Адкрыцьцё 17 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Анатоля Клышкi

 
 

І прышоў адзін ізь сямёх ангілаў, што мелі сем чараў, і гутарыў з імною, кажучы: «Падыйдзі сюды, я пакажу тэ рассудак над вялікаю бязуляю, што сядзіць на шмат водах.
 
І прыйшоў адзін з сямі Анёлаў, якія мелі сем чашаў, і гаварыў са мною, і сказаў [мне]: Падыдзі, я пакажу табе суд над вялікаю распусніцай, якая сядзіць на многіх водах,

Зь ёю бязулілі каралёве земныя, і віном бязулства ейнага ўпіваліся жыхары зямлі».
 
з якою распуснічалі зямныя цары, і тыя, хто насяляў зямлю, ап’янелі ад віна распусты яе.

І павёў мяне ў духу на пустыню; і я бачыў жонку, каторая сядзела на зьверу шкарлатным, поўным імёнаў блявузґальных, ізь сяма галавамі й дзесяцьма рагамі.
 
І ён перанёс мяне ў духу ў пустэльню. І я ўбачыў жанчыну, якая сядзела на барвовым звяры, поўным богазневажальных імёнаў, і меў ён сем галоў і дзесяць рагоў.

І жонка была ўбраная ў пархіру а шкарлат, і мела прыборы із золата а дарагога каменьня а пэрлаў, і дзяржала залатую чару ў руццэ сваёй, поўную агіды а нечысьціні бязулства свайго;
 
І жанчына была апранута ў пурпур і парфіру і пазалочаная золатам і каштоўным каменнем і перламі, і трымала ў сваёй руцэ залатую чашу, поўную брыдоты і нечыстотаў яе распусты.

І на чале ейным напісана: «Тайна, Бабілён вялікі, маці бязуляў і брыды земнае».
 
І на яе лбе напісана імя — таямніца: Вавілон вялікі, маці распусніц і зямной брыдоты.

І я бачыў, што жонка ўпіўшыся крывёю сьвятых а крывёю сьветак Ісусавых, і, бачачы яе, дзіваваўся дзівам вялікім.
 
І я ўбачыў, што жанчына п’яная ад крыві святых і ад крыві сведак Ісусавых. І я здзівіўся, убачыўшы яе, вялікім здзіўленнем.

І сказаў імне ангіл: «Чаго ты дзівуешся? я скажу тэ тайну жонкі гэтае і зьвера, што носе яе, у каторага сем галоў і дзесяць рог.
 
І Анёл сказаў мне: Чаму здзівіўся? Я скажу табе таямніцу гэтай жанчыны і звера, які носіць яе і мае сем галоў і дзесяць рагоў.

«Зьвер, каторага ты бачыў, быў, і няма яго, і выйдзе зь бяздоньня, і пойдзе на загубу; і зьдзівуюцца тыя із жывучых на зямлі, каторых імёны ня ўпісаныя ў сувой жыцьця ад закладзінаў сьвету, бачачы, што зьвер быў, няма яго, і зьявіцца.
 
Звер, якога ты ўбачыў, быў, і яго няма; і ён павінен падняцца з бездані і пайсці ў пагібель; і будуць здзіўляцца тыя, хто жыве на зямлі, імёны якіх не запісаны ў кнізе жыцця ад заснавання свету, калі будуць глядзець на звера, бо ён быў і яго няма, і ён прыйдзе.

«Тут розум, што мае мудрасьць. Сем галоў — гэта сем гор, на каторых сядзіць жонка,
 
Тут розум, які мае мудрасць. Сем галоў — гэта сем гор, на якіх сядзіць жанчына — і гэта сем цароў:

І сямёх каралёў: пяцёх упала, адзін ё, другі яшчэ ня прышоў, і як прыйдзе, часінку мае трываць.
 
пяцёра ўпалі, адзін ёсць, другі яшчэ не прыйшоў; а калі прыйдзе, то нядоўга яму заставацца.

І зьвер, што быў, і няма, ён восьмы, і як із тых сямёх, і йдзець на загубу.
 
І звер, які быў і якога няма, ён жа — і восьмы, і ён — з сямі, і ідзе ў пагібель.

«І дзесяць рог, каторыя ты бачыў — гэта дзесяцёх каралёў, што яшчэ не адзяржалі гаспадарства, але адзяржаць уладу ізь зьверам, як каралёве, на адну гадзіну.
 
А дзесяць рагоў, якія ты бачыў, гэта дзесяць цароў, якія яшчэ не атрымалі царства, але атрымаюць уладу як цары на адну гадзіну са зверам.

Яны маюць адны думкі і перададуць сілу і ўладу сваю зьверу.
 
Яны маюць адну думку, і яны даюць сілу і ўладу сваю зверу.

Яны будуць ваяваць із Баранчыкам, і Баранчык пераможа іх; бо Ён ё Спадар спадароў і Кароль каралёў; і тыя, што зь Ім, ё пагуканыя а абраныя а верныя».
 
Яны будуць весці вайну з Агнецам, і Агнец пераможа іх, бо Ён Валадар валадароў і Цар цароў, і тыя, што з Ім, — пакліканыя і выбраныя, і верныя.

І кажа імне: «Воды што ты бачыў, ідзе сядзіць бязуля, гэта люды а груды а народы а мовы.
 
І ён кажа мне: Воды, якія ты ўбачыў, дзе сядзіць распусніца, — гэта людзі, і натоўпы, і народы, і роды.

І дзесяць рог, каторыя ты бачыў на зьверу, гэтыя зьненавідзяць бязулю, і спустошаць яе, і аголяць, і зьядуць цела ейнае, і спаляць яе агнём;
 
І дзесяць рагоў, якія ты ўбачыў, і звер — яны зненавідзяць распусніцу і спустошаць яе, і аголяць, і з’ядуць яе цела, і спаляць яе ў агні.

Бо Бог даў ім у сэрцы чыніць замер Ягоны, і дзеяць із аднэй думкаю, і аддаць гаспадарства свае зьверу, пакуль ня выпаўняцца словы Божыя.
 
Таму што Бог уклаў ім у сэрцы выканаць Яго волю, і выканаць адну гэту волю і аддаць іх царства зверу, пакуль не спраўдзяцца словы Божыя.

Жонка ж, каторую ты бачыў, ё вялікае места, што гаспадарствуе над земнымі каралямі».
 
І жанчына, якую ты ўбачыў, — гэта вялікі горад, які мае царства над зямнымі царамі.