Адкрыцьцё 14 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

І глянуў я, і вось, Баранчык стаіць на гары Сыёне, і зь Ім сто сорак чатыры тысячы, што маюць імя Ягонае а імя Айца Ягонага, напісаныя на чолах сваіх.
 
І глянуў я, і вось, Ягня стаіць на гары Сыёне, і зь Ім сто сорак чатыры тысячы, у якіх імя Айца Ягонага напісана на лобе.

І па чуў я голас ізь неба, як шум ад шмат водаў і як гук вялікага грому; і пачуў гук гарпістых, што граюць на гарпах сваіх,
 
І пачуў я голас зь неба, як шум ад мноства водаў і як гук вялікага грому; і пачуў голас быццам гусьляроў, што ігралі на гусьлях сваіх:

І пяюць новую песьню перад пасадам, і перад чатырма жывымі стварэньнямі, і перад старымі; і ніхто ня мог наўчыцца гэтае песьні, апрача гэтых сту сораку чатырох тысячаў, выкупленых ізь зямлі.
 
яны сьпяваюць быццам новую песьню перад тронам і перад чатырма жывымі істотамі і старцамі; і ніхто ня мог навучыцца гэтай песьні, акрамя гэтых ста сарака чатырох тысяч, адкупленых у зямлі.

Гэта тыя, што не забрудзяніліся ізь жанкамі, бо яны дзявушчыя; гэта тыя, што йдуць за Баранчыкам, куды-колечы Ён ідзець. Яны выкупленыя зь людзёў, як першакі Богу а Баранчыку.
 
Гэта тыя, якія не апаганіліся з жанчынамі, бо яны цнотнікі; гэта тыя, якія ідуць сьледам за Ягнём, куды б яно ні пайшло. Яны адкуплены зь людзей, як першынцы Богу і Ягняці,

І ў вуснах іхных няма маны; яны беззаганныя.
 
і ў вуснах іхніх няма падступнасьці: яны беспахібныя перад тронам Божым.

І абачыў я другога ангіла, што ляцеў па сярэдзіне неба, каторы меў вечную Евангелю, каб абяшчаць жыхарачым на зямлі а кажнаму народу а плямені а мове а люду;
 
І ўбачыў я другога анёла, які ляцеў пасярэдзіне неба, які меў вечнае Дабравесьце, каб зьвеставаць насельнікам зямлі і кожнаму племені і пакаленьню, і роду і народу;

І казаў ён вялікім голасам: «Бойцеся Бога і ўздайце Яму славу, бо настала гадзіна суду Ягонага, і пакланіцеся Таму, Каторы ўчыніў неба і зямлю, і мора, і жаролы водаў!»
 
і гаварыў ён гучным голасам: пабойцеся Бога і ўзьнясеце Яму славу, бо настала гадзіна суду Ягонаму; і пакланецеся Стваральніку неба і зямлі, і мора і крыніц водаў.

І іншы, другі ангіл ляцеў за ім, кажучы: «Паў, паў Бабілён, места вялікае, каторы шалёным віном бязулства свайго напаіў усі народы».
 
І другі анёл сьледаваў за ім, кажучы: упаў Вавілон, горад вялікі, бо ён шалёным віном распусты свае напаіў усе народы.

І іншы, трэйці ангіл ляцеў за імі, кажучы вялікім голасам: «Хто паклоніцца зьверу й абразу ягонаму і прыйме знак на чало свае або на руку сваю,
 
І трэйці анёл пасьледаваў за імі, кажучы гучным голасам: хто пакланяецца зьверу і вобразу ягонаму і прымае кляймо на лоб свой альбо на руку сваю,

Тый таксама будзе піць віно гневу Божага, прыгатаванае нязьмешаным у чары гневу Ягонага, і будзе мучаны ў вагню а серцы перад сьвятымі ангіламі а перад Баранчыкам;
 
той піцьме віно лютасьці Божай, віно цэльнае, прыгатаванае ў чары гневу Ягонага, і будзе мучаны ў вагні і серцы перад сьвятымі анёламі і перад Ягнём;

І дым мукі іхнае будзе ўзыходзіць на векі вякоў, і ня будуць мець воддышы ўдзень ані ночы, каторыя кланяюцца зьверу й абразу ягонаму, і калі хто прыйме знак імені ягонага».
 
і дым цярпеньняў іхніх будзе ўзыходзіць ва векі вечныя, і ня мецьмуць спакою ні ўдзень, ні ўначы тыя, што пакланяюцца зьверу і вобразу ягонаму і прымаюць кляймо імя ягонага.

Тут трывалкосьць сьвятых, которыя дзяржаць расказаньні Божыя і веру ў Ісуса.
 
Тут цярплівасьць сьвятых, якія захоўваюць запаведзі Божыя і веру ў Ісуса.

І пачуў я голас ізь неба, што казаў: «Напішы: Адгэтуль дабраславёныя мертвыя, каторыя паміраюць у Спадару». «Запраўды, кажа Дух, што яны супачынуць ад працаў сваіх, і ўчынкі іхныя йдуць за імі».
 
І пачуў я голас зь неба, які мне казаў: напішы: ад сёньня дабрашчасьнікі — мёртвыя, якія паміраюць у Госпадзе; так, кажа Дух: яны супакояцца ад працы сваёй, і дзеі іхнія ідуць сьледам за імі.

І глянуў я, і вось, сьветлы булак, і на булаку сядзіць падобны да Сына Людзкога; на галаве ў яго залатая карона, і ў руццэ ў яго войстры серп.
 
І глянуў я, і вось сьветлае воблака, а на воблаку сядзіць падобны да Сына Чалавечага; на галаве ў Яго залаты вянок, і ў руцэ ў яго востры серп.

І вышаў іншы ангіл із дому Божага, і гукнуў вялікім голасам да седзячага на булаку: «Пусьці серп свой і пажні, бо прышла пара жніва, бо жніво на зямлі насьпела!»
 
І выйшаў другі анёл з храма і ўсклікнуў гучным голасам да таго, хто сядзеў на воблаку: пусьці серп твой і пажні; бо прыйшоў час жніва; бо жніво на зямлі дасьпела.

І пусьціў седзячы на булаку серп свой на зямлю, і зямля была пажата.
 
Той, хто сядзеў на воблаку, кінуў серп свой на зямлю, і зямля была выжата.

І іншы ангіл вышаў з дому Божага, што на небе, так сама з войстрым сярпом.
 
І другі анёл выйшаў з храма, які быў на небе, таксама з вострым сярпом.

І іншы ангіл, што меў уладу над агнём, вышаў з аброчніка і вялікім голасам гукнуў да маючага войстры серп, кажучы: «Пашлі войстры серп свой і абрэж гранкі віна на зямлі, бо насьпелі на ім ягады!»
 
І іншы анёл, які меў уладу над вагнём, выйшаў ад ахвярніка і зь вялікім крыкам усклікнуў да таго, хто меў востры серп: пашлі востры серп твой і абрэж гронкі вінаграду на зямлі, бо дасьпелі на ім ягады.

І пусьціў ангіл серп свой на зямлю, і зьбер віно ізь зямлі, і кінуў у вялікую вінную таўчэльню гневу Божага.
 
І кінуў анёл серп свой на зямлю, і абрэзаў вінаград на зямлі, і кінуў у вялікую чавільню гневу Божага.

І вінная таўчэльня была тоўчана вонках места, і вышла кроў з таўчэльні аж да аброцяў конскіх на тысяча шасьсот гоняў.
 
І патаптаны ягады ў чавільні за горадам, і пацякла кроў з чавільні аж да вуздэчак конскіх, на тысячу шасьцьсот стадыяў.