2 да Цімафея 3 разьдзел

Другое пасланьне да Цімафея
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

Але ведай, што ў апошнія дні настануць цяжкія часы.
 
Ведай, што ў апошнія дні настануць цяжкія часы.

Бо людзі будуць самалюбныя, срэбралюбныя, выхвалякі, пагардлівыя, ліхамоўныя, непаслухмяныя бацькам, няўдзячныя, бязбожныя,
 
Людзі будуць самалюбнымі, хцівымі, фанабэрыстымі, ганарыстымі, зламоўнымі, непаслухмянымі бацькам, няўдзячнымі, нягоднымі,

бессардэчныя, непрымірымыя, паклёпнікі, нястрыманыя, жорсткія, ворагі дабра,
 
непрыязнымі, непрымірымымі, паклёпнікамі, нястрыманымі, жорсткімі, ненавіснікамі дабра,

здраднікі, безразважныя, ганарлівыя, больш раскошалюбныя, чым богалюбныя,
 
здраднікамі, бяздушнымі, надзьмутымі, любячымі раскошу больш за Бога.

будуць мець выгляд набожнасці, але яны адракліся ад сілы яе; і ад такіх трымайся як мага далей.
 
Будуць мець выгляд пабожнасці, аднак адкінуць яе моц. Асцерагайся такіх,

Бо ў іх ліку тыя, хто ўкрадваецца ў дамы і палоніць жанчынак, абцяжараны грахамі і зводзяцца рознымі пажадлівасцямі,
 
бо з іх ёсць тыя, каторыя закрадаюцца ў дамы і зводзяць хвейных жанчын, абцяжараных грахамі, якія паддаюцца розным пажадлівасцям,

заўсёды вучацца і ніколі не могуць дайсці да спазнання ісціны.
 
заўсёды вучацца, але ніколі не даходзяць да разумення праўды.

Як Іянній і Іямврый супрацьстаялі Маісею, так і гэтыя супроцьстаяць ісціне, людзі сапсаванага розуму, якія не вытрымалі выпрабавання ў веры.
 
Як Янэс і Ямбрэс паўсталі супраць Майсея, так і яны сталі супраць праўды, людзі з сапсаваным розумам, нявыпрабаваныя ў веры.

Але яны не прасунуцца далей, бо іх глупства будзе відаць усім, як гэта здарылася з глупствам тых.
 
Але яны далёка не зойдуць, бо іх глупота — так, як і тых, — стане бачнай усім.

Ты ж пайшоў услед за маім вучэннем, паводзінамі, намерамі, вераю, доўгацярпеннем, любоўю, стойкасцю,
 
Ты пайшоў следам за маім вучэннем, за паводзінамі, за намерам, за вераю, за цярплівасцю, за любоўю, за трываласцю

ганеннямі, пакутамі, якія выпалі мне ў Антыяхіі, у Іконіі, у Лістрах. Якія ганенні я перанёс, і ад усіх збавіў мяне Госпад!
 
ў ганеннях і цярпеннях, якія выпалі мне ў Антыёхіі, Іконіі і Лістры. Столькі ганенняў я перанёс, і ад усяго мяне выратаваў Пан.

Ды і ўсе, хто хоча жыць набожна ў Хрысце Ісусе, будуць гнаныя.
 
Усе, хто жадае жыць пабожна ў Хрысце Езусе, будуць пераследаваныя.

а ліхія людзі і ашуканцы будуць рабіцца ўсё горшымі і горшымі, уводзячы ў зман і самі ўводзячыся ў зман.
 
Нягодныя ж людзі і ашуканцы будуць дасягаць поспехаў у дрэнным, памыляючыся і іншых уводзячы ў зман.

Ты ж заставайся ў тым, чаму ты навучыўся і ў чым пэўны, ведаючы, у каго ты навучыўся
 
А ты трывай у тым, чаму навучыўся і што табе даручана, ведаючы, ад каго навучыўся. Бо ад дзіцячых гадоў ведаеш святыя Пісанні,

і што з маленства ты ведаеш Святыя Пісанні, якія могуць умудрыць цябе да выратавання праз веру, якая ў Хрысце Ісусе.
 
якія могуць навучыць цябе мудрасці дзеля збаўлення праз веру ў Езуса Хрыста.

Усякае Пісанне боганатхнёнае і карыснае для навучання, для выкрывання, для выпраўлення, для выхавання ў праведнасці,
 
Усё Пісанне натхнёнае Богам і карыснае для навучання, для пераконвання, для настаўлення, для выхавання ў праведнасці,

каб чалавек Божы быў дасканалым, поўнасцю падрыхтаваны да кожнага добрага ўчынку.
 
каб Божы чалавек быў дасканалы, да ўсякай добрай справы гатовы.