Адкрыцьцё 11 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Была дадзена мне трысціна, падобная да кія, і было сказана мне: «Падыміся і памерай святыню Бога і алтар, і тых, хто пакланяецца ў ёй.
 
І дадзена была мне трысціна, падобная да жазла, і сказана мне: «Падыміся і памерай святыню Божую, і ахвярнік, і тых, што пакланяюцца ў ёй.

Вонкавы дзядзінец святыні пакінь знадворку і не мерай яго, бо ён дадзены язычнікам, і яны будуць таптаць Мой святы горад сорак два месяцы.
 
А панадворак звонку святыні абміні і не мерай яго, бо ён дадзены паганам, і яны будуць таптаць горад святы на працягу сарака двух месяцаў.

Двум сваім сведкам, апранутым у мешкавіну, дам прарочыць тысяча дзвесце шэсцьдзясят дзён».
 
І Я дам уладу Маім двум сведкам, і будуць яны прарочыць тысяча дзвесце шэсцьдзесят дзён, адзетыя ў зрэбніцу».

Яны як два дрэвы аліўныя і два свечнікі, што стаяць перад Панам зямлі.
 
Яны — дзве алівы і два светачы, якія стаяць перад Богам зямлі.

Калі хто хоча іх пакрыўдзіць, то агонь выйдзе з іхніх вуснаў і паглыне іх ворагаў. Той, хто хоча іх пакрыўдзіць, павінен быць забіты такім чынам.
 
І калі хто хоча ім шкодзіць, то агонь выходзіць з вуснаў іх і нішчыць іх ворагаў; калі ж хто захоча пакрыўдзіць іх, то гэткі мусіць быць забіты.

Яны маюць уладу закрыць неба, каб не ішоў дождж на зямлю ў дні прароцтва іхняга, і маюць уладу над водамі, каб ператварыць іх у кроў і ўдарыць зямлю ўсякім бедствам, калі толькі захочуць.
 
Яны маюць уладу зачыніць неба, каб не ішоў дождж у час іх праракавання, ды маюць уладу над водамі замяніць іх у кроў, і пляжыць зямлю ўсякай напасцю, калі толькі захочуць.

Калі яны скончаць сваё сведчанне, звер, які выходзіць з бездані, пачне вайну з імі, пераможа іх і заб’е.
 
І, калі закончаць яны сведчанне сваё, звер, які паўстане з бяздоння, пачне супраць іх бой, і пераможа іх, і заб’е іх.

Іхнія трупы пакіне на плошчы вялікага горада, які сімвалічна называецца Садома і Егіпет, дзе таксама быў укрыжаваны іх Пан.
 
І трупы іх будуць ляжаць на плошчы вялікага горада, які духоўна завецца Садом і Егіпет, дзе і Госпад наш быў укрыжаваны.

Многія з плямёнаў, родаў, моваў і народаў будуць глядзець на іх трупы тры з паловаю дні і не дазволяць іх пакласці ў магілу.
 
І многія з народаў, і пакаленняў, і моў, і плямён будуць аглядаць трупы іх тры дні і паўдня, а целаў іх не дазволяць пакласці ў магілу.

Зямныя жыхары будуць радавацца над імі і весяліцца. Будуць слаць падарункі адзін аднаму, бо два гэтыя прарокі мучылі жыхароў зямлі.
 
І жыхары зямлі будуць радавацца дзеля іх, і весяліцца, і падарункі пасылаць адны адным, бо гэтыя два прарокі мучылі тых, якія жылі на зямлі.

Але праз тры с паловаю дні дух жыцця ад Бога ўвайшоў у іх, і яны ўсталі на свае ногі. Вялікі страх ахапіў тых, хто глядзеў на іх.
 
І пасля трох з паловай дзён увайшоў у іх дух жыцця ад Бога. І падняліся яны на свае ногі; і вялікі страх ахапіў тых, якія бачылі іх.

І пачулі яны гучны голас з неба, які казаў ім: «Узыдзіце сюды». Яны ўзышлі на неба ў воблаку, а ворагі іхнія глядзелі на іх.
 
І пачулі яны з неба магутны голас, што гаварыў да іх: «Узыдзіце сюды». І падняліся яны ў неба ў воблаку, і бачылі іх ворагі іх.

У гэтую гадзіну адбыўся вялікі землятрус, і адна дзясятая горада ўпала. Былі забітыя падчас землятрусу тысяча сем асобаў, астатнія ж спалохаліся і ўзнеслі хвалу Богу неба.
 
І ў той час пачаліся страшныя землятрусы, і дзесятая частка горада абрынулася, і загінула ад землятрусу сем тысяч імён чалавечых, а тыя, што засталіся, былі ахоплены жахам і аддалі славу Богу, Які ў небе.

Мінула другая бяда, вось хутка надыходзіць трэцяя.
 
Гора другое мінула; вось, трэцяе гора прыйдзе неўзабаве.

Затрубіў сёмы анёл. У небе пачуліся моцныя галасы, якія казалі: «Настала валадаранне над светам нашага Пана і Яго Памазаніка, Ён будзе валадарыць на векі вякоў».
 
І затрубіў анёл сёмы. І сталіся моцныя галасы ў небе, кажучы: «Зрабілася валадарства гэтага свету Валадарствам Госпада нашага і Хрыста Яго, і будзе Ён валадарыць на векі вечныя».

Дваццаць чатыры старэйшыны, што сядзелі на сваіх тронах перад Богам, упалі на свае твары і пакланіліся Богу,
 
І дваццаць чатыры старэйшыны, што сядзяць перад Богам на сваіх пасадах, палі на твары свае і пакланіліся Богу,

кажучы: «Дзякуем Табе,Пане Божа ўсемагутны,які ёсць і які быў,бо Ты прыняў сваю вялікую моц і запанаваў.
 
усклікаючы: «Дзякуем Табе, Госпадзе, Божа Усемагутны, Які ёсць, Які быў і Які ідзеш, што Ты узяў сілу Сваю магутную і запанаваў.

І разгневаліся народы,і прыйшоў Твой гнеў і час суда над памерлымі,каб даць узнагароду слугам Тваім, прарокам і святым,і тым, хто баіцца Твайго імя, малым і вялікім,і знішчыць тых, хто знішчае зямлю».
 
І ўзбурыліся народы, і прыйшоў гнеў Твой і гадзіна судзіць памерлых, і даць узнагароду слугам Тваім, прарокам і святым, і тым, што баяцца імя Твайго, малым і вялікім, і час загубы для тых, што губяць зямлю».

Тады адчынілася святыня Бога ў небе, і з’явіўся каўчэг Яго запавету ў Ягонай святыні. Пачаліся бліскавіцы, гул і грымоты, землятрус і вялізны град.
 
І адчынілася Божая святыня ў небе, і бачны стаў каўчэг запавету Яго ў святыні Яго, і зазіхацелі маланкі, і пачуліся галасы і грамы, і былі землятрусы і град вялікі.