Адкрыцьцё 9 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Анатоля Клышкi

 
 

І пяты ангіл затрубіў, і я абачыў гвязду, палую зь неба на зямлю, і даны быў ёй ключ бяздоньня.
 
І пяты Анёл затрубіў, і я ўбачыў зорку, якая ўпала з неба на зямлю, і быў дадзены ёй ключ ад вусця бездані.

І яна адчыніла яму бяздоньня, і вышаў дым ізь ямы, як дым ізь вялікае печы; і сонца і паветра сьцямнелі ад дыму ямы.
 
І яна адамкнула вусце бездані; і падняўся дым з вусця, як дым з вялікай печы, і зацьмілася сонца і паветра ад дыму з вусця.

І з дыму вышла шаранча на зямлю, і дана ёй улада, якую маюць земныя скорпіёны.
 
І з дыму выйшла саранча на зямлю, і была дадзена ёй улада, як маюць уладу зямныя скарпіёны.

І сказана было ёй, каб ня шкодзіла земнай траве ані якому зяленіву, ані дзервам, адно людзём, каторыя ня маюць пячаці на чолах сваіх.
 
І было сказана ёй, каб не шкодзіла зямной траве, і ніякай зеляніне, і ніякаму дрэву, а толькі [адным] людзям, якія не маюць Божай пячаткі на [сваіх] ілбах.

І дана ёй не забіваць іх, адно мучыць пяць месяцаў; і мучэньне ад іх, як мучэньне ад скорпіёна, як укусе людзіну.
 
І было дадзена ёй, каб яна не забівала іх, а толькі мучыла пяць месяцаў: і іх мука — як мука ад скарпіёна, калі ён уджаліць чалавека.

І тых дзён людзі будуць шукаць сьмерці, але ніяк ня знойдуць яе; і захочуць памерці, але сьмерць уцячэць ад іх.
 
І ў тыя дні людзі будуць шукаць смерці і ні ў якім разе не знойдуць яе; і захочуць яны памерці, ды смерць уцячэ ад іх.

І выгляд шаранчы, як коні, прыгатаваных на вайну; і на галавах у яе быццам вянкі, падобныя да залатых, віды ж ейныя — як віды людзкія;
 
І выгляд у саранчы падобны да коней, падрыхтаваных да вайны, і на яе галовах як бы вянкі, падобныя да золата, і яе твары — як твары людзей,

І валасы ў іх — як валасы ў жанок, а зубы ў іх былі, як у лявоў.
 
і ў яе валасы, як валасы ў жанчын, і ў яе зубы былі, як у львоў;

На іх былі панцыры, як панцыры зялезныя, а шум ад крыльля іхнага, як грукат ад цялежак, калі шмат коні бяжыць на вайну.
 
і яна мела панцыры, як панцыры жалезныя, а шум крылаў яе, як грукат калясніц ад мноства коней, якія мчацца на бітву.

І ў іх былі хвасты, як у скорпіёнаў, і жыгалы; улада ж іхная ў хвастох іхных — раніць людзёў пяць месяцаў.
 
І яна мела хвасты, падобныя да скарпіёнаў, і джалы, і ў яе хвастах — яе ўлада шкодзіць людзям пяць месяцаў.

Каралём над сабою мелі яны ангіла бяздоньня; імя ягонае пагэбрэйску Аваддон, а пагрэцку Аполён.
 
Яна мае над сабою цара, анёла бездані; імя яму па-яўрэйску — Авадон19, а па-грэцку імя ў яго Апаліён20.

Першая бяда мінула; вось, ідуць за гэтай яшчэ дзьве бяды.
 
Першае гора прайшло; вось ідуць яшчэ два горы пасля гэтага.

І шосты ангіл затрубіў, і я пачуў адзін голас ад чатырох рагоў залатога аброчніка, што перад Богам,
 
І шосты Анёл затрубіў: і я пачуў адзін голас ад [чатырох] рагоў залатога ахвярніка, што перад Богам,

Каторы казаў шостаму ангілу, што меў трубу: «Вывальні чатырох ангілаў, зьвязаных ля вялікае ракі Еўфрату».
 
і ён казаў шостаму Анёлу, які меў трубу: Вызвалі чатырох Анёлаў, звязаных на вялікай рацэ Еўфраце.

І вывальнены былі чатыры ангілы, прыгатаваныя на гадзіну а дзень а месяц а год, каб забіць трайціну людзёў.
 
І былі вызвалены чатыры Анёлы, падрыхтаваныя на гадзіну і дзень, і месяц, і год, каб забіць трэць людзей.

Лік коннага войска быў двойчы дзесяць тысячаў дзесяцёх тысячаў; і я чуў лік яго.
 
І лік коннага войска — два мірыяды мірыядаў21; я пачуў іх лік.

Гэтак відзеў я ў відзені коні і на іх коньнікаў, што мелі на сабе панцыры агняныя а гіяцынтавыя а серкавыя; галавы ў коні, як у лявоў, і з роту ў іх выходзіў агонь а дым а серка.
 
І гэтак я ўбачыў у з’явенні коней і вершнікаў на іх, што мелі панцыры агністыя, і гіяцынтавыя, і серныя, і галовы коней — як галовы львоў, і з іх ратоў выходзіць агонь, і дым, і сера.

Гэтымі трыма болькамі, агнём а дымам а серкаю, што выходзілі з роту ў іх, была забіта трайціна людзёў;
 
Гэтымі трыма напасцямі было забіта трэць людзей: агнём, і дымам, і серай, якія выходзілі з іх ратоў.

Бо сіла коняў у роце ў іх і ў хвастох у іх; а хвасты іхныя падобныя да гадаў, і мелі галавы, і імі яны шкодзілі.
 
Бо ўлада коней — у іх ратах і ў іх хвастах; бо іх хвасты падобныя да змей і маюць галовы, і імі яны шкодзяць.

Засталыя ж людзі, што ня былі забіты гэтымі болькамі, не пакаяліся з учынкаў рук сваіх, каб ня кланяцца нячысьцікам, і залатым, і срэбным, і бранзовым, і каменным, і дзярвяным балваном, каторыя ня могуць бачыць ані чуць, ані хадзіць.
 
А астатнія з людзей, якія не былі забіты гэтымі напасцямі, нават не пакаяліся ва ўчынках сваіх рук, каб не пакланяцца дэманам і ідалам залатым, і сярэбраным, і медным, і каменным, і драўляным, якія не могуць ні бачыць, ні чуць, ні хадзіць;

І не пакаяліся яны з убіўстваў сваіх ані з чараў сваіх, ані зь бязулства свайго, ані із зладзейства свайго.
 
і яны не пакаяліся ні ў сваіх забойствах, ні ў сваіх чарадзействах, ні ў сваёй распусце, ні ў сваіх крадзяжах.