Адкрыцьцё 9 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Затрубіў пяты анёл. І я ўбачыў зорку, якая ўпала з неба на зямлю. Быў дазены ёй ключ ад студні бездані.
 
І пяты анёл затрубіў, і ўбачыў я зорку, якая ўпала з неба на зямлю, і дадзены быў ёй ключ ад калодзежа бездані,

Калі адкрылася студня бездані, падняўся дым са студні, як з вялікай печы. Сонца і паветра зацьміліся ад дыму са студні.
 
і адчыніла яна калодзеж бездані, і ўзьняўся з калодзежа дым, як дым з вялікае печы; і зацьмілася сонца і паветра ад дыму з калодзежа.

А з дыму выйшла на зямлю саранча. Была дадзена ёй улада на зямлі, якую маюць зямныя скарпіёны.
 
І з дыму выйшла на зямлю саранча, і дадзена ёй улада, як маюць уладу скарпіёны зямныя,

Было сказана ёй, каб не рабіла шкоды зямной траве, ніякай зеляніне і ніякаму дрэву, але толькі людзям, якія не маюць на чолах пячаткі Бога.
 
і сказана ёй, каб не рабіла шкоды ані траве зямной, ані ўсякай зеляніне, ані ўсякаму дрэву, а толькі адным людзям, якія ня маюць пячаткі Божае на ілбах сваіх;

Было загадана ёй не забіваць іх, але мучыць пяць месяцаў такімі пакутамі, як пакуты ад скарпіёна, калі ён кусае чалавека.
 
і дадзена ёй, каб не забівала іх, але каб мучыліся пяць месяцаў, і мучэньне ад яе, як мучэньне ад скарпіёна, калі ўджаліць чалавека.

І ў тыя дні людзі будуць шукаць смерці, але не знойдуць яе, і будуць жадаць памерці, але смерць уцячэ ад іх.
 
І ў тыя дні людзі будуць шукаць сьмерці і ня знойдуць яе, і будуць жадаць памерці, і сьмерць будзе ўцякаць ад іх.

А выгляд саранчы падобны да коней, падрыхтаваных да бою. На галовах іх як бы вянкі, падобныя да золата, і твары іх — як твары людзей.
 
І выгляд саранчы падобны да коней, якія падрыхтаваныя на бітву, і на галовах у яе быццам вянкі, падобныя да золата; і абліччы ў яе быццам абліччы чалавечыя,

Валасы яе — як валасы жанчын, а зубы іх, быццам у львоў.
 
і яна мела валасы, як валасы жаночыя, і зубы ў яе былі як у ільвоў.

Яе грудзі нібы жалезныя панцыры, а голас крылаў яе — як гул калясніц шматлікіх коней, якія бягуць на бітву.
 
І мела яна панцыры, быццам панцыры жалезныя, і гук крылаў ейных быццам гук мноства калясьніцаў, [запрэжаных] коньмі, якія бягуць на бітву,

Яе хвасты падобныя да скарпіёнавых, і мае яна джалы, а ў хвасце — моц для прычынення шкоды людзям на працягу пяці месяцаў.
 
і мае хвасты, падобныя да скарпіёнавых, і ў хвастах у яе джала было, і ўлада яе — рабіць шкоду людзям пяць месяцаў,

Яна мае над сабой караля — анёла бездані. Імя яму па-габрэйску Абадон, а па-грэцку — Знішчальнік.
 
і мае над сабою за валадара анёла бездані, імя якога па-гебрайску — Абаддон, а па-грэцку мае імя Апаліён.

Мінула адна бяда. Вось надыходзяць яшчэ дзве бяды за ёй.
 
Адно гора прайшло; вось, прыходзяць яшчэ два горы за ім.

Затрубіў шосты анёл. І я пачуў адзін голас ад чатырох рагоў залатога алтара перад Богам,
 
І шосты анёл затрубіў, і я пачуў адзін голас з чатырох рагоў залатога ахвярніку, што перад Богам,

які казаў шостаму анёлу, што меў трубу: «Вызвалі чатырох анёлаў, звязаных над вялікай ракою Еўфрат».
 
які казаў да шостага анёла, што меў трубу: «Разьвяжы чатырох анёлаў, якія зьвязаныя над вялікай ракой Эўфрат».

І былі вызваленыя чатыры анёлы, падрыхтаваныя на гэтую гадзіну, дзень і месяц, каб пазабіваць траціну людзей.
 
І былі разьвязаныя чатыры анёлы, якія былі падрыхтаваныя на гадзіну, і дзень, і месяц, і год, каб забіць трэцюю частку людзей.

Лік войскаў конніцы — дзве мірыяды мірыяд. Я пачуў іх колькасць.
 
І лічба коннага войска — два дзясяткі тысячаў дзясяткаў тысячаў; і я пачуў лічбу іх.

Так я ўбачыў у візіі коней і вершнікаў, якія мелі панцыры колеру агню, гіяцынту і серы. А галовы коней — як галовы львоў, а з пысаў іхніх выходзіць агонь, дым і сера.
 
І гэтак я ўбачыў коней у відзежы, і вершнікаў на іх, якія мелі панцыры агністыя і гіяцынтавыя, і серкавыя; і галовы ў коней, як галовы ў ільвоў, і з храпаў іхніх выходзіць агонь, і дым, і серка.

Ад трох гэтых удараў была забіта траціна людзей, ад агню, дыму і серы, што выходзілі з іхніх пысаў.
 
Трыма гэтымі была забіта трэцяя частка людзей: агнём, і дымам, і серкаю, што выходзілі з храпаў іхніх.

Моц коней была ў іх пысах і хвастах, бо хвасты іх былі падобныя да змей і мелі галовы, і прычынялі імі шкоду.
 
Бо ўлада іхняя — у храпах іхніх, а хвасты іхнія падобныя да зьмеяў, маюць галовы і імі робяць шкоду.

А рэшта людзей, што не была забіта ад гэтых удараў, не адвярнулася ад спраў сваіх рук, каб не пакланяцца дэманам, залатым, срэбным і бронзавым, а таксама каменным і драўляным ідалам, якія не могуць ні бачыць, ні чуць, ні хадзіць.
 
І рэшта людзей, што не была забітая плягамі гэтымі, не навярнулася ад справаў рук сваіх, каб не пакланяцца дэманам і ідалам залатым, і срэбным, і мядзяным, і каменным, і драўляным, якія ані бачыць ня могуць, ані чуць, ані хадзіць;

Яны не адвярнуліся ні ад сваіх забойстваў, ні ад сваіх чараў, ні ад сваёй распусты, ні ад свайго крадзяжу.
 
і не навярнуліся ад забойстваў сваіх, і ад чараўніцтва свайго, і ад распусты сваёй, і ад крадзяжоў сваіх.