2 Пятра 2 разьдзел

Другое пасланьне Пятра
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

Былí і лжэпраро́кі ў наро́дзе, як і сярод вас бу́дуць ілжэвучы́целі, што прынясу́ць згу́бныя е́расі і, адрака́ючыся ад Уладара́, Які адкупíў іх, навяду́ць са́мі на сябе ху́ткую пагíбель.
 
Былі ж і фальшывыя прарокі ў народзе, як і ў вас будуць фальшывыя настаўнікі, якія ўвядуць згубныя ерасі і, выракаючыся таго, хто адкупіў іх, Валадара, наклічуць на сябе хуткую згубу.

І многія пойдуць усле́д іхняй распу́снасці, і з-за іх шлях íсціны будзе знясла́ўлены.
 
Многія пойдуць за іх разбэшчанасцю, і праз іх шлях праўды будзе зняважаны.

І ў хцíвасці з хíтрымі сло́вамі будуць нажыва́цца на вас; прысу́д ім даўно гато́вы, і пагíбель іх не дрэ́мле.
 
У хцівасці будуць лавіць вас ліслівымі словамі. Прысуд ім даўно гатовы, і згуба іх не абміне.

Бо калі Бог не пашкадава́ў а́нгелаў, якія саграшы́лі, а ў пу́тах це́мры кíнуў іх у пе́кла і аддаў, каб захава́ны былí на суд для пакара́ння;
 
Бо калі Бог не пашкадаваў анёлаў, якія зграшылі, але, звязаўшы путамі цемры, скінуў у адхлань, каб там чакалі суда;

і калі не пашкадава́ў старажы́тнага све́ту, а збяро́г васьмяры́х, у тым лíку Ноя, прапаве́дніка пра́веднасці, навёўшы пато́п на свет бязбо́жных;
 
калі не пашкадаваў таксама даўняга свету, але паслаў патоп на бязбожных, захаваўшы толькі восем асобаў разам з Ноем, веснікам справядлівасці;

і калі гарады́ Садо́ма і Гамо́ры спапялíў, асудзíўшы на знішчэ́нне і да́ўшы пры́клад таго, што чака́е бязбо́жнікаў,
 
і калі гарады Садому і Гамору, асудзіўшы на знішчэнне, абярнуў у попел, як перасцярогу бязбожнікам,

а пра́веднага Лота, прыгне́чанага распу́снымі паво́дзінамі беззако́нных, вы́ратаваў,
 
а справядлівага Лота, змучанага распусным жыццём нягоднікаў, уратаваў,

бо гэты пра́веднік, жывучы́ сярод іх, з дня ў дзень паку́таваў душою пра́веднай, ба́чачы і чу́ючы беззако́нныя спра́вы, —
 
бо гэты справядлівы, жывучы сярод іх і чуючы ды бачачы ўчынкі беззаконня, штодня зведваў пакуты справядлівай душы,

то ве́дае Гасподзь, як збаўля́ць набо́жных ад спакушэ́ння, а беззако́нных захо́ўваць да дня суда́ для пакара́ння,
 
то ведае Пан, як уратаваць пабожных ад выпрабавання, а несправядлівых захаваць на дзень суда,

асабліва ж тых, якія ідуць за нячы́стымі пажа́днасцямі пло́ці і пагарджа́юць ула́дамі, наха́бнікаў самазадаво́леных, якія не бая́цца зневажа́ць вышэ́йшых,
 
асабліва тых, што служаць целу ў нячыстай пажадлівасці і пагарджаюць Божай уладай. Дзёрзкія, ганарыстыя, не баяцца нават зневажаць нябесныя істоты,

тады як а́нгелы, бо́льшыя па магу́тнасці і сіле, не прамаўля́юць на іх перад Госпадам знява́жлівага асуджэ́ння.
 
тады як анёлы, хоць большыя сілаю і моцаю, не асуджаюць іх перад Панам.

Яны, як неразу́мныя жывёлы па прыро́дзе, наро́джаныя, каб іх лавíлі і вынішча́лі, зневажа́юць тое, чаго не разуме́юць; яны будуць знíшчаны, як і тыя вынішча́юцца;
 
А яны, як неразумныя жывёлы, народжаныя паводле прыроды на ўлоў ды ўбой, зневажаюць тое, чаго не ведаюць, таму як гэтыя жывёлы будуць знішчаныя

яны атрыма́юць распла́ту за беззако́нні, бо знахо́дзяць асало́ду яны ў штодзённым раскашава́нні; бессаро́мнікі і распу́снікі, яны це́шацца ў ашука́нствах сваіх падчас засто́лляў з вамі;
 
і атрымаюць адплату за несправядлівасць. Шчасцем лічаць яны штодзённую асалоду; бессаромныя і распуснікі, яны знаходзяць асалоду ў сваіх ашуканствах, банкетуючы з вамі.

вочы ў іх поўныя пралюбадзе́йства і несупы́ннага граху́; яны зава́бліваюць нетрыва́лыя ду́шы; яны ма́юць сэ́рцы, звы́клыя да нажы́вы; гэта сыны́ пракля́цця;
 
Вочы іхнія напоўнены чужаложствам і няспынным грахом; яны зводзяць слабых; іх сэрца прывучана да нажывы; гэта сыны праклёну.

пакíнуўшы прамы́ шлях, яны заблудзíлі, пайшо́ўшы шля́хам Валаа́ма, сы́на Васо́равага, які палюбíў пла́ту няпра́ведную,
 
Яны пакінулі просты шлях, заблукалі, сышоўшы на дарогу Балаама, сына Басора, які палюбіў несправядлівую ўзнагароду,

але быў вы́крыты ў сваім беззако́нні: бязмо́ўная аслíца, прамо́віўшы чалавечым го́ласам, спынíла безразва́жнасць праро́ка.
 
але быў асаромлены за сваё беззаконне: бязмоўная ўючная жывёліна, прамовіўшы чалавечым голасам, спыніла шаленства прарока.

Яны — бязво́дныя крынíцы, хма́ры, бу́раю гна́ныя, якім прыгатава́ны змрок вечнай цемры.
 
Гэта крыніцы бязводныя, хмары, што бура ганяе; для іх падрыхтаваны змрок цемры.

Бо, прамаўля́ючы пыхлíвыя і пусты́я словы, яны да пло́цкіх пажа́днасцей і разбэ́шчанасці прыва́бліваюць тых, хто толькі што аддалíўся ад тых, якія жыву́ць у аблу́дзе;
 
Бо, прамаўляючы надзьмутыя і пустыя словы, яны зводзяць праз пажадлівасць цела і распусту тых, хто ледзь толькі ўцёк ад заблукалых.

абяца́юць ім свабоду, самі бу́дучы раба́мі распу́сты; бо хто кім перамо́жаны, той таму і раб.
 
Яны абяцаюць ім свабоду, хоць самі застаюцца нявольнікамі знішчэння, бо хто кім пераможаны, той таго і нявольнік.

Бо, калі яны, пазбе́гнуўшы нечыстаты́ свету праз пазна́нне Госпада і Спасіцеля нашага Іісуса Хрыста, потым зноў заблы́тваюцца і паддаю́цца ёй, то апошняе стано́віцца для іх го́ршым за пе́ршае.
 
Калі ж, уцёкшы ад сапсаванасці свету праз пазнанне нашага Пана і Збаўцы Езуса Хрыста, зноў, заблытаўшыся, паддаюцца ёй, то апошняе для іх горшае за першае.

Лепш было́ б ім не спазна́ць шля́ху пра́веднасці, чым, спазна́ўшы, вярну́цца назад ад да́дзенай ім святой за́паведзі.
 
Бо лепш было б ім не ведаць дарогі справядлівасці, чым, пазнаўшы, адвярнуцца ад перададзенай ім святой запаведзі.

Але з імі адбыва́ецца паво́дле праўдзíвай пры́маўкі: саба́ка вярта́ецца да бляво́ціны сваёй, і: вы́мытая свіння́ ідзе валя́цца ў бру́дзе.
 
Сталася з імі паводле слушнай прыказкі: «Сабака вяртаецца да сваіх ванітаў, а вымытая свіння — у брудную лужыну».