Біблія » Пераклады » Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

2 да Цімафея 3 2-е пасланне да Цімафея 3 разьдзел

Знакі апошніх часоў

1 Ведай, што ў апошнія дні настануць цяжкія часы.
2 Людзі будуць самалюбнымі, хцівымі, фанабэрыстымі, ганарыстымі, зламоўнымі, непаслухмянымі бацькам, няўдзячнымі, нягоднымі,
3 непрыязнымі, непрымірымымі, паклёпнікамі, нястрыманымі, жорсткімі, ненавіснікамі дабра,
4 здраднікамі, бяздушнымі, надзьмутымі, любячымі раскошу больш за Бога.
5 Будуць мець выгляд пабожнасці, аднак адкінуць яе моц. Асцерагайся такіх,
6 бо з іх ёсць тыя, каторыя закрадаюцца ў дамы і зводзяць хвейных жанчын, абцяжараных грахамі, якія паддаюцца розным пажадлівасцям,
7 заўсёды вучацца, але ніколі не даходзяць да разумення праўды.
8 Як Янэс і Ямбрэс паўсталі супраць Майсея, так і яны сталі супраць праўды, людзі з сапсаваным розумам, нявыпрабаваныя ў веры.
9 Але яны далёка не зойдуць, бо іх глупота — так, як і тых, — стане бачнай усім.
Вернасць пакліканню і каштоўнасць Святога Пісання

10 Ты пайшоў следам за маім вучэннем, за паводзінамі, за намерам, за вераю, за цярплівасцю, за любоўю, за трываласцю
11 ў ганеннях і цярпеннях, якія выпалі мне ў Антыёхіі, Іконіі і Лістры. Столькі ганенняў я перанёс, і ад усяго мяне выратаваў Пан.
12 Усе, хто жадае жыць пабожна ў Хрысце Езусе, будуць пераследаваныя.
13 Нягодныя ж людзі і ашуканцы будуць дасягаць поспехаў у дрэнным, памыляючыся і іншых уводзячы ў зман.
14 А ты трывай у тым, чаму навучыўся і што табе даручана, ведаючы, ад каго навучыўся. Бо ад дзіцячых гадоў ведаеш святыя Пісанні,
15 якія могуць навучыць цябе мудрасці дзеля збаўлення праз веру ў Езуса Хрыста.
16 Усё Пісанне натхнёнае Богам і карыснае для навучання, для пераконвання, для настаўлення, для выхавання ў праведнасці,
17 каб Божы чалавек быў дасканалы, да ўсякай добрай справы гатовы.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Другое пасланне да Цімафея, 3 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка:
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
© 2017, 2019