Адкрыцьцё 17 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

І прышоў адзін ізь сямёх ангілаў, што мелі сем чараў, і гутарыў з імною, кажучы: «Падыйдзі сюды, я пакажу тэ рассудак над вялікаю бязуляю, што сядзіць на шмат водах.
 
І прыйшоў адзін зь сямі анёлаў, што мелі сем чараў, і, гаворачы са мною, сказаў мне: падыдзі, я пакажу табе суд над вялікаю блудадзейкаю, што сядзіць на водах многіх;

Зь ёю бязулілі каралёве земныя, і віном бязулства ейнага ўпіваліся жыхары зямлі».
 
зь ёю блудадзеялі цары зямныя, і віном яе блудадзейства ўпіваліся насельнікі зямлі.

І павёў мяне ў духу на пустыню; і я бачыў жонку, каторая сядзела на зьверу шкарлатным, поўным імёнаў блявузґальных, ізь сяма галавамі й дзесяцьма рагамі.
 
І павёў мяне ў духу ў пустыню; і ўгледзеў я жанчыну, якая сядзела на зьверы барвовым, поўным назоваў богазьняважлівых, зь сямю галовамі і дзесяцьцю рагамі.

І жонка была ўбраная ў пархіру а шкарлат, і мела прыборы із золата а дарагога каменьня а пэрлаў, і дзяржала залатую чару ў руццэ сваёй, поўную агіды а нечысьціні бязулства свайго;
 
І жанчына адзетая была ў парфіру і ў пурпуру, аздобленая золатам, каштоўнымі камянямі і жэмчугам, і трымала залатую чару ў руцэ сваёй, напоўненую мярзотамі і поскудзьдзю блудадзейства яе;

І на чале ейным напісана: «Тайна, Бабілён вялікі, маці бязуляў і брыды земнае».
 
і на лобе ў яе напісана імя: таямніца, Вавілон вялікі, маці блудадзеек і мярзотаў зямных.

І я бачыў, што жонка ўпіўшыся крывёю сьвятых а крывёю сьветак Ісусавых, і, бачачы яе, дзіваваўся дзівам вялікім.
 
Бачыў я, што жанчына апоена была крывёю сьвятых і крывёю сьведкаў Ісусавых, і, бачачы яе, дзіву даваўся вялікаму.

І сказаў імне ангіл: «Чаго ты дзівуешся? я скажу тэ тайну жонкі гэтае і зьвера, што носе яе, у каторага сем галоў і дзесяць рог.
 
І сказаў мне анёл: чаго ты дзівуеш? Я адкрыю табе таямніцу жанчыны гэтай і зьвера, што носіць яе, што мае сем галоў і дзесяць рагоў.

«Зьвер, каторага ты бачыў, быў, і няма яго, і выйдзе зь бяздоньня, і пойдзе на загубу; і зьдзівуюцца тыя із жывучых на зямлі, каторых імёны ня ўпісаныя ў сувой жыцьця ад закладзінаў сьвету, бачачы, што зьвер быў, няма яго, і зьявіцца.
 
Зьвер, якога ты бачыў, быў, і няма яго, і выйдзе зь бездані і пойдзе ў пагібель; і зьдзівяцца тыя насельнікі зямлі, імёны якіх ня ўпісаны ў кнігу жыцьця ад пачатку сьвету, убачыўшы, што зьвер быў, і няма яго, і зьявіцца.

«Тут розум, што мае мудрасьць. Сем галоў — гэта сем гор, на каторых сядзіць жонка,
 
Тут розум, які мае мудрасьць. Сем галоў — гэта сем гор, на якіх сядзіць жанчына,

І сямёх каралёў: пяцёх упала, адзін ё, другі яшчэ ня прышоў, і як прыйдзе, часінку мае трываць.
 
і сем цароў, зь якіх пяць загінулі, адзін ёсьць, а другі яшчэ ня прыйшоў, і калі прыйдзе, нядоўга яму быць.

І зьвер, што быў, і няма, ён восьмы, і як із тых сямёх, і йдзець на загубу.
 
І зьвер, які быў і якога няма, ёсьць восьмы, і зь ліку сямі, і пойдзе ў пагібель.

«І дзесяць рог, каторыя ты бачыў — гэта дзесяцёх каралёў, што яшчэ не адзяржалі гаспадарства, але адзяржаць уладу ізь зьверам, як каралёве, на адну гадзіну.
 
І дзесяць рагоў, якія ты бачыў, — гэта дзесяць цароў, якія яшчэ не атрымалі царства, але прымуць уладу са зьверам, як цары, на адну гадзіну.

Яны маюць адны думкі і перададуць сілу і ўладу сваю зьверу.
 
Яны маюць адны думкі і перададуць сілу і ўладу сваю зьверу;

Яны будуць ваяваць із Баранчыкам, і Баранчык пераможа іх; бо Ён ё Спадар спадароў і Кароль каралёў; і тыя, што зь Ім, ё пагуканыя а абраныя а верныя».
 
яны будуць весьці змаганьне зь Ягнём, і Ягня пераможа іх, бо Ён ёсьць Гасподзь тых, што пануюць, і Цар цароў, і тыя, хто зь Ім, — гэта пакліканыя і выбраныя і верныя.

І кажа імне: «Воды што ты бачыў, ідзе сядзіць бязуля, гэта люды а груды а народы а мовы.
 
І кажа мне: воды, якія ты бачыў, дзе сядзіць блудадзейка, гэта людзі і народы, і плямёны і роды.

І дзесяць рог, каторыя ты бачыў на зьверу, гэтыя зьненавідзяць бязулю, і спустошаць яе, і аголяць, і зьядуць цела ейнае, і спаляць яе агнём;
 
І дзесяць рагоў, якія ты бачыў на зьвяры, яны зьненавідзяць блудадзейку, і спустошаць яе, і аголяць, і плоць яе зьядуць, і спаляць яе ў вагні;

Бо Бог даў ім у сэрцы чыніць замер Ягоны, і дзеяць із аднэй думкаю, і аддаць гаспадарства свае зьверу, пакуль ня выпаўняцца словы Божыя.
 
таму што Бог паклаў ім на сэрца выканаць волю Ягоную, выканаць адну волю, і аддаць царства іхняе зьверу, пакуль ня збудуцца словы Божыя.

Жонка ж, каторую ты бачыў, ё вялікае места, што гаспадарствуе над земнымі каралямі».
 
А жанчына, якую ты бачыў, ёсьць вялікі горад, што валадарыць над зямнымі царамі.