Адкрыцьцё 11 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Была дадзена мне трысціна, падобная да кія, і было сказана мне: «Падыміся і памерай святыню Бога і алтар, і тых, хто пакланяецца ў ёй.
 
І дадзена мне трысьціна, падобная да кія; і анёл, які стаяў, сказаў: «Паўстань і памерай бажніцу Божую, і ахвярнік, і тых, якія пакланяюцца ў ім,

Вонкавы дзядзінец святыні пакінь знадворку і не мерай яго, бо ён дадзены язычнікам, і яны будуць таптаць Мой святы горад сорак два месяцы.
 
а панадворак, які звонку бажніцы, пакінь звонку і ня мерай яго, бо ён дадзены паганам, і горад сьвяты яны будуць таптаць сорак два месяцы.

Двум сваім сведкам, апранутым у мешкавіну, дам прарочыць тысяча дзвесце шэсцьдзясят дзён».
 
І Я дам двум сьведкам Маім, і яны будуць прарочыць тысячу дзьвесьце шэсьцьдзясят дзён, апранутыя ў зрэбніцу».

Яны як два дрэвы аліўныя і два свечнікі, што стаяць перад Панам зямлі.
 
Гэта ёсьць дзьве аліўкі і два сьвечнікі, якія перад Богам зямлі стаяць.

Калі хто хоча іх пакрыўдзіць, то агонь выйдзе з іхніх вуснаў і паглыне іх ворагаў. Той, хто хоча іх пакрыўдзіць, павінен быць забіты такім чынам.
 
І калі хто захоча зрабіць ім шкоду, агонь выйдзе з вуснаў іхніх і зьесьць ворагаў іхніх; і калі хто захоча зрабіць ім шкоду, мусіць ён быць забіты.

Яны маюць уладу закрыць неба, каб не ішоў дождж на зямлю ў дні прароцтва іхняга, і маюць уладу над водамі, каб ператварыць іх у кроў і ўдарыць зямлю ўсякім бедствам, калі толькі захочуць.
 
Яны маюць уладу замкнуць неба, каб не ішоў дождж у дні праракаваньня іхняга; і маюць уладу над водамі перамяніць іх у кроў і біць зямлю ўсякімі плягамі, калі толькі захочуць.

Калі яны скончаць сваё сведчанне, звер, які выходзіць з бездані, пачне вайну з імі, пераможа іх і заб’е.
 
І калі яны скончаць сьведчаньне сваё, зьвер, які выйдзе з бездані, учыніць вайну з імі, і пераможа іх, і заб’е іх.

Іхнія трупы пакіне на плошчы вялікага горада, які сімвалічна называецца Садома і Егіпет, дзе таксама быў укрыжаваны іх Пан.
 
І целы іхнія [будуць ляжаць] на вуліцы вялікага гораду, які называецца духоўна Садом і Эгіпет, дзе і Госпад наш быў укрыжаваны.

Многія з плямёнаў, родаў, моваў і народаў будуць глядзець на іх трупы тры з паловаю дні і не дазволяць іх пакласці ў магілу.
 
І з плямёнаў, і каленаў, і моваў, і народаў будуць глядзець на целы іхнія тры дні і паўдня, і не дазволяць пакласьці целы іхнія ў магілы.

Зямныя жыхары будуць радавацца над імі і весяліцца. Будуць слаць падарункі адзін аднаму, бо два гэтыя прарокі мучылі жыхароў зямлі.
 
І жыхары зямлі будуць радавацца дзеля іх і весяліцца, і будуць пасылаць адны адным падарункі, бо гэтыя два прарокі мучылі жыхароў зямлі.

Але праз тры с паловаю дні дух жыцця ад Бога ўвайшоў у іх, і яны ўсталі на свае ногі. Вялікі страх ахапіў тых, хто глядзеў на іх.
 
І праз тры дні і паўдня дух жыцьця ад Бога зыйшоў на іх, і яны сталі на ногі свае, і страх вялікі прыйшоў на тых, якія бачылі іх.

І пачулі яны гучны голас з неба, які казаў ім: «Узыдзіце сюды». Яны ўзышлі на неба ў воблаку, а ворагі іхнія глядзелі на іх.
 
І пачулі яны голас вялікі з неба, які казаў да іх: «Узыйдзіце сюды». І яны ўзыйшлі ў неба ў воблаку, і бачылі іх ворагі іхнія.

У гэтую гадзіну адбыўся вялікі землятрус, і адна дзясятая горада ўпала. Былі забітыя падчас землятрусу тысяча сем асобаў, астатнія ж спалохаліся і ўзнеслі хвалу Богу неба.
 
І ў тую гадзіну стаўся землятрус вялікі, і дзясятая частка гораду завалілася, і былі забітыя ў землятрусе сем тысячаў імёнаў чалавечых; і іншыя сталіся ў страху і аддалі славу Богу Нябеснаму.

Мінула другая бяда, вось хутка надыходзіць трэцяя.
 
Другое гора прайшло; вось, трэцяе гора прыходзіць хутка.

Затрубіў сёмы анёл. У небе пачуліся моцныя галасы, якія казалі: «Настала валадаранне над светам нашага Пана і Яго Памазаніка, Ён будзе валадарыць на векі вякоў».
 
І сёмы анёл затрубіў, і сталіся вялікія галасы ў небе, якія казалі: «Валадарствы сьвету сталіся [Валадарствам] Госпада нашага і Хрыста Ягонага, і Ён будзе валадарыць на вякі вякоў».

Дваццаць чатыры старэйшыны, што сядзелі на сваіх тронах перад Богам, упалі на свае твары і пакланіліся Богу,
 
І дваццаць чатыры старосты, якія сядзелі перад Богам на пасадах сваіх, упалі на абліччы свае і пакланіліся Богу,

кажучы: «Дзякуем Табе,Пане Божа ўсемагутны,які ёсць і які быў,бо Ты прыняў сваю вялікую моц і запанаваў.
 
кажучы: «Дзякуем Табе, Госпадзе, Бог Усеўладны, Які ёсьць, і Які быў, і Які прыходзіш, што прыняў Ты моц Сваю вялікую і запанаваў.

І разгневаліся народы,і прыйшоў Твой гнеў і час суда над памерлымі,каб даць узнагароду слугам Тваім, прарокам і святым,і тым, хто баіцца Твайго імя, малым і вялікім,і знішчыць тых, хто знішчае зямлю».
 
І загневаліся пагане, і прыйшоў гнеў Твой, і час судзіць мёртвых і даць нагароду слугам Тваім прарокам і сьвятым, і тым, якія баяцца імя Твайго, малым і вялікім, і вынішчыць тых, якія нішчаць зямлю».

Тады адчынілася святыня Бога ў небе, і з’явіўся каўчэг Яго запавету ў Ягонай святыні. Пачаліся бліскавіцы, гул і грымоты, землятрус і вялізны град.
 
І адчынілася бажніца Божая ў небе, і зьявіўся каўчэг запавету Ягонага ў бажніцы Ягонай; і сталіся маланкі, і галасы, і грымоты, і землятрус, і град вялікі.