Яна 20 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Міхася Міцкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі
У першы-ж дзень тыдня раніцай, калі яшчэ не разьвіднілася, прыйходзіць да гробу Марыя Магдалена і бачыць, што камень ад гробу адвалены.
У першы ж дзень тыдня Марыя Магдаліна прыходзіць да магілы раніцай, яшчэ прыцемкам, і бачыць, што камень адвалены ад магілы;
Яна пабегла і зайшла да Сымана Пятра і да другога вучня, якога любіў Ісус, і кажа ім: — вынеслі Госпада з гробу, і ня ведаем, дзе.
і вось бяжыць, і прыходзіць да Сымона Пятра і да другога вучня, якога любіў Ісус, і кажа ім: зьнесьлі Госпада з магілы, і ня ведаем, дзе паклалі Яго.
Пётра і другі вучань ураз-жа выйшлі і пайшлі да гробу.
Адразу выйшаў Пётр і другі вучань, і пайшлі да магілы;
Яны пабеглі разам, але другі вучань бег хутчэй за Пятра, і першы прыйшоў да гробу.
яны пабеглі абодва разам; але другі вучань бег хутчэй за Пятра, і прыйшоў да магілы першы,
І нахіліўшыся, пабачыў ляжачыя пялёны, але да гробу не ўвайшоў.
і нахіліўшыся, убачыў палотны, якія там ляжалі: але не ўвайшоў у магілу.
Сьледам за ім прыйходзіць Сыман Пётра. Ён увайходзіць да гробу, і бачыць толькі ляжачыя пялёны.
Сьледам за ім прыходзіць Сымон Пётр, і ўваходзіць у магілу, і бачыць адны палотны, якія там ляжалі.
А плат, што быў на галаве Яго, ляжаў зьвінуты асобна ад пялёнаў, на іншым месцы.
і хустку, якая была на галаве Ягонай, не з палотнамі яна ляжала, а асобна, скручаная, на іншым месцы.
Тады ўжо ўвайшоў і другі вучань, які дабег да гробу першым, і пабачыў і паверыў.
Тады ўвайшоў і другі вучань, што прыбег раней да магілы, і ўбачыў, і ўвераваў;
Бо яны яшчэ ня ведалі з Пісаньня, што Яму наляжала ўваскроснуць з мертвых.
бо яны яшчэ ня ведалі з Пісаньня, што Яму належала паўстаць зь мёртвых.
Тады вучні зноў вярнуліся дадому.
І вось, вучні зноў вярнуліся да сябе.
А Марыя стаяла ля гробу і плакала; і плачучы нахінулася да гробу.
А Марыя стаяла каля магілы і плакала; і калі плакала, нахілілася да магілы
І ўбачыла двух ангелаў у белым адзеньні; яны сядзялі — адзін у галовах, а другі ў нагах, дзе ляжала Цела Ісусава.
і бачыць двух анёлаў, у белым адзеньні сядзяць, адзін у галовах, другі каля ног, дзе ляжала Цела Ісусава.
І кажуць яны ёй: — жанчына! чаго плачаш? яна-ж адказала: — бо забралі Госпада майго і ня ведаю, дзе палажылі Яго.
І яны кажуць ёй: жанчына! чаго ты плачаш? Кажа ім: зьнесьлі Госпада майго, і ня ведаю, дзе паклалі Яго.
Гэта сказаўшы, яна абярнулася і пабачыла постаць Ісуса, але не пазнала Яго.
Сказаўшы гэта, абярнулася і ўбачыла — стаіць Ісус; ды не пазнала, што гэта Ісус.
І кажа ёй Ісус: — жанчына, чаго ты плачаш, каго шукаеш? яна-ж, думаючы, што гэта садоўнік, кажа Яму: — дабрадзею! калі ты вынес Яго, скажы мне, дзе палажыў Яго, і я забяру Яго.
Ісус кажа ёй: жанчына! чаго ты плачаш? каго шукаеш? Яна, думаючы, што гэта садоўнік, кажа Яму: спадару! калі ты вынес Яго, скажы мне, дзе ты паклаў Яго, і я забяру Яго.
І прамовіў да яе Ісус: — Марыя! яна-ж, абярнуўшыся да Яго, усклікнула: — Раўвуні! — гэта значыць, Вычыцель.
Ісус кажа ёй: Марыя! Яна, абярнуўшыся, кажа Яму: Раввуні! — што азначае: Настаўнік!
Ісус кажа ёй: — не дакранайся да Мяне, бо Я ня ўзыйшоў яшчэ да Айца Майго; ідзі-ж да братоў Маіх і скажы ім: — узыйходжу да Айца Майго і Айца вашага, і Бога Майго і Бога вашага.
Ісус кажа ёй: не кранайся Мяне, бо Я яшчэ ня ўзыйшоў да Айца Майго; а ідзі да братоў Маіх і скажы ім: узыходжу да Айца Майго і Айца вашага, і да Бога Майго і Бога вашага.
Марыя Магдалена йдзе і абвяшчае вучням, што бачыла Госпада, і што ўсё гэта сказаў ёй.
Марыя Магдаліна ідзе і абвяшчае вучням, што бачыла Госпада, і што Ён гэта сказаў ёй.
Увечары таго-ж першага тыдня, калі дзьверы дома, дзе зыйшліся вучні Яго, былі замкненыя з-за асьтярогі ад юдэяяў, прыйшоў Ісус і, стаўшы пасяродку, прамовіў да іх: — мір вам!
У той самы першы дзень тыдня ўвечары, калі дзьверы дома, дзе зьбіраліся вучні Ягоныя, былі замкнутыя з апасеньня перад Юдэямі, прыйшоў Ісус і стаў пасярод, і кажа ім: мір вам!
І сказаўшы гэта, паказаў ім рукі і ногі, і рэбры Свае; узрадаваліся-ж вучні, убачыўшы Госпада.
Сказаўшы гэта, Ён паказаў ім рукі (і ногі) і рэбры Свае. Вучні ўзрадаваліся, убачыўшы Госпада.
І зноў сказаў ім Ісус: — мір вам! як паслаў Мяне Айцец, так і Я пасылаю вас.
А Ісус сказаў ім другі раз: мір вам! як паслаў Мяне Айцец, так і Я пасылаю вас.
Сказаўшы гэта, дыхнуў і кажа ім: — прымеце Духа Сьвятога.
Сказаўшы гэта, дзьмухнуў, і кажа ім: прымеце Духа Сьвятога:
Каму адпусьціце грахі, таму адпусьцяца, на кім затрымаеце, застануцца.
каму даруеце грахі, таму даруюцца: на кім пакінеце, на тым застануцца.
А Хама, адзін з дванаццацёх, званы Блізьнюк, ня быў з імі, калі прыйходзіў Ісус.
А Тамаш, адзін з дванаццацёх, называны Блізьнюк, ня быў тут зь імі, калі прыходзіў Ісус.
Іншыя-ж вучні сказалі яму: — мы бачылі Госпада; але ён адказаў ім: — калі ня ўбачу на руках Яго прабоінаў ад цьвікоў, і не ўлажу пальца майго ў раны ад цьвікоў, і ня ўлажу рукі мае ў рэбры Ягоныя, не паверу.
Другія вучні сказалі яму: мы бачылі Госпада. Але ён сказаў ім: калі ня ўбачу на руках у Яго ранаў ад цьвікоў, і не ўкладу пальца майго ў раны ад цьвікоў, і ня ўкладу рукі маёй у рэбры Ягоныя, не паверу.
Па восьмёх дзёх зноў былі ў доме вучні Ягоныя, і Хама быў з імі; прыйходзіць Ісус, калі дзьверы былі замкненыя, і стаў пасярод іх і сказаў: — мір вам.
Праз восем дзён зноў былі ў доме вучні Ягоныя, і Тамаш зь імі. Прыйшоў Ісус, калі дзьверы былі замкнутыя, стаў пасярод іх і сказаў: мір вам!
Потым гаворыць да Хамы: — падай сюды твой палец, і агледзь рукі Мае; і падай руку тваю, і ўлажыі ў рэбра Мае; і ня будзь нявернікам, але верным.
Потым кажа Тамашу: падай палец твой сюды і паглядзі рукі Мае; падай руку тваю і ўкладзі ў рэбры Мае; і ня будзь недаверкам, а вернікам.
І адказаў Яму Хама, прамовіўшы: — Госпадзе мой і Божа мой!
Тамаш сказаў Яму ў адказ: Госпадзе мой і Божа мой!
Ісус гаворыць яму: — ты паверыў затым, што бачыў Мяне; шчасьлівыя тыя, якія ня бачылі, але паверылі.
Ісус кажа яму: ты паверыў таму, што ўбачыў Мяне; дабрашчасныя тыя, што ня бачыўшы — паверылі.
Шмат іншых цудаў стварыў Ісус прад вучнямі Сваімі, але яны не напісана ў кнігах гэтых.
Многа стварыў Ісус перад вучнямі Сваімі і іншых цудаў, пра якія не напісана ў кнізе гэтай;
А гэтае-ж напісана, каб вы паверылі, што Ісус ёсьць Хрыстос Сын Божы, і ўверыўшы, мелі жыцьцё ў імя Ягонае.
а гэта напісана, каб вы ўверавалі, што Ісус ёсьць Хрыстос, Сын Божы, і, веруючы, мелі жыцьцё вечнае ў імя Ягонае.