Да Рымлянаў 13 разьдзел

Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Кожная душа няхай падпарадко́ўваецца вышэ́йшым ула́дам, бо няма ўлады не ад Бога; а існу́ючыя ўлады Богам устаноўлены.
 
Хай кожны чалавек будзе пакорны вышэйшым уладам. Бо не ўлада, калі не ад Бога. Існуючыя ж улады, Богам устаноўлены.

Бо хто працівіцца ўладзе, той супрацьстаíць Божаму ўстанаўле́нню; а хто супрацьстаіць, той сам на сябе накліча асуджэ́нне.
 
Дык хто супрацівіцца ўладзе, прыказанню Бога супрацівіцца. А якія супрацівяцца Яму, нажываюць сабе асуджэнне.

Таму што начальнікі стра́шныя не для добрых спраў, а для злых. Хочаш не баяцца ўлады? Рабі дабро, і будзеш мець пахвалу ад яе;
 
Бо начальнікі страшныя не дабрадзеям, але ліхадзеям. Хочаш не баяцца ўлады? Дык рабі дабро, і будзеш мець пахвалу ад яе.

бо яна — слуга Божы, табе на дабро. Калі ж будзеш рабіць зло, то бойся, бо яна не дарэмна носіць меч: яна — слуга Божы, які помсціць і карае таго, хто робіць зло.
 
Бо гэта паслугач Божы табе на дабро. Калі ж ліха робіш, бойся, бо не надарма меч носіць, бо гэта паслугач Божы, мсціўца на гнеў таму, хто чыніць ліха.

Так што трэба падпарадко́ўвацца не толькі з-за страху пакарання, але і па сумле́нню.
 
Таму трэба быць пакорнымі не толькі дзеля гневу, але і дзеля сумлення.

Дзеля таго вы і падаткі пла́ціце; бо начальнікі — служы́целі Божыя, якія іменна гэтым пастаянна займаюцца.
 
Дзеля таго і падаткі плаціце, бо тыя, хто на гэта пастаўлены, — паслугачы Божыя, гэтым самым заўсёды занятыя.

Дык вось, аддавайце кожнаму нале́жнае: каму пада́так — пада́так; каму пошліну — пошліну; каму страх — страх; каму пашану — пашану.
 
Дык аддавайце ўсім належнае: каму падатак — падатак, каму мыта — мыта, каму страх — страх, каму пашану — пашану.

Нікому нічым не будзьце ў даўгу, акрамя доўгу ўзаемнай любові; бо хто лю́біць іншага, той вы́канаў закон.
 
Нікому не будзьце нічога вінаваты, толькі ўзаемную любоў, бо хто любіць другога, выконвае закон.

Таму што за́паведзі: «не пралюбадзейнічай», «не забівай», «не крадзь», «не све́дчы лжыва», «не пажадай чужога» і любая іншая — усе яны заключаюцца ў гэтым выслоўі: «узлюбі бліжняга твайго, як самога сябе».
 
Бо прыказанні: «Не чужалож, не забівай, не крадзі, не сведчы фальшыва, не пажадай», — ды калі ёсць якая іншая пастанова, — змяшчаюцца ў гэтым вось слове: любі блізкага свайго як сябе самога.

Любоў не чы́ніць бліжняму зла; так што любоў ёсць выкананне закону.
 
Любоў не робіць ліха бліжняму, таму любоў ёсць спаўненне закону.

Тым болей, што вы ведаеце час: пара́ ўжо нам абудзíцца ад сну. Бо цяпер спасенне да нас бліжэй, чым тады, калі мы ўве́равалі.
 
І ведайце гэты час, што ўжо пара нам ад сну паўстаць, бо цяпер збаўленне бліжэй да нас, чым калі мы ўверылі.

Ноч мінае, а дзень наблізіўся: дык адкінем справы цемры і надзе́нем зброю святла.
 
Ноч мінула, а дзень наблізіўся. Дык адкінем учынкі цемры і адзенемся ў зброю святла.

Як удзень, будзем паводзіць сябе прыстойна: не ў гульбе́ і п’янстве, не ў распу́сце і разбэшчанасці, не ў зва́дах і за́йздрасці;
 
Будзем жыць прыстойна, як удзень: не ў абжорстве і п’янствах, не ў распусце і нячыстасці, не ў звадцы ды зайздрасці,

але апранíцеся ў Госпада Іісуса Хрыста, і клопат пра плоць не ператвара́йце ў пажа́днасць.
 
але адзеньцеся ў Госпада Ісуса Хрыста ды не апякуйцеся над целам дзеля пажадлівасці.