Адкрыцьцё 6 разьдзел
Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Антонія Бокуна
І ўбачыў я, што Ягня́ зьняло адну з пячацяў, і пачуў адну з чатырох жывёлаў, мовячы быццам грымотным голасам: Ідзі ды глядзі.
І ўбачыў я, што Ягня адчыніў адну з пячатак, і я пачуў адну з чатырох жывёлаў, якая казала быццам голасам грымотным: «Прыйдзі і глядзі».
І я паўзіраўся, і вось бе́лы конь, і коньнік на ім ды з лукам; і далі яму вянок, і выйшаў пераможнік, каб перамагчы́.
І я ўбачыў, і вось, конь белы, і вершнік на ім, які мае лук; і дадзены яму вянок, і ён выйшаў, перамагаючы, і каб перамагчы.
І, калі зьняло Яно другую пячаць, я пачуў другую жывёлу, мовячы: Ідзі ды глядзі.
І калі Ён адчыніў другую пячатку, я пачуў другую жывёлу, якая казала: «Прыйдзі і глядзі».
І выйшаў другі конь ры́жы, і коньніку на ім да́дзена ўзяць мір із зямлі, ды каб адны адных забівалі; і да́дзены яму ме́ч вялізарны.
І выйшаў іншы конь, чырвоны, і вершніку на ім дадзена забраць супакой з зямлі, і каб адны адных забівалі; і дадзены яму меч вялікі.
І, як зьняло трэцюю пячаць, пачуў я трэцюю жывёлу, мовячы: Ідзі ды глядзі. І я паўзіраўся, і вось конь вараны́, і коньнік на ім, маючы ў руцэ сваёй вагу́;
І калі Ён адчыніў трэцюю пячатку, я пачуў трэцюю жывёлу, якая казала: «Прыйдзі і глядзі». І я ўбачыў, і вось, конь чорны, і вершнік на ім, які меў шалі ў руцэ сваёй.
і пачуў я голас спасярод чатырох жывёлаў, мовячы: Ме́ра пшаніцы за дынар, і тры ме́ры ячме́ню за дынар; і алівы й віна не марнуй.
І пачуў я голас пасярод чатырох жывёлаў, які казаў: «Хінікс пшаніцы за дынар, і тры хініксы ячменю за дынар; і алівы і віна не марнуй».
І, як зьняло чацьве́ртую пячаць, пачуў я голас чацьве́ртае жывёлы, мовячы: Ідзі ды глядзі.
І калі Ён адчыніў чацьвёртую пячатку, я пачуў голас чацьвёртае жывёлы, які казаў: «Прыйдзі і глядзі».
І я паўзіраўся, і вось конь бляды́, і коньнік на ім, што імя яму сьме́рць, і пе́кла сьле́дам за ім; і да́дзена ім улада забіваці на чацьве́ртай часьці зямлі мячом і голадам, і сьме́рцяй, ды зьвярыма зямнымі.
І я ўбачыў, і вось, конь бляды, і вершнік на ім, імя якому — Сьмерць, і пекла ідзе за ім; і дадзена ім улада забіваць на чацьвёртай частцы зямлі мячом, і голадам, і сьмерцю, і зьвярамі зямнымі.
І, як зьняло Яно пятую пячаць, убачыў я пад ахвярнікам душы забітых за слова Божае ды за сьве́дчаньне, што ме́лі; і загаманілі голасам вялікім, мовячы:
І калі Ён адчыніў пятую пячатку, я ўбачыў пад ахвярнікам душы забітых за Слова Божае і за сьведчаньне, якое яны мелі.
Дакуль, Валадару Сьвяты і Праўдзівы, ня судзіш і ня мсьцішся за кроў нашу над жыхарамі зямлі?
І закрычалі яны голасам вялікім, кажучы: «Дакуль, Уладару Сьвяты і Праўдзівы, ня судзіш і ня помсьціш за кроў нашу жыхарам зямлі?»
І далі кожнаму бе́лыя вопраткі і сказалі, каб супачывалі яшчэ крыху часу, пакуль не дапоўняць суслужнікі іхнія ды браты іхнія, што маюць быць забіты, як і яны.
І былі дадзены кожнаму вопраткі белыя, і сказалі ім, каб супакоіліся яшчэ крыху часу, пакуль не дапоўняць [лік] таварышы іхнія і браты іхнія, што маюць быць забітыя, як і яны.
І паўзіраўся я, як зьняло Яно шостую пячаць. І вось зрабілася вялікае ўстрасе́ньне, і сонца пацямне́ла, як валася́ніца, і ме́сяц зрабіўся, як кроў,
І ўбачыў я, калі Ён адчыніў шостую пячатку, і вось, стаўся вялікі землятрус, і сонца сталася чорным, як мех валасяны, і месяц стаўся, як кроў,
і зоркі нябе́сныя паспадалі на зямлю, як смакоўніца, устраса́ная вялікім ве́трам, скідае недасьпе́лыя смоквы свае́;
і зоркі нябесныя ўпалі на зямлю, як дрэва фігавае, устрасанае вялікім ветрам, скідае недасьпелыя фігі свае,
і не́ба счэзла, як скручаны лісток, і кожная гара́ і востраў скрануліся з ме́сц сваіх;
і неба зьнікла, як скручваецца кніга, і кожная гара і востраў былі зрушаны з месцаў сваіх.
і цары зямныя, і магнаты, і багатыры́, і тысячнікі, і асілкі, і кожын раб ды кожын вольнік паўкрываліся ў пячорах і ў горных расколінах
І валадары зямныя, і магнаты, і багатыры, і тысячнікі, і магутныя, і кожны слуга, і кожны свабодны схаваліся ў пячорах і ў горных скалах,
дый кажуць горам і скалам: Звале́цеся на нас і ўкрыйце нас ад аблічча Сідзя́чага на пасадзе ды ад гне́ву Ягняці:
і кажуць горам і скалам: «Упадзіце на нас і схавайце нас ад аблічча Таго, Які сядзіць на пасадзе, і ад гневу Ягняці,
бо настаў вялікі дзе́нь гне́ву Ягонага, і хто здолее ўстаяці?
бо прыйшоў вялікі дзень гневу Ягонага, і хто зможа ўстаяць?»