Адкрыцьцё 7 разьдзел
Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Антонія Бокуна
Потым я ўбачыў чатырох анёлаў, якія стаялі на чатырох вуглах зямлі і трымалі чатыры вятры зямлі, каб вецер не дзьмуў ні на зямлю, ні на мора, ні на якое дрэва.
І пасьля гэтага я ўбачыў чатырох анёлаў, якія стаялі на чатырох кутах зямлі і трымалі чатыры вятры зямлі, каб ня дзьмуў вецер ані на зямлю, ані на мора, ані на якое дрэва.
І ўбачыў я іншага анёла, які сыходзіў з усходу сонца і меў пячатку Бога жывога. Ён усклікнуў гучным голасам да чатырох анёлаў, якім было дадзена ўчыніць зло зямлі і мору,
І ўбачыў я іншага анёла, які ўзыходзіў ад усходу сонца, які меў пячатку Бога Жывога. І закрычаў ён вялікім голасам да чатырох анёлаў, якім дадзена чыніць шкоду зямлі і мору, кажучы:
кажучы: «Не чыніце зло ні зямлі, ні мору, ні дрэвам, пакуль мы не паставім пячаткі слугам Бога нашага на іхніх чолах».
«Не чыніце шкоды ані зямлі, ані мору, ані дрэвам, пакуль не паставім пячаткі на слугаў Бога нашага на ілбах іхніх».
І пачуў я лічбу пазначаных пячаткаю: сто сорак чатыры тысячы пазначаных пячаткаю з усіх плямёнаў сыноў Ізраэля.
І пачуў я лічбу папячатаных — сто сорак чатыры тысячы папячатаных з усякага калена сыноў Ізраіля.
З племені Юды дванаццаць тысяч апячатаных, з племені Рубэна дванаццаць тысяч, з племені Гада дванаццаць тысяч,
З калена Юды — дванаццаць тысячаў папячатаных; з калена Рубэна — дванаццаць тысячаў папячатаных; з калена Гада — дванаццаць тысячаў папячатаных;
з племені Асэра дванаццаць тысяч, з племені Нэфталія дванаццаць тысяч, з племені Манасэса дванаццаць тысяч,
з калена Асэра — дванаццаць тысячаў папячатаных; з калена Нэфталі — дванаццаць тысячаў папячатаных; з калена Манасы — дванаццаць тысячаў папячатаных;
з племені Сімяона дванаццаць тысяч, з племені Леві дванаццаць тысяч, з племені Ісахара дванаццаць тысяч,
з калена Сымона — дванаццаць тысячаў папячатаных; з калена Левія — дванаццаць тысячаў папячатаных; з калена Ісахара — дванаццаць тысячаў папячатаных;
з племені Забулона дванаццаць тысяч, з племені Юзафа дванаццаць тысяч, з племені Бэньяміна дванаццаць тысяч апячатаных.
з калена Завулёна — дванаццаць тысячаў папячатаных; з калена Язэпа — дванаццаць тысячаў папячатаных; з калена Бэн’яміна — дванаццаць тясячаў папячатаных.
Пасля гэтага я ўбачыў вялікі натоўп, якога ніхто не мог палічыць, з усіх народаў, плямёнаў, родаў і моваў, якія стаялі перад тронам і Баранкам, апранутыя ў белыя шаты і з пальмовымі галінкамі ў сваіх руках.
Пасьля гэтага ўбачыў я, і вось, вялізарны натоўп, палічыць якога ніхто ня мог, з усякага народу, і калена, і племені, і мовы стаіць перад пасадам і перад Ягнём, апранутыя ў белыя вопраткі, і пальмы ў руках іхніх,
Яны крычалі гучным голасам, кажучы: «Збаўленне належыць Богу нашаму, які сядзіць на троне, і Баранку».
і ўсклікаюць яны вялікім голасам, кажучы: «Збаўленьне ў Бога нашага, Які сядзіць на пасадзе, і Ягняці!»
Усе анёлы стаялі вакол трона і старэйшын, і чатырох жывых істот. І ўпалі яны на твары свае перад тронам, і пакланіліся Богу,
І ўсе анёлы стаялі вакол пасаду, і старостаў, і чатырох жывёлаў, і ўпалі яны перад пасадам на абліччы свае, і пакланіліся Богу,
кажучы: «Амэн! Благаслаўленне і слава, і мудрасць, і падзяка, і пашана, і сіла, і моц Богу нашаму на векі вякоў. Амэн».
кажучы: «Амэн! Дабраслаўленьне, і слава, і мудрасьць, і падзяка, і пашана, і моц, і магутнасьць Богу нашаму на вякі вякоў! Амэн!»
Адзін са старэйшын звярнуўся да мяне, кажучы: «Хто гэта, апранутыя ў белыя шаты, і адкуль яны паходзяць?»
І адказаў адзін са старостаў, кажучы да мяне: «Гэтыя, апранутыя ў белыя вопраткі, хто яны і адкуль прыйшлі?»
І я сказаў яму: «Мой пане, ты ведаеш». А ён адказаў мне: «Гэта тыя, хто прыйшоў з вялікага ўціску і абмыў свае шаты, і выбеліў іх у крыві Баранка.
І я сказаў яму: «Пане, ты ведаеш». І ён сказаў мне: «Гэта тыя, якія прыйшлі з вялікага прыгнёту. І яны памылі вопраткі свае і выбелілі вопраткі свае ў крыві Ягняці.
Таму яны — перад тронам Бога і служаць Яму ўдзень і ўначы ў святыні. А той, хто сядзіць на троне, раскіне над імі свой шацёр.
Дзеля гэтага яны перад пасадам Бога і служаць Яму ўдзень і ўначы ў бажніцы Ягонай; і Той, Які сядзіць на пасадзе, паселіцца ў іх,
Яны ўжо не будуць ні галадаць, ні прагнуць, і не будзе паліць іх сонца і ніякая спёка,
і ня будуць яны хацець есьці, і ня будуць смагнуць, і ня будзе пячы іх сонца і аніякая сьпёка,
бо Баранак, які пасярод трона, будзе пасвіць іх і вадзіць да крыніц жывой вады. І вытра Бог кожную слязу з іхніх вачэй».
бо Ягня, Які пасярод пасаду, будзе пасьвіць іх і вадзіць іх да жывых крыніцаў водаў, і абатрэ Бог усякую сьлязіну з вачэй іхніх».