1 Але ведай гэтае, што ў апошнія дні настануць цяжкія часы,
2 бо людзі будуць самалюбныя, срэбралюбныя, ганарыстыя, пыхлівыя, зламоўныя, бацька́м няпаслухмяныя, няўдзячныя, бязбожныя,
3 бяздушныя, нязгодлівыя, паклёпнікі, нястрыманыя, жорсткія, супрацьстаячыя дабру,
4 здраднікі, бязразважныя, хванабэрыстыя, якія любяць раскошу больш, чым Бога,
5 якія маюць выгляд багабойнасьці, але сілу ейную адкінулі. Ад гэтакіх ухіляйся.
6 Бо сярод гэтакіх ёсьць тыя што ўкрадываюцца ў дамы і ачмураюць жанчын абцяжараных грахамі кіруемых рознымі пажадлівасьцямі
7 якія заўсёды вучацца, але ніколі ня могуць дайсьці да пазнаньня праўды.
8 Як Яній і Ямбрый супрацьстаялі Масею, гэтак і гэтыя супрацьстаяць праўдзе, — людзі сапсаванага розуму, якія ня вытрымалі выпрабаваньня ў веры;
9 але яны пасьпеюць ня многа, бо бязглуздасьць іхняя стане бачнай усім, як і з тымі здарылася.
10 Ты ж пайшоў усьлед за мною ў вучэньні, у жыцьці, у наме́рах, у веры, у вялікадушнасьці, у любові, у цярплівасьці,
11 у перасьледаваньнях, у пакутах, такіх, якія мяне спасьціглі ў Антыёхіі, у Іконі, у Лістры; гэтыя перасьледаваньні я перанёс, і ад усіх мяне збавіў Госпад.
12 І ўсе, хто жадае жыць багабойна ў Хрысьце Ісусе, будуць перасьледаваны.
13 А ліхія людзі і ашуканцы будуць пасьпяваць да горшага, будучы самі ў аблудзе і ўводзячы другіх у аблуду.
14 А ты трывай у тым, чаму навучаны і (у тым), што табе даверана, ведаючы, ад каго ты навучыўся,
15 і што з маленства ты ведаеш Сьвятыя Пісаньні, якія могуць умудрыць цябе на збавеньне праз веру ў Хрыста Ісуса.
16 Усё Пісаньне боганатхнёнае і карыснае дзеля навучаньня, дзеля дакору, дзеля выпраўленьня, дзеля выхаваньня ў праведнасьці,
17 каб чалавек Божы быў дасканалы і падрыхтаваны да ўсякай добрай справы.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Другое Пасланьне Апостала Паўлы да Цімахвея, 3 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020