Да Габрэяў 1 разьдзел
Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад П. Татарыновіча
Бог, Які шмат разоў і многімі спосабамі здаўна прамаўляў да бацькоў нашых праз прарокаў,
Шматразова ды шмат’яка Бог прамаўляў здаўна да бацькоў праз прарокаў,
у гэтыя апошнія дні прамовіў нам праз Сына, Якога паставіў спадкаемцам усяго, праз Якога і вякі стварыў.
у вапошніх-жа гэтых часах да нас прамовіў праз свайго Сына, якога паставіў спадкаемнікам усяго, празь яго й вякі стварыў.
Ён, будучы ззяннем славы і адлюстраваннем істоты Яго і трымаючы ўсё словам сілы Сваёй, здзейсніўшы Сабою ачышчэнне грахоў нашых, сеў праваруч прастола велічы ў вы́шніх,
Ён — водбліск славы ягонай і вобраз яго істоты — падтрымоўваючы ўсё магутным сваім словам, зьдзейсьніў ачышчэнне з грахоў і засеў праваруч Велічы ў высех,
настолькі пераўзыходзячы ангелаў, наколькі выда́тнейшае за іх унасле́даваў імя́.
стаўшыся тым вышэйшым за анёлаў, чым вышэйшае за іхняе імя ўспадкаемніў.
Бо каму з ангелаў калі-небудзь сказаў Бог: «Ты Сын Мой, Я сёння нарадзіў Цябе»? І яшчэ: «Я буду Яму Айцом, і Ён будзе Мне Сынам»?
Каліж бо й каму з Анёлаў было сказана: «Ты сын мой, я сяння зрадзіў цябе» (Пс. 2:7). І яшчэ: «Я айцом яму буду, а ён мне будзе сынам» (2Кар. 7:14),
Таксама, калі ўводзіць Першароднага ў свет, кажа: «і няхай пакло́няцца Яму ўсе ангелы Божыя».
І калі зноў уводзіць першароднага у кругаземе, кажа: «Хай кланяюцца яму ўсе анёлы Божые!»
Пра ангелаў сказана: «Ты робіш ангеламі Сваімі духаў і служыцелямі Сваімі — полымя вогненнае».
А аб анёлах: «З анёлаў сваіх творыць ён духаў (вястуноў), а з прыслужнікаў полымя вагністае» (Пс. 103:4);
А пра Сына: «прастол Твой, Божа, у век веку; жазло́ царства Твайго — жазло справядлівасці.
Да Сына-ж: «Пасад твой, Божа, векавечны, посах праваўладнасьці — бэрла твайго валадарства.
Ты ўзлюбіў праведнасць і ўзненавідзеў беззаконне; таму пама́заў Цябе, Божа, Бог Твой алеем радасці больш за супольнікаў Тваіх»;
Узьлюбіў ты справядлівасьць, а зьненавідзеў беззаконнасьць; таму намасьціў цябе, Божа, Бог твой алеем радасьці болей, чым тваіх супольнікаў» (Пс. 44:7−8).
і: «у пачатку Ты, Госпадзі, заснаваў зямлю, і нябёсы — справа рук Тваіх;
І на пачатку, Усеспадару, заснаваў ты землю, дый нябёсы — дзела рук тваіх;
яны загінуць, а Ты застане́шся; і ўсе, як адзежа, састарацца,
яны загінуць, а ты трываць будзеш; усё моў адзенне састарэецца,
і, як вопратку, згорнеш іх, і яны зме́няцца; а Ты — той самы, і гады́ Твае не скончацца».
ты іх як зьлінялую адзежыну згорнеш зьмененые; але Ты — той самы, і гады твае ня скончацца. (Пс. 101:26−28).
Каму з ангелаў сказаў калі-небудзь Бог: «сядзі праваруч Мяне, пакуль пакладу ворагаў Тваіх у падножжа ног Тваіх»?
а да каторагаж то з Анёлаў казаў калі: «Сядзь праваруч мяне дакуль не пакладу тваіх ворагаў падножжам ног тваіх?» (Пс. 109:2).
Хіба не ўсе яны — службовыя духі, пасла́ныя на служэнне дзеля тых, якія маюць унасле́даваць спасе́нне?
Ціж ня ўсе яны — служэбные духі, пасыланые на помач тым, што маюцца збаўленне унасьледзіць?