Да Рымлянаў 13 разьдзел

Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад П. Татарыновіча

 
 

Кожная душа няхай падпарадко́ўваецца вышэ́йшым ула́дам, бо няма ўлады не ад Бога; а існу́ючыя ўлады Богам устаноўлены.
 
Кажная душа хай будзе паддана вышэйшым уладам; няма бо ўлады, якая ня былаб ад Бога; а тыя што ёсьць, дык яны Богам устаноўлены.

Бо хто працівіцца ўладзе, той супрацьстаíць Божаму ўстанаўле́нню; а хто супрацьстаіць, той сам на сябе накліча асуджэ́нне.
 
Хто восьжа працівіцца ўладзе, той працівіцца Божай установе; а праціўнікі самы на сябе асуд узводзяць.

Таму што начальнікі стра́шныя не для добрых спраў, а для злых. Хочаш не баяцца ўлады? Рабі дабро, і будзеш мець пахвалу ад яе;
 
Бо старшыны ня ёсьць для боязі добрых паступкаў, але благіх. Хочаш не баяцца ўлады? Паступай добра, дык атрымаеш ад яе пахвалу; янаж бо — слуга Божы табе на дабро. Калі аднак рабіў ты благое, дык бойся, бо-ж не без патрэбы меч носіць, будучы слугой Божым і гнейўным імсьціцелем блага паступаючаму.

бо яна — слуга Божы, табе на дабро. Калі ж будзеш рабіць зло, то бойся, бо яна не дарэмна носіць меч: яна — слуга Божы, які помсціць і карае таго, хто робіць зло.
 
Таму вось трэба слухаць ня толькі дзеля кары, але і дзеля сумлення.

Так што трэба падпарадко́ўвацца не толькі з-за страху пакарання, але і па сумле́нню.
 
Праз тое-ж і падаткі плаціце, што яны-ж службоўцы Божыя, гэтага толькі й пільнуючыя.

Дзеля таго вы і падаткі пла́ціце; бо начальнікі — служы́целі Божыя, якія іменна гэтым пастаянна займаюцца.
 
Аддавайце наагул кажнаму належнае: каму падатак — падатак, каму чынш — чынш, каму боязь — боязь, каму чэсьць — чэсьць.

Дык вось, аддавайце кожнаму нале́жнае: каму пада́так — пада́так; каму пошліну — пошліну; каму страх — страх; каму пашану — пашану.
 
Нікому нічым не аставайцеся ў даўгу, хіба толькі ўзаемнай любасьцю; хто бо любіць другога, Закон выканаў.

Нікому нічым не будзьце ў даўгу, акрамя доўгу ўзаемнай любові; бо хто лю́біць іншага, той вы́канаў закон.
 
Бо-ж: Ня чужалож, не забівай, не крадзі, ня сьветч хвальшыва, не пажадай чужога (Выйсь. 20:13−17) ды ўсе іншыя прыказанні зьмяшчаюцца ў гэтым вось слове: Любі твайго бліжняга, як сябе самога. (Лев. 19:18).

Таму што за́паведзі: «не пралюбадзейнічай», «не забівай», «не крадзь», «не све́дчы лжыва», «не пажадай чужога» і любая іншая — усе яны заключаюцца ў гэтым выслоўі: «узлюбі бліжняга твайго, як самога сябе».
 
Любасьць бліжняму ня робіць благога. Восьжа любасьць — гэта поўня Закону.

Любоў не чы́ніць бліжняму зла; так што любоў ёсць выкананне закону.
 
А знаючы час, ведайце, што пара ўжо нам зо-сну ўстаці. Цяпер бо бліжэйшае наша збаўленне, чым тады, як уверылі.

Тым болей, што вы ведаеце час: пара́ ўжо нам абудзíцца ад сну. Бо цяпер спасенне да нас бліжэй, чым тады, калі мы ўве́равалі.
 
Ноч мінула, дзень наблізіўся. Дык адкіньма дзеі цемры, а прыадзеньмася ў зброю сьвятла.

Ноч мінае, а дзень наблізіўся: дык адкінем справы цемры і надзе́нем зброю святла.
 
Як у дзень паводзьмася чэсна: не ў балаваннях і п’янстве, не ў любошчах і распусьце, не ў разладзе ды зайздрасьці;

Як удзень, будзем паводзіць сябе прыстойна: не ў гульбе́ і п’янстве, не ў распу́сце і разбэшчанасці, не ў зва́дах і за́йздрасці;
 
але ў Езуса Хрыстуса Усеспадара ахінаецеся і дагаджанне целу не абяртайце ў похаць.

але апранíцеся ў Госпада Іісуса Хрыста, і клопат пра плоць не ператвара́йце ў пажа́днасць.