Да Габрэяў 13 разьдзел
Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Дабравесця / «Спадчына»; Клышка
Браталюбства між вамі няхай трыва́е.
Пра гасціннасць не забывайце; бо дзякуючы ёй некаторыя, самі таго не ведаючы, гасцінна прынялі Ангелаў.
Па́мятайце пра вязняў, нíбы і вы ў няволі разам з імі, і пра тых, што пакуты церпяць, бо і самі вы знаходзіцеся ў целе.
Шлюб няхай будзе ва ўсіх у пашане і ложа неапага́ненае; а блуднікоў і пралюбадзеяў будзе судзíць Бог.
Не будзьце срэбралюбнымі, будзьце задаволены тым, што ёсць. Бо Сам Ён сказаў: «не пакіну цябе і не адступлюся ад цябе»,
таму мы смела гаворым: «Гасподзь мне Памочнік, і я не буду баяцца: што́ зробіць мне чалавек?»
Па́мятайце настаўнікаў вашых, якія абвяшча́лі вам слова Божае, і, гледзячы на завяршэнне іх жыццёвага шляху, пераймайце веру іх.
Іісус Хрыстос учора, і сёння, і навекі — той самы.
Вучэннямі рознымі і чужароднымі не захапляйцеся; бо добра благадаццю ўмацоўваць сэрцы, а не стравамі, ад якіх не атрымалі карысці тыя, што рабілі так.
Мы маем ахвярнік, ад якога не маюць права есці служы́целі скініі.
Паколькі целы жывёл, кроў якіх дзеля ачышчэння граху ўносіцца першасвяшчэннікам у свяцілішча, спальваюцца па-за ста́нам,
то і Іісус, каб асвяціць людзей Сваёю Крывёю, прыня́ў пакуты па-за брамай.
Дык выйдзем жа да Яго за стан, несучы́ на сабе Яго ганьбу;
бо мы не маем тут пастаяннага горада, а шукаем таго, які будзе.
Будзем жа праз Яго няспынна ўзносіць Богу ахвяру хвалы, гэта значыць, плод вуснаў, якія праслаўляюць імя́ Яго.
Не забывайце таксама пра дабрачыннасць і ўзаемную дапамогу, бо такія ахвяры даспадобы Богу.
Слухайцеся настаўнікаў вашых і будзьце пакорлівымі, бо яны нядрэмна дбаюць пра ду́шы вашы, будучы абавязанымі даць за іх адказ; няхай яны робяць гэта з радасцю, а не ўздыхаючы, бо гэта вам не на карысць.
Маліцеся за нас, бо мы ўпэўнены, што маем добрае сумленне, жадаючы ва ўсім паводзіць сябе добра.
Асабліва ж прашу рабіць гэта, каб я хутчэй быў вернуты вам.
А Бог міру, Які ўзняў з мёртвых вялікага Пастыра авечак, Крывёю запавету вечнага, Госпада нашага Іісуса Хрыста,
няхай удаскана́ліць вас ва ўсякай добрай справе, дзеля выканання волі Яго, творачы ў вас добраўго́днае Яму праз Іісуса Хрыста, Якому слава на векі вякоў. Амінь.
Прашу вас, браты, трымайцеся гэтага слова настаўлення; я ж і напісаў вам коратка.
Ведайце, што брат наш Цімафей вы́звалены; калі ён неўзабаве прыйдзе, я разам з ім пабачу вас.
Вітайце ўсіх настаўнікаў вашых і ўсіх святых. Вітаюць вас тыя, што з Італіі.
Благадаць з усімі вамі. Амінь.