Адкрыцьцё 6 разьдзел
Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна
І я бачыў, як Баранчык зьняў першую ізь сямёх пячацяў, і я пачуў адно з чатырох стварэньняў, што, бы голасам грому, сказала: «Падыйдзі й глянь!»
І ўбачыў я, што Ягня адчыніў адну з пячатак, і я пачуў адну з чатырох жывёлаў, якая казала быццам голасам грымотным: «Прыйдзі і глядзі».
І я глянуў, і вось, конь белы, і на ім коньнік із лукам, і дана была яму карона; і вышаў ён пераможны, і каб перамагаць.
І я ўбачыў, і вось, конь белы, і вершнік на ім, які мае лук; і дадзены яму вянок, і ён выйшаў, перамагаючы, і каб перамагчы.
І як Ён зьняў другую пячаць, я чую другое жывое стварэньне, што казала: «Падыйдзі й глянь!»
І калі Ён адчыніў другую пячатку, я пачуў другую жывёлу, якая казала: «Прыйдзі і глядзі».
І вышаў другі конь, руды; і коньніку, што сядзеў на ім, дана ўзяць супакой ізь зямлі, каб забівалі адзін аднаго; і даны яму вялікі меч.
І выйшаў іншы конь, чырвоны, і вершніку на ім дадзена забраць супакой з зямлі, і каб адны адных забівалі; і дадзены яму меч вялікі.
І як ён зьняў трэйцюю пячаць, я чуў трэйцяе жывое стварэньне, што казала: «Падыйдзі й глянь!» І я глянуў, і вось, конь вараны, і на ім коньнік із вагою ў руццэ сваёй.
І калі Ён адчыніў трэцюю пячатку, я пачуў трэцюю жывёлу, якая казала: «Прыйдзі і глядзі». І я ўбачыў, і вось, конь чорны, і вершнік на ім, які меў шалі ў руцэ сваёй.
І чуў я голас пасярод чатырох жывых стварэньняў, што казалі: «Карэц пшонкі за дынар, і тры карцы ячменю за дынар; аліве ж а віну ня шкодзь».
І пачуў я голас пасярод чатырох жывёлаў, які казаў: «Хінікс пшаніцы за дынар, і тры хініксы ячменю за дынар; і алівы і віна не марнуй».
І як Ён зьняў чацьвертую пячаць, я пачуў голас чацьвертага жывога стварэньня, што казала: «Падыйдзі й глянь!»
І калі Ён адчыніў чацьвёртую пячатку, я пачуў голас чацьвёртае жывёлы, які казаў: «Прыйдзі і глядзі».
І я бачыў, і вось, конь палавы, і на ім коньнік, імя ягонае сьмерць; і пекла ішла за ім, і дана ім улада над чэцьверцяй зямлі — забіваць мячом і галадоўю, і сьмерцяй, і зьвярамі земнымі.
І я ўбачыў, і вось, конь бляды, і вершнік на ім, імя якому — Сьмерць, і пекла ідзе за ім; і дадзена ім улада забіваць на чацьвёртай частцы зямлі мячом, і голадам, і сьмерцю, і зьвярамі зямнымі.
І як Ён зьняў пятую пячаць, я абачыў пад аброчнікам душы забітых за слова Божае а за сьветчаньне, каторае сьветчылі.
І калі Ён адчыніў пятую пячатку, я ўбачыў пад ахвярнікам душы забітых за Слова Божае і за сьведчаньне, якое яны мелі.
І загаласілі яны вялікім голасам, кажучы: «Пакуль, Валадару, сьвяты а праўдзівы, ня судзіш і ня імсьціш жывучым на зямлі за кроў нашую?»
І закрычалі яны голасам вялікім, кажучы: «Дакуль, Уладару Сьвяты і Праўдзівы, ня судзіш і ня помсьціш за кроў нашу жыхарам зямлі?»
І даны былі кажнаму зь іх адзецьці белыя, каб яны супакоіліся яшчэ на малы час, пакуль супрацаўні іхныя а браты іхныя, каторыя будуць забіты, дапоўняць.
І былі дадзены кожнаму вопраткі белыя, і сказалі ім, каб супакоіліся яшчэ крыху часу, пакуль не дапоўняць [лік] таварышы іхнія і браты іхнія, што маюць быць забітыя, як і яны.
І я глянуў, як ён зьняў шостую пячаць, і сталася вялікае трасеньне зямлі, і сонца сьцямнела, як зрэбніна, і месяц стаў, як кроў;
І ўбачыў я, калі Ён адчыніў шостую пячатку, і вось, стаўся вялікі землятрус, і сонца сталася чорным, як мех валасяны, і месяц стаўся, як кроў,
І гвезды нябёсныя палі на зямлю, як фіґа, трэсеная вялікім ветрам, страсае нясьпелыя фіґі свае;
і зоркі нябесныя ўпалі на зямлю, як дрэва фігавае, устрасанае вялікім ветрам, скідае недасьпелыя фігі свае,
І неба зьвілося, бы сувой зьвіваецца; і кажная гара й абток скрануліся зь месцаў сваіх.
і неба зьнікла, як скручваецца кніга, і кожная гара і востраў былі зрушаны з месцаў сваіх.
І каралёве земныя, і вялікія, і тысячнікі, і багатыя, і дужыя, і кажны нявольнік, і кажны вольнік схаваліся ў пячоры і ў скалы гораў;
І валадары зямныя, і магнаты, і багатыры, і тысячнікі, і магутныя, і кожны слуга, і кожны свабодны схаваліся ў пячорах і ў горных скалах,
І кажуць горам а скалам: «Зваліцеся на нас і закрыйце нас ад віду Седзячага на пасадзе і ад гневу Баранчыкавага»;
і кажуць горам і скалам: «Упадзіце на нас і схавайце нас ад аблічча Таго, Які сядзіць на пасадзе, і ад гневу Ягняці,
Бо прышоў вялікі дзень гневу Ягонага, і хто можа вытрываць?
бо прыйшоў вялікі дзень гневу Ягонага, і хто зможа ўстаяць?»