Да Габрэяў 4 разьдзел

Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Аляксандара Надсана

 
 

Дык вось, будзем асцерага́цца, каб, пакуль яшчэ застаецца ў сіле абяцанне пра ўваход у спакой Яго, не аказалася, што нехта з вас спазніўся.
 

Бо і нам да́дзена дабравесце, як і тым; але не пайшло ім на карысць слова пачутае, не спалучы́ўшыся з вераю тых, якія пачулі.
 

А ўваходзім у спакой мы, якія ўверавалі, бо Ён сказаў: «Я пакляўся ў гневе Маім, што яны не ўвойдуць у спакой Мой», хоць справы Яго былі здзейснены на пачатку свету.
 

Таму што ска́зана недзе пра сёмы дзень так: «і спачыў Бог у дзень сёмы ад усіх спраў Сваіх».
 

І яшчэ тут: «не ўвойдуць у спакой Мой».
 

Дык вось, паколькі некаторым застае́цца магчымасць увайсці ў яго, а тыя, каму раней абве́шчана, не ўвайшлі з-за непакорлівасці,
 

то Ён зноў вызначае пэўны дзень — «сёння», гаворачы праз Давіда, пасля такога доўгага часу, як вышэй сказана: «сёння, калі пачуеце голас Яго, не зрабіце жорсткімі сэрцы вашы».
 

Бо калі б Іісус Навін увёў іх у спакой, то не гаварылася б пасля гэтага пра іншы дзень.
 

Таму для народа Божага суботні спакой яшчэ наперадзе.
 

Бо хто ўвайшоў у спакой Яго, той і сам спачыў ад спраў сваіх, як Бог — ад Сваіх.
 

Дык вось, пастараемся ўвайсці ў той спакой, каб хто-небудзь не паў, пераняўшы той самы прыклад непакорлівасці.
 

Бо слова Божае — жывое, і дзейснае, і вастрэйшае за любы меч двухбаковы, і пранікае яно да раздзялення душы́ і духа, суставаў і мозгу касцей, і су́дзіць помыслы і намеры сэрца.
 

І няма стварэння, схаванага ад Яго, а ўсё аголена і адкрыта перад вачыма Яго: Яму дадзім адказ.
 

Дык вось, маючы Першасвятара вялікага, Які прайшоў нябёсы, Іісуса, Сына Божага, будзем цвёрда трымацца вызнання нашага.
 

Бо мы маем не такога першасвятара, што не можа пакутаваць разам з намі ў немачах нашых, а Такога, што зазнаў усё, падобна нам, акрамя граху.
 

Таму прысту́пім з адвагаю да прастола благадаці, каб атрымаць міласць і здабыць благадаць для своечасовай дапамогі.