Адкрыцьцё 14 разьдзел
Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Чарняўскага 2017
І ўбачыў я: вось Баранак стаіць на гары Сіён, а з Ім сто сорак чатыры тысячы, у якіх імя Яго і імя Айца Ягонага напісана на чолах.
І глянуў я: і вось, Ягня стаіць на гары Сіён, і пры ім стаяць сто сорак чатыры тысячы, якія маюць на чолах сваіх напісанае імя Айца Яго.
З неба я пачуў голас, як шум ад мноства водаў і як гук вялікага грому. Голас, які пачуў, быў нібы голас гусляроў, што гралі на гуслях сваіх.
І пачуў я голас з неба, быццам шум многіх водаў і быццам гук магутных грымот; і голас, які чуў я, гучаў як голас гусляроў, што граюць на гуслях сваіх.
Яны спяваюць як бы новую песню перад тронам і перад чатырма жывымі істотамі і старэйшынамі. І ніхто не мог навучыцца гэтай песні, акрамя ста сарака чатырох тысяч, адкупленых з зямлі.
І яны спяваюць быццам новую песню перад пасадам, і перад чатырмя жывёлінамі, і перад старэйшынамі. І ніхто не мог спяваць гэтай песні, апроч гэтых ста сарака чатырох тысяч, якія былі выкуплены з зямлі.
Гэта тыя, хто не зганьбіў сябе з жанчынамі, бо гэта цнатліўцы. Гэта тыя, што ідуць следам за Баранкам, куды б Ён ні пайшоў. Яны выкуплены з людзей, як першынец для Бога і Баранка.
Гэта тыя, што не апаганіліся з жанчынамі: бо яны цнатлівыя. Гэта тыя, што ідуць за Ягнём, куды б Ён не ішоў. Гэта тыя, якія выкуплены з людзей як першынцы Богу і Ягняці,
У вуснах іхніх няма падману. Яны беззаганныя.
і ў вуснах іх не знойдзена хлусні; без заганы яны перад пасадам Божым.
І ўбачыў я іншага анёла, які ляцеў пасярод неба, каб абвясціць вечнае Евангелле жыхарам зямлі і кожнаму роду, племені, мове і народу,
І бачыў я іншага анёла, які пралятаў праз сярэдзіну неба. Ён меў спрадвечнае Евангелле, каб абвяшчаць жыхарам зямлі, усякаму племю, і роду, і мове, і народу,
голасна кажучы: «Пабойцеся Бога і аддайце Яму хвалу, бо настала гадзіна Ягонага суда; пакланіцеся таму, хто стварыў неба і зямлю, мора і крыніцы водаў».
усклікваючы гучным голасам: «Бойцеся Бога і аддайце Яму славу, бо надыходзіць час суда Яго, і пакланіцеся Таму, Які стварыў неба і зямлю, мора і крыніцы водныя».
Іншы, другі анёл наблізіўся, кажучы: «Упаў, упаў вялікі Бабілён, які напаіў усе народы шалёным віном сваёй распусты!»
І другі анёл ляцеў за ім, кажучы: «Паў, паў Бабілон, горад вялікі, які паіў усе народы віном гневу распусты сваёй».
А іншы анёл, трэці, прыйшоў пасля іх, гучна кажучы: «Калі нехта пакланяецца зверу і ягонаму вобразу і прымае яго кляймо на сваё чало ці на сваю руку,
І трэці анёл ляцеў за ім, гамонячы зычным голасам: «Калі хто паклоніцца зверу і абразу яго і атрымае меціну на чале сваім або на руцэ сваёй,
сам таксама нап’ецца віна Божай лютасці, прыгатаванага без дамешкі ў келіху Ягонага гневу, і будзе катаваны агнём і серай перад святымі анёламі і перад Баранкам.
той будзе піць віно гневу Божага, якое падрыхтавана неразведзеным у келіху гневу Яго. Агнём і серкай будзе мучаны той перад святымі анёламі і перад Ягнём.
Дым катавання іхняга будзе падымацца на векі вякоў, і не будзе мець адпачынку ні днём, ні ноччу той, хто пакланяецца зверу і яго вобразу, і той, хто прымае кляймо ягонага імені».
І дым пакут іх узнімаецца на векі вечныя. Ані днём, ані ўночы не маюць супакою тыя, якія пакланяюцца зверу і абразу яго і калі хто будзе насіць меціну імя яго».
У гэтым цярплівасць святых, якія захоўваюць запаведзі Бога і веру ў Езуса.
Тут вось цярплівасць святых, якія захоўваюць прыказанні Божыя і веру Ісуса.
І пачуў я голас з неба, які казаў: «Напішы: Адгэтуль шчаслівыя памерлыя, якія паміраюць у Пану. Сапраўды, — кажа Дух, — няхай адпачнуць ад сваіх прац, бо іхнія справы ідуць за імі».
І пачуў я голас з неба, які казаў мне: «Напішы: “З гэтага часу шчасныя памерлыя, якія ў Госпадзе паміраюць. Сапраўды, кажа Дух, яны супачынуць ад працы сваёй, бо ўчынкі іх ідуць за імі”».
І ўбачыў я: вось белае воблака, а на воблаку сядзіць падобны да Сына Чалавечага. На Яго галаве — залаты вянок, а ў руцэ Ягонай — востры серп.
І ўбачыў я: і вось, воблака яснае, і на воблаку сядзеў Нехта, падобны да Сына Чалавечага, і на галаве меў Ён залаты вянец, а ў руцэ трымаў востры серп.
Іншы анёл выйшаў са святыні і ўсклікнуў гучным голасам да таго, хто сядзеў на воблаку: «Пашлі Твой серп і пачынай жаць, бо прыйшоў час жніва, таму што саспела жніво на зямлі».
І іншы анёл выйшаў са святыні, усклікаючы гучным голасам да Таго, Хто сядзіць на воблаку: «Пашлі серп Твой і пажні, бо прыйшоў час, каб жаць, бо даспела жніво зямлі».
Той, хто сядзеў на воблаку, кінуў свой серп на зямлю, і зямля была пажата.
І Той, што сядзеў на воблаку, пусціў серп Свой на зямлю, і зжата была зямля.
Яшчэ іншы анёл выйшаў са святыні, якая была на небе. Ён меў востры серп.
І выйшаў іншы анёл са святыні нябеснай, трымаючы таксама серп востры.
Яшчэ іншы анёл, які меў уладу над агнём, выйшаў ад алтара і гучным голасам крыкнуў да таго, хто меў востры серп: «Пашлі Твой востры серп і збяры гронкі вінаграду на зямлі, бо спелыя яго гронкі».
І яшчэ іншы анёл, маючы ўладу над агнём, выйшаў ад ахвярніка і ўсклікнуў зычным голасам да таго, які трымаў востры серп, кажучы: «Пашлі серп твой востры і абрэж гронкі вінаграду зямлі, бо даспелі ягады яго».
Анёл кінуў свой серп на зямлю, сабраў вінаград зямлі і кінуў у вялікае давіла Божага гневу.
І кінуў анёл серп свой на зямлю, і абрэзаў вінаград зямлі, і кінуў у вялікую выціскальню гневу Божага.
Тапталі давіла за горадам, а з давіла пацякла кроў аж да аброцяў коней, на тысячу шэсцьсот стадыяў.
І патапталі выціскальню за горадам, і пацякла кроў з выціскальні аж да цугляў коней на тысячу шэсцьсот стадый.