Адкрыцьцё 14 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

І я ўбачыў: і вось Агнец стаіць на гары Сіён і з Ім сто сорак чатыры тысячы, у якіх Яго імя і імя Яго Бацькі напісаны на іх ілбах.
 
І глянуў я: і вось, Ягня стаіць на гары Сіён, і пры ім стаяць сто сорак чатыры тысячы, якія маюць на чолах сваіх напісанае імя Айца Яго.

І я пачуў голас з неба, як шум многіх водаў і як грукат моцнага грому; і голас, які я пачуў, быццам арфістаў, што іграюць на сваіх арфах.
 
І пачуў я голас з неба, быццам шум многіх водаў і быццам гук магутных грымот; і голас, які чуў я, гучаў як голас гусляроў, што граюць на гуслях сваіх.

І яны спяваюць [быццам] новую песню перад тронам і перад чатырма жывымі істотамі і старэйшынамі: і ніхто не мог навучыцца гэтай песні, акрамя ста сарака чатырох тысячаў, якія выкупленыя ад зямлі.
 
І яны спяваюць быццам новую песню перад пасадам, і перад чатырмя жывёлінамі, і перад старэйшынамі. І ніхто не мог спяваць гэтай песні, апроч гэтых ста сарака чатырох тысяч, якія былі выкуплены з зямлі.

Гэта тыя, што не апаганіліся з жанчынамі: бо яны цнатлівыя. Гэта тыя, хто ідзе ўслед за Агнецам, куды б Ён ні ішоў. Яны былі выкуплены ад людзей, як першынцы Богу і Агнецу,
 
Гэта тыя, што не апаганіліся з жанчынамі: бо яны цнатлівыя. Гэта тыя, што ідуць за Ягнём, куды б Ён не ішоў. Гэта тыя, якія выкуплены з людзей як першынцы Богу і Ягняці,

і ў іх вуснах не было знойдзена лжы: яны беззаганныя [перад Божым тронам].
 
і ў вуснах іх не знойдзена хлусні; без заганы яны перад пасадам Божым.

І я ўбачыў іншага Анёла, які ляцеў пасярэдзіне неба і меў вечнае Дабравесце, каб дабравесціць тым, хто жыве на зямлі: кожнаму народу, і пакаленню, і роду, і племю.
 
І бачыў я іншага анёла, які пралятаў праз сярэдзіну неба. Ён меў спрадвечнае Евангелле, каб абвяшчаць жыхарам зямлі, усякаму племю, і роду, і мове, і народу,

І ён казаў гучным голасам: Пабойцеся Бога і ўздайце Яму славу, бо прыйшла гадзіна Яго суда; і пакланіцеся Таму, Хто стварыў неба, і зямлю, і мора, і крыніцы водаў.
 
усклікваючы гучным голасам: «Бойцеся Бога і аддайце Яму славу, бо надыходзіць час суда Яго, і пакланіцеся Таму, Які стварыў неба і зямлю, мора і крыніцы водныя».

І іншы Анёл, другі, ішоў услед, кажучы: Упаў, упаў Вавілон вялікі, які напаіў усе народы шаленчым віном сваёй распусты!
 
І другі анёл ляцеў за ім, кажучы: «Паў, паў Бабілон, горад вялікі, які паіў усе народы віном гневу распусты сваёй».

І іншы Анёл, трэці, ішоў услед за імі, кажучы гучным голасам: Калі хто пакланяецца зверу і яго вобразу і прыме кляймо на свой лоб ці на сваю руку,
 
І трэці анёл ляцеў за ім, гамонячы зычным голасам: «Калі хто паклоніцца зверу і абразу яго і атрымае меціну на чале сваім або на руцэ сваёй,

то і ён будзе піць ад віна лютасці Божай, неразведзенае, падрыхтаванае ў чашы Яго гневу; і ён будзе мучаны ў агні і серы перад святымі Анёламі і перад Агнецам.
 
той будзе піць віно гневу Божага, якое падрыхтавана неразведзеным у келіху гневу Яго. Агнём і серкай будзе мучаны той перад святымі анёламі і перад Ягнём.

І дым іх мукаў падымаецца векі вечныя; і яны не маюць спакою ні ўдзень, ні ўночы — тыя, хто пакланяецца зверу і яго вобразу, і кожны, хто прымае кляймо яго імя.
 
І дым пакут іх узнімаецца на векі вечныя. Ані днём, ані ўночы не маюць супакою тыя, якія пакланяюцца зверу і абразу яго і калі хто будзе насіць меціну імя яго».

Тут вытрываласць святых, якія захоўваюць запаведзі Божыя і веру Ісуса.
 
Тут вось цярплівасць святых, якія захоўваюць прыказанні Божыя і веру Ісуса.

І я пачуў голас з неба, які казаў: Напішы: «З гэтага часу шчаслівыя мёртвыя, што паміраюць ў Госпадзе. Так, кажа Дух: каб яны супакоіліся ад сваіх работ; бо іх учынкі ідуць услед за імі».
 
І пачуў я голас з неба, які казаў мне: «Напішы: “З гэтага часу шчасныя памерлыя, якія ў Госпадзе паміраюць. Сапраўды, кажа Дух, яны супачынуць ад працы сваёй, бо ўчынкі іх ідуць за імі”».

І я ўбачыў: і вось, белае воблака і на воблаку сядзіць падобны да Сына Чалавечага, і ў яго на галаве залаты вянок, а ў яго руцэ — востры серп.
 
І ўбачыў я: і вось, воблака яснае, і на воблаку сядзеў Нехта, падобны да Сына Чалавечага, і на галаве меў Ён залаты вянец, а ў руцэ трымаў востры серп.

І іншы Анёл выйшаў з храма, усклікваючы гучным голасам да Таго, Хто сядзеў на воблаку: Пашлі Твой серп і пажні, бо надышла пара жаць, бо зямное жніво даспела.
 
І іншы анёл выйшаў са святыні, усклікаючы гучным голасам да Таго, Хто сядзіць на воблаку: «Пашлі серп Твой і пажні, бо прыйшоў час, каб жаць, бо даспела жніво зямлі».

І Той, Хто сядзеў на воблаку, скінуў свой серп на зямлю, і зямля была пажата.
 
І Той, што сядзеў на воблаку, пусціў серп Свой на зямлю, і зжата была зямля.

І іншы Анёл выйшаў з храма, што ў небе, і ў яго таксама быў востры серп.
 
І выйшаў іншы анёл са святыні нябеснай, трымаючы таксама серп востры.

І іншы Анёл [выйшаў] ад ахвярніка, той, які мае ўладу над агнём, і ўсклікнуў гучным голасам да таго, у каго быў востры серп, кажучы: Пашлі твой востры серп і абрэж гронкі вінаграду зямлі, бо даспелі яго ягады.
 
І яшчэ іншы анёл, маючы ўладу над агнём, выйшаў ад ахвярніка і ўсклікнуў зычным голасам да таго, які трымаў востры серп, кажучы: «Пашлі серп твой востры і абрэж гронкі вінаграду зямлі, бо даспелі ягады яго».

І скінуў Анёл свой серп на зямлю і абрэзаў з зямной лазы і кінуў у вялікую выціскальню Божага гневу.
 
І кінуў анёл серп свой на зямлю, і абрэзаў вінаград зямлі, і кінуў у вялікую выціскальню гневу Божага.

І патапталі ягады ў выціскальні за горадам, і выйшла кроў з выціскальні аж да аброцяў коней на тысячу шэсцьсот стадый32.
 
І патапталі выціскальню за горадам, і пацякла кроў з выціскальні аж да цугляў коней на тысячу шэсцьсот стадый.