2 да Цімафея 3 разьдзел

Другое пасланьне да Цімафея
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Міцкевіча (Прускага)

 
 

Але ведай, што ў апошнія дні настануць цяжкія часы.
 

Бо людзі будуць самалюбныя, срэбралюбныя, выхвалякі, пагардлівыя, ліхамоўныя, непаслухмяныя бацькам, няўдзячныя, бязбожныя,
 

бессардэчныя, непрымірымыя, паклёпнікі, нястрыманыя, жорсткія, ворагі дабра,
 

здраднікі, безразважныя, ганарлівыя, больш раскошалюбныя, чым богалюбныя,
 

будуць мець выгляд набожнасці, але яны адракліся ад сілы яе; і ад такіх трымайся як мага далей.
 

Бо ў іх ліку тыя, хто ўкрадваецца ў дамы і палоніць жанчынак, абцяжараны грахамі і зводзяцца рознымі пажадлівасцямі,
 

заўсёды вучацца і ніколі не могуць дайсці да спазнання ісціны.
 

Як Іянній і Іямврый супрацьстаялі Маісею, так і гэтыя супроцьстаяць ісціне, людзі сапсаванага розуму, якія не вытрымалі выпрабавання ў веры.
 

Але яны не прасунуцца далей, бо іх глупства будзе відаць усім, як гэта здарылася з глупствам тых.
 

Ты ж пайшоў услед за маім вучэннем, паводзінамі, намерамі, вераю, доўгацярпеннем, любоўю, стойкасцю,
 

ганеннямі, пакутамі, якія выпалі мне ў Антыяхіі, у Іконіі, у Лістрах. Якія ганенні я перанёс, і ад усіх збавіў мяне Госпад!
 

Ды і ўсе, хто хоча жыць набожна ў Хрысце Ісусе, будуць гнаныя.
 

а ліхія людзі і ашуканцы будуць рабіцца ўсё горшымі і горшымі, уводзячы ў зман і самі ўводзячыся ў зман.
 

Ты ж заставайся ў тым, чаму ты навучыўся і ў чым пэўны, ведаючы, у каго ты навучыўся
 

і што з маленства ты ведаеш Святыя Пісанні, якія могуць умудрыць цябе да выратавання праз веру, якая ў Хрысце Ісусе.
 

Усякае Пісанне боганатхнёнае і карыснае для навучання, для выкрывання, для выпраўлення, для выхавання ў праведнасці,
 

каб чалавек Божы быў дасканалым, поўнасцю падрыхтаваны да кожнага добрага ўчынку.