Адкрыцьцё 8 разьдзел
Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна
І як Ён зьняў сёмую пячаць, сталася маўчанка на небе каля паўгадзіны.
І калі Ён адчыніў сёмую пячатку, сталася ціша ў небе недзе на паўгадзіны.
І я бачыў сямёх ангілаў, што стаялі перад Богам, і дана ім сем трубаў.
І ўбачыў я сем анёлаў, якія стаялі перад Богам, і былі дадзены ім сем трубаў.
І прышоў іншы ангіл, і стаў перад аброчнікам, маючы залатую кадзільніцу; і дана яму шмат кадзіла, каб да малітваў усіх сьвятых ён дадаў на залаты аброчнік, што перад пасадам.
І прыйшоў іншы анёл, і стаў перад ахвярнікам, маючы кадзільню залатую; і далі яму шмат фіміяму, каб паклаў з малітвамі ўсіх сьвятых на залаты ахвярнік, што перад пасадам.
І ўзьняўся перад Богам дым із кадзіла з малітваю сьвятых із рукі ангілавае.
І ўзыйшоў дым фіміяму з малітвамі сьвятых з рукі анёла перад Богам.
І ўзяў ангіл кадзільніцу, і напоўніў яе агнём із аброчніка, і кінуў на зямлю: і зьдзеяліся галасы а громы а маланьні і трасеньне зямлі.
І ўзяў анёл кадзільню, і напоўніў яе агнём з ахвярніку, і кінуў на зямлю; і сталіся галасы, і грымоты, і маланкі, і землятрус.
І сямёх ангілаў, што мелі сем трубаў, прыгатаваліся трубіць.
І сем анёлаў, якія мелі сем трубаў, падрыхтаваліся, каб трубіць.
І першы затрубіў, і стаўся град і агонь, зьмешаныя з крывёй, і былі кінены на зямлю; і трэйцяя часьць зямлі згарэла, і трэйцяя часьць дзерваў згарэла, і ўся зялёная трава згарэла.
І першы анёл затрубіў, і стаўся град і агонь, зьмяшаныя з крывёю, і былі кінутыя на зямлю; і трэцяя частка дрэваў згарэла, і ўся трава зялёная згарэла.
І другі ангіл затрубіў, і быццам вялікая гара, агнём палаючая, ськінулася ў мора; і трэйцяя часьць мора стала крывёю,
І другі анёл затрубіў, і быццам гара вялікая, якая агнём палае, была кінутая ў мора; і трэцяя частка мора сталася крывёю,
І здохла трэйцяя часьць жывых стварэньняў, каторыя ў мору, і трэйцяя часьць караблёў была зьнішчана.
і памерла трэцяя частка стварэньняў у моры, якія маюць душу, і трэцяя частка караблёў была зьнішчаная.
І трэйці ангіл затрубіў, і звалілася зь неба вялікая гвязда, гаручы як лянпа, і пала на трэйцюю часьць рэкаў а на жаролы водаў.
І трэці анёл затрубіў, і ўпала з неба вялікая зорка, якая гарыць, як паходня, і ўпала на трэцюю частку рэкаў і на крыніцы водаў,
А імя тае гвязды Палын; і трэйцяя часьць водаў стала палыном, і шмат ізь людзёў памерла з водаў, бо яны сталі гаркія.
і імя зоркі называецца Палын; і трэцяя частка [водаў] сталася палынам, і шмат людзей памерла ад тых водаў, бо яны сталі горкімі.
І чацьверты ангіл затрубіў, і выцята была трэйцяя часьць сонца, і трэйцяя часьць месяца, і трэйцяя часьць гвездаў, ажно трэйцяя часьць іх зацьмела, і трайціна дня не сьвяціла, таксама й ночы.
І чацьвёрты анёл затрубіў, і былі пашкоджаная трэцяя частка сонца і трэцяя частка месяца і трэцяя частка зорак, каб трэцяя частка іх зацьмілася, і каб дзень не сьвяціў трэцюю частку сваю, і падобна ноч.
І бачыў я і чуў аднаго арла, што ляцеў сярод неба й казаў вялікім голасам: «Бяда, бяда, бяда тым, што жывуць на зямлі, ад засталых трубных галасоў трох ангілаў, каторыя будуць трубіць!»
І ўбачыў я, і пачуў, як адзін анёл ляцеў пасярод неба і казаў вялікім голасам: «Гора, гора, гора жыхарам зямлі ад рэшты трубных галасоў трох анёлаў, якія маюць трубіць!»