Адкрыцьцё 3 разьдзел
Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі
Ангілу царквы Сардзкае напішы: "Гэта кажа Тый, што мае сямёх духоў Божых і сем зораў: Ведаю ўчынкі твае; ты маеш імя, быццам жывы, але ты мертвы.
І анёлу Сардыскай царквы напішы: «Так кажа Той, Хто мае сем духаў Божых і сем зорак: ведаю твае дзеі; ты носіш імя, быццам жывы, але ты мёртвы.
Будзь чукавы й мацні засталае, каторае ля сьмерці; бо Я не знаходжу, каб учынкі твае былі супоўныя перад Богам Маім.
Чувай і ўмацоўвай астатняе блізкае да сьмерці; бо я не знаходжу, каб дзеі твае былі дасканалыя прад Богам Маім.
Дык успомні, што ты прыняў і чуў, захочуй і пакайся. А калі ня будзеш чукавы, дык Я прыйду на цябе, як злодзей, і ты ніяк не даведаешся, каторае гадзіны прыйду на цябе.
Узгадай, што ты прыняў і чуў, і зьберагай і пакайся. Калі ж ня будзеш чуваць, дык Я найду на цябе, як злодзей, і ты ня ўведаеш, а каторай гадзіне найду на цябе.
Маеш ты, адылі, колькі ймёнаў у Сардах, што не забрудзянілі адзецьцяў сваіх, і будуць хадзіць з Імною ў белым, бо яны годныя.
Але ў цябе ў Сардысе ёсьць некалькі чалавек, якія не апаганілі вопраткі сваёй і будуць хадзіць са Мною ў белым, бо яны годныя.
Хто парамагае, тый адзенецца ў белыя адзецьці; і Я ня ізмажу імені ягонага із сувою жыцьця, і вызнаю імя ягонае перад Айцом Сваім і перад ангіламі Ягонымі.
Пераможца апранецца ў белае адзеньне; і ня выкрасьлю імя ягонага з кнігі жыцьця, і вызнаю імя ягонае прад Айцом Маім і прад анёламі Ягонымі.
Хто мае вуха, няхай чуе, што Дух кажа цэрквам".
Хто мае вуха, хай чуе, што Дух кажа цэрквам».
І ангілу царквы Філядэльфскае напішы: "Гэта кажа Сьвяты, Праўдзівы, Каторы мае ключ Давідаў, Каторы адчыняе, і ніхто не зачыне; і зачыняе, і ніхто не адчыне:
І анёлу Філядэльфійскай царквы напішы: «Так кажа Сьвяты, Праведны, Які мае ключ Давідаў, Які адмыкае — і ніхто не замкне, замыкае — і ніхто не адчыніць:
Ведаю ўчынкі твае; вось, перад табою дзьверы, адчыненыя Імною, каторых ніхто ня можа зачыніць; ты мала маеш сілы, і захаваў Слова Мае, і не адрокся імені Майго.
ведаю твае дзеі; вось, я адамкнуў перад табою дзьверы, і ніхто ня можа зачыніць іх; ты няшмат маеш сілы, і захаваў слова Маё, і ня выракся імя Майго.
Вось, Я ўчыню тым із бажніцы шайтанскае, каторыя кажуць, што яны Жыды, а ня ё, але маняць, — вось, Я ўчыню, што яны прыйдуць і паклоняцца ў ногі табе, і пазнаюць, што Я ўмілаваў цябе.
Вось, Я зраблю, што з сатанінскае зборні, з тых, якія кажуць пра сябе, што яны Юдэі, але самі не такія, а хлусяць, — вось, Я зраблю тое, што яны прыйдуць і паклоняцца перад нагамі тваімі, і ўведаюць, што Я палюбіў цябе.
Як ты захаваў слова трывалкосьці Мае, Я таксама захаваю цябе ад гадзіны спробы, каторая вось, вось, мае прыйсьці на ўвесь сьвет, выпрабаваць жывучых на зямлі.
І як ты захаваў слова цярплівасьці Маёй, дык і Я захаваю цябе ад гадзіны спакушэньня, якая прыйдзе на ўвесь сьвет, каб выпрабаваць жыхароў зямлі.
Я прыйду ўборзьдзе; дзяржы, што маеш, каб ніхто ня ўзяў кароны твае.
Вось, я прыйду неўзабаве; трымай, што маеш, каб хто не ўхапіў вянка твайго.
Хто перамагае, таго ўчыню стаўпом у доме Бога Свайго, і ён ужо ня выйдзе вонкі; і напішу на ім імя Бога Свайго й імя места Свайго, новага Ерузаліму, каторы зыходзе зь нябёс ад Бога Майго, і імя Мае новае.
Пераможцу зраблю стаўпом у храме Бога Майго, і ён ужо ня выйдзе вонкі; і напішу на ім імя Бога Майго і імя горада Бога Майго, новага Ерусаліма, які сыходзіць зь неба ад Бога Майго, і імя Маё новае.
Хто мае вуха, няхай чуе, што Дух кажа цэрквам".
Хто мае вуха, хай чуе, што Дух кажа цэрквам».
І ангілу царквы ляодыцкае напішы: "Гэта кажя Амін, верны а праўдзівы сьветка, пачатак стварэньня Божага:
І анёлу Лаадыкійскай царквы напішы: «Так кажа Амін, сьведка верны і сапраўдны, пачатак тварэньня Божага:
Ведаю ўчынкі твае, што ты ані сьцюдзёны, ані гарачы; о каб ты быў сьцюдзёны або гарачы!
ведаю твае дзеі; ты ні халодны, ні гарачы; о, калі б ты быў халодны альбо гарачы!
Затым што ты летны, а ня сьцюдзёны ані гарачы, Я выплюну цябе з роту Свайго.
Але як што ты цёплы, а не гарачы і не халодны, дык выкіну цябе з вуснаў Маіх.
Бо ты кажаш: «Я багаты, забагацеў і нічога не патрабую», а ня ведаеш, што ты нуднік а небарака а бедны а нявісны а голы.
Бо ты кажаш: я багаты, разбагацеў і ні ў чым ня маю патрэбы; а ня ведаеш, што ты няшчасны і жалю варты, і ўбогі і сьляпы і голы.
Раджу табе купіць у Мяне золата, агнём ачышчанае, каб ты быў багаты, і белае адзецьце, каб адзецца і каб ня відаць быў сорам голасьці твае, і вочнай масьцяй памаж вочы свае, каб бачыць.
Раю табе купіць у Мяне золата, вагнём ачышчанае, каб табе разбагацець, і белую вопратку, каб апрануцца і каб ня відзён быў сорам галізны тваёй, і масьцю памаж вочы твае, каб бачыць.
Я ганю а зыру толькіх, колькіх люблю. Дык будзь рупатлівы й пакайся.
Каго Я люблю, тых выкрываю і караю. Дык вось будзь руплівы і пакайся.
Вось, стаю ля дзьвярэй і стукаю. Калі хто пачуе голас Мой і адчыне дзьверы, увыйду да яго і буду вячэраць ізь ім, і ён із Імною.
Вось, стаю каля дзьвярэй і стукаюся; калі хто пачуе голас Мой і адчыніць дзьверы, увайду да яго і буду вячэраць зь ім, і ён са Мною.
Хто перамагае, таму дам сесьці з Імною на пасадзе Маім, як і Я перамог і сеў з Айцом Сваім на пасадзе Ягоным.
Пераможцу дам сесьці са Мною на троне Маім, як і Я перамог і сеў з Айцом Маім на троне Ягоным.
Хто мае вуха, няхай чуе, што Дух кажа цэрквам".
Хто мае вуха, хай чуе, што Дух кажа цэрквам.