Адкрыцьцё 22 разьдзел
Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна
І паказаў імне раку вады жыцьця, сьветлую, як крыштал, каторая выцякала з пасаду Божага а Баранчыкавага.
І паказаў ён мне чыстую раку вады жыцьця, сьветлую, як крышталь, якая выходзіла з пасаду Бога і Ягняці.
Сярод вуліцы ягонае і паабапал ракі — дзерва жыцьця, што родзе двананцаць пладоў, кажнага месяца выдаець плод свой; і лісты дзерва — да ўздараўленьня народаў.
На сярэдзіне вуліцы яго і паабапал ракі — дрэва жыцьця, якое дае плады дванаццаць разоў, даючы на кожны месяц ягоны плод; і лісьце дрэва — дзеля аздараўленьня народаў.
І нічога ўжо ня будзе праклятага; але пасад Божы а Баранчыкаў будзе ў ім, і слугі Ягоныя будуць служыць Яму.
І ня будзе ўжо нічога выклятага. І пасад Бога і Ягняці будзе ў ім, і слугі Ягоныя будуць служыць Яму.
І абачаць від Ягоны, і імя Ягонае будзе на чолах іхных.
І яны ўгледзяць аблічча Ягонае, і імя Ягонае — на ілбах іхніх.
І ночы ня будзе там, ня будуць патрабаваць сьветача ані сьвятліні сонечнае, бо Спадар Бог будзе асьвячаць іх; і будуць караляваць на векі вякоў.
І ночы ня будзе там, і ня будуць мець патрэбы ў сьветачы і ў сьвятле сонца, бо Госпад Бог асьвятляе іх, і будуць валадарыць на вякі вякоў.
І сказаў імне: «Гэтыя словы верныя а праўдзівыя; і Спадар Бог духоў прарокаў паслаў Ангіла Свайго паказаць слугам Сваім тое, што мае стацца неўзабаве.
І сказаў мне: «Словы гэтыя верныя і праўдзівыя. І Госпад, Бог сьвятых прарокаў, паслаў анёла Свайго паказаць слугам Сваім, што мусіць стацца неўзабаве.
І вось, іду неўзабаве»: дабраславёны, хто заховуе словы прароцтва сувою гэтага.
Вось, прыходжу хутка. Шчасьлівы той, які захоўвае словы прароцтва кнігі гэтае».
І я, Яан, чуў і бачыў гэта. І як я пачуў і абачыў, паў у ногі ангілу, што паказаваў імне гэта, каб пакланіцца;
І я, Ян, бачыў гэта і чуў. І калі я пачуў і ўбачыў, я ўпаў пакланіцца перад нагамі анёла, які паказваў мне гэта.
Але ён сказаў імне: «Глядзі, не рабі гэтага: я — сунявольнік твой, і братоў тваіх прарокаў, і заховуючых словы сувою гэтага; Богу кланяйся».
І ён кажа мне: «Глядзі, не [рабі гэтага], бо я — таварыш твой і братоў тваіх, прарокаў, і тых, якія захоўваюць словы кнігі гэтае. Богу пакланіся».
І сказаў імне: «Не запячатавай словаў прароцтва сувою гэтага; час блізка.
І кажа мне: «Не запячатывай словы прароцтва кнігі гэтае, бо час блізкі.
Несправядлівы няхай яшчэ чыне несправядлівасьць; і брудзяны няхай брудзяніцца яшчэ; а справядлівы няхай чыне справядлівасьць яшчэ, і сьвяты няхай усьвячаецца яшчэ».
Крыўдзіцель няхай яшчэ робіць крыўду, і брудны няхай яшчэ брудзіцца, і праведны няхай яшчэ чыніць праведнасьць, і сьвяты няхай яшчэ асьвячаецца.
«Вось, прыйду неўзабаве, і адплата Мая з імною, каб адплаціць кажнаму подле ўчынкаў ягоных.
І вось, Я прыходжу хутка, і нагарода Мая са Мною, каб аддаць кожнаму [паводле таго], якія будуць справы ягоныя.
Я Альфа й Омэґа, першы й апошні, пачатак і канец».
Я — Альфа і Амэга, Пачатак і Канец, Першы і Апошні.
Дабраславёныя тыя, што памыюць уборы свае, бо яны будуць мець права да дзерва жыцьця і каб увыйсьці пераз брамы да места.
Шчасьлівыя тыя, якія выконваюць прыказаньні Ягоныя, каб была ўлада ў іх на дрэва жыцьця, і каб увайсьці праз брамы ў горад.
Вонках — сабакі і чараўнікі, і бязулі, і забіўцы, і балвахвалы, і кажны, хто любе й чыне ману.
А звонку — сабакі і чараўнікі, і распусьнікі, і забойцы, і ідалапаклоньнікі, і ўсе, якія любяць і чыняць падман.
«Я, Ісус, паслаў ангіла Свайго пасьветчыць гэта вам у цэрквах. Я карэнь і пагон Давідаў, зорка сьветлая, ранічная».
Я, Ісус, паслаў анёла Майго засьведчыць вам гэта ў цэрквах. Я — корань і род Давіда, зорка сьветлая і ранішняя».
І дух і княгіня маладая кажуць: «Прыйдзі!» І чуючы няхай скажа: «Прыйдзі!» Усьмяглы хай прыходзе, і зычачы няхай бярэць ваду жыцьця дарма.
І Дух, і нявеста кажуць: «Прыйдзі!» І хто чуе, няхай скажа: «Прыйдзі!» І той, хто смагне, няхай прыходзіць, і той, хто хоча, няхай бярэ ваду жыцьця дарма.
Я сьветчу кажнаму, хто чуе словы прароцтва сувойчыка гэтага: калі хто дадасьць што да іх, таму дадасьць Бог болькаў, апісаных у сувойчыку гэтым.
Бо я сьведчу кожнаму, хто чуе словы прароцтва кнігі гэтае: калі хто дакладзе [нешта] да гэтага, Бог ускладзе на яго плягі, напісаныя ў кнізе гэтай;
І калі хто адыйме ад словаў сувойчыка прароцтва гэтага, адыйме Бог дзель ягоную зь дзерва жыцьця і зь места сьвятога, апісанага ў гэтым сувойчыку.
і калі хто забярэ нешта ад словаў кнігі прароцтва гэтага, Бог забярэ ў яго частку ягоную з кнігі жыцьця, і з гораду сьвятога, і з таго, што напісанае ў кнізе гэтай.
Тый, што сьветча гэта кажа: «Запраўды прыйду неўзабаве». Амін. Прыйдзі, Спадару Ісусе!
Той, Які засьведчыў гэта, кажа: «Так, прыходжу хутка!» Амэн. Так, прыйдзі, Госпадзе Ісусе!
Ласка Спадара Ісуса Хрыста з усімі сьвятымі. Амін.
Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з усімі вамі. Амэн.