Да Габрэяў 3 разьдзел

Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Аляксандара Надсана

 
 

Таму, святыя браты, саўдзельнікі нябеснага паклікання, разглядзіце Пасланца і Першасвятара нашага вызнання, Ісуса [Хрыста],
 

Які адданы Таму, Хто паставіў Яго, як і Маісей ва ўсім Яго доме.
 

Бо Ён быў уганараваны большаю славай, чым Маісей, паколькі большы гонар, чым дом, мае той, хто пабудаваў яго.
 

Бо кожны дом кім-небудзь будуецца, а ўсё пабудаваў Бог.
 

Бо, калі Маісей адданы ва ўсім Яго доме як слуга дзеля сведчання таго, што павінна быць сказаным,
 

а Хрыстос як Сын — над Яго домам. І дом Яго — мы, калі захаваем упэўненасць і пахвалу надзеі [трывала да канца].
 

Таму, як кажа Святы Дух: «Сёння, калі пачуеце Яго голас,
 

не дайце зрабіцца жорсткімі вашым сэрцам, як падчас бунту ў дзень спакусы ў пустэльні,
 

дзе вашы бацькі спакушалі Мяне, выпрабоўвалі, і бачылі Мае ўчынкі
 

сорак гадоў. Таму Я раззлаваўся на гэтае пакаленне і сказаў: «Яны заўсёды памыляюцца сэрцам, і не пазналі Маіх шляхоў,
 

дык Я пакляўся ў Маім гневе: «Не ўвойдуць яны ў Мой спакой!»
 

Глядзіце, браты, каб ніколі не было ў кім з вас злога сэрца нявер’я, каб вам не адступіць ад жывога Бога,
 

але падмацоўвайце адзін аднаго штодня да таго часу, пакуль дзень называецца «сёння», каб не стаў хто з вас жорсткім праз падман граху.
 

Бо мы зрабіліся саўдзельнікамі Хрыста, калі толькі пачатковую ўпэўненасць мы захаваем трывалаю да канца,
 

дакуль гаворыцца: Сёння, калі пачуеце Яго голас, не дайце зрабіцца жорсткімі вашым сэрцам, як падчас бунту.
 

Бо хто, пачуўшы, узбунтаваўся? Ці не ўсе2, хто выйшаў з Егіпта дзякуючы Маісею?
 

А на каго Ён раззлаваўся на сорак гадоў? Ці не на тых, што саграшылі, чые целы паляглі ў пустэльні?
 

А каму пакляўся Ён, што яны не ўвойдуць у спакой Яго, як не тым, хто быў непакорлівы?
 

І мы бачым, што яны не змаглі ўвайсці з-за нявер’я.