2 да Карынфянаў 9 разьдзел
Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Анатоля Клышкi
А пра служэнне святым няма мне патрэбы пісаць вам,
Бо што да служэння святым мне залішне пісаць вам;
бо ведаю шчыры намер ваш і таму хвалюся вамі перад Македонцамі, што Ахаія была гатова з мінулага года, і ваш запа́л натхніў многіх.
бо я ведаю вашу гатоўнасць, якой хвалюся вамі перад македонцамі — што Ахаія падрыхтавана з мінулага года, і ваша рупнасць падахвоціла большасць з іх.
Братоў жа я паслаў для таго, каб наша пахвала вамі ў гэтай справе не аказалася марнай, а, як я казаў, каб вы былі гатовы,
Але я паслаў братоў, каб наша пахвала аб вас не аказалася пустою ў гэтым сэнсе, каб, як я казаў, вы былі падрыхтаванымі,
і калі прыйдуць са мною Македонцы і знойдуць вас негатовымі, каб не былі пасаромлены мы — не кажу «вы», — пахваліўшыся з такой упэўненасцю.
каб, калі прыйдуць са мной македонцы і знойдуць вас непадрыхтаванымі, мы — не кажучы пра вас — не асароміліся ў гэтай упэўненасці.
Таму я палічыў неабходным упрасіць братоў прыйсці да вас раней і за́гадзя паклапаціцца, каб абяца́нае ўжо ахвяраванне ваша было гатова як ахвяраванне, а не як пабо́р.
Дык я палічыў патрэбным папрасіць братоў, каб яны выйшлі да вас раней і загадзя падрыхтавалі ваша раней абяцанае дабраславенне, каб яно, такім чынам, было гатовае як дабраславенне, а не як вымаганне.
Але вось што: хто сее скупа, той скупа і пажне; а хто сее шчодра, той шчодра і пажне.
Але вось што: хто скупа сее, той скупа і сажне; а хто сее шчодра, той шчодра і пажне.
Кожны няхай робіць, як падказвае сэ́рца, не з жалем ці па прыму́су, бо хто з радасцю дае, таго лю́біць Бог.
Кожны, як вырашыў у сэрцы, няхай дае не з жалю або з прымусу; бо таго, хто радасна дае, любіць Бог.
А Бог мае сілу ўзбагаціць вас усялякай благадаццю, каб вы, заўсёды ва ўсім маючы ўсялякі дастатак, былі багатымі на ўсякую добрую справу,
І Бог мае сілу памножыць усялякую ласку для вас, каб вы, маючы ва ўсім заўсёды ўсялякі дастатак, былі багатыя на ўсялякую добрую справу,
як напісана: «шчодра раздаў, надзяліў бедных; праведнасць яго застаецца давеку».
як напісана: «Ён раскідаў; ён даў убогім; яго праведнасць застаецца навек».
А Хто дае насенне сейбіту і хлеб на ежу, Той дасць багаты плён пасе́янаму вамі і ўзросціць плады праведнасці вашай,
А Той, Хто дае насенне сейбіту і хлеб для яды, дасць вам насенне і прымножыць ваша насенне, і павялічыць плады вашай праведнасці.
каб вы ўсім багатыя былі на ўсялякую шчодрасць, якая праз нас учыня́е падзяку Богу.
Ва ўсім вы ўзбагачаецеся дзеля ўсялякай шчодрасці, якая праз нас творыць падзяку Богу,
Бо справа служэння гэтага не толькі пакрыва́е няста́чу, якая ёсць у святых, але і выкліка́е ў многіх вялікую падзяку Богу;
таму што выкананне гэтага служэння не толькі папаўняе нястачу ў святых, але і багатае многімі падзякамі Богу.
у выніку служэння гэтага яны праслаўляюць Бога за вашу пакорнасць ў вызна́нні Евангелля Хрыстовага і за шчырае ядна́нне з імі і з усімі,
Бачачы сведчанне гэтага служэння, яны ўслаўляюць Бога за вашу пакорнасць вызнаванаму вамі Дабравесцю Хрыстову і за шчырую лучнасць з імі і з усімі,
і ў сваёй малітве за вас яны зычлівыя да вас за шчодрую благадаць Божую ў вас.
і, молячыся за вас, яны прагнуць да вас, з-за бязмернай ласкі Божай у вас.
Дзякуем Богу за невымоўны дар Яго.
Падзяка Богу за Яго невымоўны дар!