Адкрыцьцё 10 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

І бачыў я другога ангіла дужога, што зыходзіў зь неба, будучы адзеўшыся булаком, і над галавою ў яго была вясёлка, і від ягоны, як сонца, і ногі ягоныя, як стаўпы агняныя;
 
І ўбачыў я іншага дужага анёла, які зыходзіў з неба, які быў апрануты ў воблака, і вясёлка над галавою яго, і аблічча ягонае — як сонца, і ногі ягоныя — як слупы агністыя.

І меў у руццэ сваёй сувойчык разьвіты. І пастанавіў ён правую нагу сваю на мора, а левую на зямлю,
 
І меў ён у руцэ сваёй кніжку адкрытую, і паставіў ён правую нагу сваю на мора, а левую — на зямлю,

І гукнуў вялікім голасам, як равець леў; і як ён гукнуў, тады сем громаў прамовілі галасамі сваімі.
 
і закрычаў голасам вялікім, як леў рыкае; і калі закрычаў ён, прагаварылі сем грымотаў галасамі сваімі.

І як сем громаў прамовілі, я вось, зьбіраўся пісаць; але пачуў голас ізь неба, што казаў: «Запячатуй, што прамовілі сем громаў, і ня пішы гэтага».
 
І калі прагаварылі сем грымотаў галасамі сваімі, я меўся пісаць, і пачуў я голас з неба, які казаў мне: «Запячатай тое, што прагаварылі сем грымотаў, і не пішы гэтага».

І ангіл, што я бачыў, як стаяў на мору й на зямлі, падняў правіцу сваю да неба
 
І анёл, якога я бачыў, як ён стаяў на моры і на зямлі, узьняў руку сваю да неба

І прысягаў на Жывучага на векі вякоў, Каторы стварыў неба й тое, што на ім, і зямлю й тое, што на ёй, і мора й тое, што ў ім, што балей адвалокі ня будзе;
 
і пакляўся Тым, Які жыве на вякі вякоў, Які стварыў неба, і што ў ім, і зямлю, і што на ёй, і мора, і што ў ім, што часу ўжо ня будзе,

Але ў днёх голасу сёмага ангіла, як ён затрубе, зьдзеецца тайна Божая, як Ён абясьціў Добрую навіну слугам Сваім, прарокам.
 
але ў дні голасу сёмага анёла, калі той мае трубіць, зьдзейсьніцца таямніца Божая, як Ён дабравесьціў слугам Сваім прарокам.

І тый голас, што я чуў зь неба, ізноў гутарыў з імною, і сказаў: «Ідзі, вазьмі разьвіты сувой з рукі ангіла, каторы стаіць на мору і на зямлі».
 
І голас, які я чуў з неба, ізноў прагаварыў да мяне і сказаў: «Ідзі, вазьмі кніжку разгорнутую ў руцэ анёла, які стаіць на моры і на зямлі».

І я пайшоў да ангіла, і сказаў яму: «Дай імне гэты сувойчык». І ён кажа імне: «Вазьмі й зьеж яго; ён будзе гаркі ў жываце тваім, але ў роце тваім будзе салодкі, як мёд».
 
І я падыйшоў да анёла, кажучы яму: «Дай мне кніжку». І ён кажа мне: «Вазьмі і зьеш яе; і яна стане горкаю ў тваім жываце, але ў вуснах тваіх будзе салодкая, як мёд».

І ўзяў я сувойчык із рукі ў вангіла, і зьеў яго; і ён у роце маім быў, як мёд салодкі; як жа я ізьеў яго, горка стала ў жываце маім.
 
І я ўзяў кніжку з рукі анёла, і зьеў яе, і яна была ў вуснах маіх салодкая, як мёд, і калі я зьеў яе, стаў горкім жывот мой.

І сказаў ён імне: «Ты маеш ізноў праракаць людам а народам а мовам а шмат якім каралём».
 
І ён кажа мне: «Ты мусіш ізноў прарочыць пра плямёны, і народы, і мовы, і валадароў многіх».