Адкрыцьцё 9 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Затрубіў пяты анёл. І я ўбачыў зорку, якая ўпала з неба на зямлю. Быў дазены ёй ключ ад студні бездані.
 
І затрубіў пяты анёл. І ўбачыў я зорку, як яна ўпала з неба на зямлю, і дадзены ёй ключ ад калодзежа бяздоння.

Калі адкрылася студня бездані, падняўся дым са студні, як з вялікай печы. Сонца і паветра зацьміліся ад дыму са студні.
 
І адкрыла яна калодзеж бяздоння, і падняўся з калодзежа дым, як дым з вялізнае печы, і сонца і паветра патанулі ў цемры ад дыму з таго калодзежа.

А з дыму выйшла на зямлю саранча. Была дадзена ёй улада на зямлі, якую маюць зямныя скарпіёны.
 
І з дыму таго выйшла саранча на зямлю, і дадзена ёй улада, якую маюць скарпіёны зямлі.

Было сказана ёй, каб не рабіла шкоды зямной траве, ніякай зеляніне і ніякаму дрэву, але толькі людзям, якія не маюць на чолах пячаткі Бога.
 
І сказана ёй не шкодзіць траве зямлі, ані якой зеляніне, ані якім дрэвам, толькі адным людзям, якія не маюць пячаткі Божай на чолах.

Было загадана ёй не забіваць іх, але мучыць пяць месяцаў такімі пакутамі, як пакуты ад скарпіёна, калі ён кусае чалавека.
 
І нельга было ёй забіваць людзей, але толькі мучыць іх на працягу пяці месяцаў. І мучэнне іх — як боль ад скарпіёна, калі ўджаліць чалавека.

І ў тыя дні людзі будуць шукаць смерці, але не знойдуць яе, і будуць жадаць памерці, але смерць уцячэ ад іх.
 
І ў тыя дні людзі будуць шукаць смерці, але не знойдуць яе, і будуць хацець памерці, але ўцячэ смерць ад іх.

А выгляд саранчы падобны да коней, падрыхтаваных да бою. На галовах іх як бы вянкі, падобныя да золата, і твары іх — як твары людзей.
 
І саранча была падобная да коней, падрыхтаваных да бою, і на галавах яна мела быццам залатыя вянцы, і воблік яе быў на падабенства твараў чалавечых,

Валасы яе — як валасы жанчын, а зубы іх, быццам у львоў.
 
і валасы мела падобныя да валасоў жанчын, і зубы яе падобныя да зубоў ільвоў,

Яе грудзі нібы жалезныя панцыры, а голас крылаў яе — як гул калясніц шматлікіх коней, якія бягуць на бітву.
 
і панцыры яе былі нібы з жалеза, і грукат крылаў яе быццам грукат многіх калясніц, запрэжаных коньмі, якія імчацца ў бой.

Яе хвасты падобныя да скарпіёнавых, і мае яна джалы, а ў хвасце — моц для прычынення шкоды людзям на працягу пяці месяцаў.
 
І мела хвасты, падобныя да скарпіёнавых, і джалы, і ў сваіх хвастах мела ўладу шкодзіць людзям на працягу пяці месяцаў.

Яна мае над сабой караля — анёла бездані. Імя яму па-габрэйску Абадон, а па-грэцку — Знішчальнік.
 
Маюць яны над сабой валадаром анёла бездані, які па-гебрайску завецца Абадон, а па-грэцку Апаліён.

Мінула адна бяда. Вось надыходзяць яшчэ дзве бяды за ёй.
 
Так прайшло першае гора, а вось, яшчэ два горы наступаюць пасля гэтага.

Затрубіў шосты анёл. І я пачуў адзін голас ад чатырох рагоў залатога алтара перад Богам,
 
І шосты анёл затрубіў. І пачуў я адзін голас з чатырох рагоў залатога ахвярніка, які перад Богам,

які казаў шостаму анёлу, што меў трубу: «Вызвалі чатырох анёлаў, звязаных над вялікай ракою Еўфрат».
 
што сказаў шостаму анёлу, які меў трубу: «Развяжы чатырох анёлаў, звязаных пры вялікай рацэ Еўфрат».

І былі вызваленыя чатыры анёлы, падрыхтаваныя на гэтую гадзіну, дзень і месяц, каб пазабіваць траціну людзей.
 
Тады былі развязаны чатыры анёлы, якія былі прыгатаваны на гадзіну, дзень, месяц і год, каб выгубіць трэцюю частку людзей.

Лік войскаў конніцы — дзве мірыяды мірыяд. Я пачуў іх колькасць.
 
І лік коннага войска быў дваццаць тысяч па дзесяць тысяч; і пачуў я іх лічбу.

Так я ўбачыў у візіі коней і вершнікаў, якія мелі панцыры колеру агню, гіяцынту і серы. А галовы коней — як галовы львоў, а з пысаў іхніх выходзіць агонь, дым і сера.
 
І так убачыў я ў з’яве коней і вершнікаў на іх, якія мелі панцыры агністыя, і дымна-сінія, і серкава-жоўтыя. І галовы іх былі як галовы львоў, а з храпаў іх шугаў агонь, дым і серка.

Ад трох гэтых удараў была забіта траціна людзей, ад агню, дыму і серы, што выходзілі з іхніх пысаў.
 
Ад гэтых трох бедстваў: агню, дыму і серкі, якія шугалі з іх храпаў, — загінула трэцяя частка ўсіх людзей.

Моц коней была ў іх пысах і хвастах, бо хвасты іх былі падобныя да змей і мелі галовы, і прычынялі імі шкоду.
 
Бо сіла коней у іх храпах і ў хвастах, а хвасты іх падобныя да змеяў, маюць галовы і імі шкодзяць.

А рэшта людзей, што не была забіта ад гэтых удараў, не адвярнулася ад спраў сваіх рук, каб не пакланяцца дэманам, залатым, срэбным і бронзавым, а таксама каменным і драўляным ідалам, якія не могуць ні бачыць, ні чуць, ні хадзіць.
 
І рэшта людзей, якія не былі выгублены гэтымі бедствамі, не навярнуліся ад спраў рук сваіх, каб не пакланяцца дэманам і балванам залатым, і срэбраным, і медным, і каменным, і драўляным, якія не могуць ані бачыць, ані чуць, ані хадзіць,

Яны не адвярнуліся ні ад сваіх забойстваў, ні ад сваіх чараў, ні ад сваёй распусты, ні ад свайго крадзяжу.
 
і не навярнуліся ад забойстваў сваіх, не адмовіліся ад чараванняў сваіх, ані ад распусты сваёй, ані ад крадзяжоў сваіх.