабраныя, каб змагацца зь Верхаўцом і з войскам Ягоным.

І схоплены быў зьвер і зь ім хвальшывы прарока, што чыніў чудосы перад ім, якімі зводзіў тых, што прынялі знак зьвера, і тых, што кланяліся абразу. Абодва жывыя кінены ў возера агняное, што гарэла серкаю;
 
І схоплены быў зьвер і зь ім ілжэпрарок, што чыніў дзівосы перад ім, якімі ён зьвёў тых, што прынялі кляймо зьвера і пакланяліся ягонай выяве: абодва жыўцом укінуты ў возера вогненнае, што гарэла серкай,

А засталыя забіты мячом Коньнікавым, што выходзіў з роту Ягонага; і ўсі птушкі насыціліся целам іхным.
 
а астатнія забітыя мечам Верхаўцовым, што выходзіў з вуснаў Ягоных; і ўсе птушкі накарміліся іхнімі трупамі.