Дзеі 17 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Прайшоўшы ж праз Амхвіпаль і Апалёнію, прыйшлі ў Тэссалоніку, дзе была жыдоўская сынагога.
 
А прайшоўшы праз Амфіпаль і Апалёнію, прыйшлі ў Тэсалоніку, дзе была Юдэйская сынагога.

І Паўла паводля звычаю (свайго), прыйшоў да іх і тры суботы гутарыў зь імі із Пісаньняў,
 
І Павал, паводле звычаю, прыйшоў да іх і тры суботы вёў гутаркі з імі з Пісаньня,

даводзячы і паказуючы, што Хрысту належала пацярпець і ўваскрэснуць із мёртвых, ды што Ён, Ісус, ёсьць Хрыстос, Якога я вам абвяшчаю.
 
паказваючы і адкрываючы, што Хрыстос мусіў цярпець і ўваскрэснуць з мёртвых і што: «Гэты Ісус, пра Якога я абвяшчаю вам, ёсьць Хрыстос».

І нікаторыя зь іх былі перакананы і далучыліся да Паўлы і Сілы: вялікая грамада на́бажных грэкаў дый жанок высакародных ня мала.
 
І некаторыя з іх былі перакананыя і далучыліся да Паўла і Сілы, і вялікае мноства Грэкаў, якія пакланяліся [Богу], і жанчынаў першых нямала.

А няверучыя жыды праз зайздрасьць узяўшы з сабою з мейсцаў сходак нікаторых злых мужчын ды ўчыніўшы натоўп збунтавалі места. Ды прыступіўшы да дому Язонавага спрабавалі іх вывесьці да народу.
 
А Юдэі, якія не паверылі, зайздросьцячы і паклікаўшы нейкіх нягодных мужоў з плошчы, учынілі натоўп і ўзрушылі горад. І, стаўшы каля дому Язона, шукалі іх, каб прывесьці да народу.

І ня знайшоўшы іх пацягнулі Язона і нікаторых братоў да начальнікаў места, крычучы: яны збунтаваўшы (усю) зямлю зьявіліся і сюды,
 
Не знайшоўшы ж іх, пацягнулі Язона і некаторых братоў да бурмістраў, крычучы, што гэтыя сусьветныя бунтаўнікі прыйшлі і сюды,

якіх прыняў Язон, а ўсе яны чыняць супраць уставаў кесара, называючы Валадаром другога — Ісуса.
 
а Язон іх прыняў, і што яны ўсё чыняць супраць пастановаў цэзара, называючы іншага валадаром, Ісуса.

І (яны) падбурылі народ і ме́ставых начальнікаў, якія слухалі гэта.
 
І чуючы гэта, устрывожыўся натоўп і бурмістры,

Але, атрымаўшы ад Язона і астатніх паручальніцтва, звольнілі іх.
 
але, узяўшы заклад ад Язона і рэшты, вызвалілі іх.

І браты зараз жа ноччу адправілі Паўла і Сілу ў Бярыю, якія прыйшоўшы пайшлі ў жыдоўскую сынагогу.
 
Браты ж адразу ўначы выправілі Паўла і Сілу ў Бэрэю, і тыя, прыйшоўшы, пайшлі ў сынагогу Юдэйскую.

Тыя ж былі больш разважлівыя чым у Тэссалоніцы: яны прынялі Слова са ўсёй ахвотай (ды) кожны дзень разьбіралі Пісаньні, ці гэтак яно ёсьць.
 
А гэтыя былі высакароднейшыя, чым у Тэсалоніцы; яны прынялі слова з усёй ахвотаю, штодня дасьледуючы Пісаньне, ці гэтак яно ёсьць.

Ды многія із іх паверылі і (із) паважаных грэцкіх жанчын і мужчын нямала.
 
Тады шмат з іх паверылі, і жанчынаў Грэцкіх паважаных, і мужчынаў нямала.

Калі ж даведаліся жыды із Тэссалонікі што і ў Бярыі абвяшчана цераз Паўлу Слова Бога, (дык) прыйшлі і туды, падбураючы народ.
 
Калі ж Юдэі з Тэсалонікі даведаліся, што і ў Бэрэі абвяшчаецца праз Паўла слова Божае, прыйшлі і сюды, падбухторваючы натоўп.

Тады браты ніадкладна выправілі Паўлу быццам ішоў да мора, а Сіла і Цімахвей засталіся тамака.
 
Тады браты адразу паслалі Паўла, каб ішоў быццам да мора, а Сіла і Цімафей засталіся там.

А тыя што праводзілі Паўлу, давялі яго аж да Атэн і атрымаўшы загад для Сілы ды Цімахвея, каб як мага хутчэй прыйшлі да яго, пайшлі (назад).
 
Тыя ж, што праводзілі Паўла, прывялі яго ў Атэны і, атрымаўшы прыказаньне для Сілы і Цімафея, каб чым хутчэй ішлі да яго, пайшлі.

І чакаючы іх (Сілу і Цімахвея) у Атэнах (і) бачачы места напоўненае ідаламі дух Паўлы абураўся ў ім.
 
А калі Павал чакаў на іх у Атэнах, узрушыўся ў ім дух ягоны, бачачы горад, апанаваны ідаламі.

І гу́тарыў у сынагозе з жыдамі і на́бажнымі, і на плошчы кожны дзень з выпадкова сустрэчнымі.
 
Дык ён вёў гутаркі ў сынагозе з Юдэямі і пабожнымі, і на рынку кожны дзень з тымі, з кім надарыцца.

Нікаторыя ж з хвілязохваў эпікурэйцаў і стоікаў спрачаліся зь ім: і адны гаварылі: што ж хоча сказаць гэты балбату́н? А другія: здаецца (ён) прапаведуе чужых багоў, бо (ён) дабравесьціў ім Ісуса і ўваскрасеньне.
 
Некаторыя ж з філосафаў эпікурэйцаў і стоікаў спрачаліся з ім, і адны казалі: «Што хоча сказаць гэты баўбатун?», а другія: «Здаецца, ён прапаведуе чужыя боствы», — бо ён дабравесьціў ім пра Ісуса і ўваскрасеньне Ягонае.

І ўзяўшы яго прывялі ў арэапаг, кажучы: ці можам (мы) даведацца што гэта за новае вучэньне якое ты абвяшчаеш?
 
І, узяўшы яго, прывялі ў арэапаг, кажучы: «Ці можам мы ведаць, што гэта за новае вучэньне ты распавядаеш?

Бо нешта дзіўнае (ты) даносіш да нашых вушэй. Пагэтаму хочам ведаць, чым бы магло гэта быць.
 
Бо нешта незвычайнае ты ўкладаеш у вушы нашыя, дык хочам ведаць, што гэта ма́е быць?»

Усе ж атэнцы і чужынцы якія былі (там) ні ў чым іншым ня праводзілі час, акрамя як гаварыць і слухаць што-небудзь новае.
 
Усе ж Атэнцы і прыйшоўшыя [туды] чужынцы ні чым іншым ня бавіліся, як гаварыць і слухаць нешта новае.

І Павал стануўшы пасярод арэапагу сказаў: мужчыны атэнскія! з усяго бачу што вы нíбы асабліва на́бажныя.
 
А Павал, стаўшы пасярод арэапагу, прамовіў: «Мужы Атэнскія, з усяго я бачу, што вы быццам асабліва пабожныя.

Бо праходзячы і аглядаючы сьвятыні вашыя, (я) знайшоў таксама ахвярнік на якім напíсана: нявядо́маму Богу. Дык Якога ня ведаючы (вы) ушаноўваеце, Гэтага то я абвяшчаю вам.
 
Бо, праходзячы і аглядаючы месцы пакланеньня вашыя, знайшоў я і ахвярнік, на якім напісана: “Невядомаму Богу”. Дык Таго, Каго вы, ня ведаючы, ушаноўваеце, я вам абвяшчаю.

Бог, Які стварыў сусьвет і ўсё што ў ім, Ён зьяўляючыся Госпадам Неба і зямлі, ня ў рукатворных храмах жыве,
 
Бог, Які стварыў сьвет і ўсё, што ў ім, Які ёсьць Госпад неба і зямлі, не жыве ў бажніцах, зробленых рукамі,

і ня ад рук чалавечых прымае служэньне (быццам) у чым-небудзь мае патрэбу, Сам даючы ўсім жыцьцё і дыханьне і ўсё.
 
і не ўтрымліваецца ад рук чалавечых, быццам нечага патрабуючы, Сам даючы ўсім жыцьцё, і дыханьне, і ўсё.

І зрабіў з аднае крыві кожную нацыю чалавечую, каб жылі па ўсяму абліччу зямлі вызначыўшы наперад часы і межы іхняга пражываньня,
 
Ён учыніў з аднае крыві кожны народ чалавечы, каб жылі на ўсім абліччы зямлі, вызначыўшы акрэсьленыя часы і межы пражываньня іхняга,

каб шукалі Госпада ці ні адчуюць і знойдуць Яго, хаця (Ён) ёсьць нідалёка ад кожнага з нас:
 
каб шукалі Госпада, можа, дакрануцца Яго і знойдуць, хоць Ён і недалёка ад кожнага з нас,

бо ў Ім жывём і ру́хаемся і існу́ем, як і нікаторыя із вашых паэтаў сказалі: бо мы ёсьць і род Ягоны.
 
бо ў Ім мы жывём, і рухаемся, і існуем, як і некаторыя з вашых паэтаў гавораць: “Бо мы і род Ягоны”.

Пагэтаму будучы родам Бога (мы) ня павінны думаць, (што) Боства ёсьць падобна мастацкай выяве з золата альбо (з) серабра, альбо (з) камня па вымыслу чалавечаму.
 
Дык мы, як род Божы, не павінны думаць, быццам Боства падобнае да золата, ці срэбра, ці камяня, назначанага майстэрствам і думкаю чалавечай.

Пагэтаму пакінуўшы часы няве́даньня Бог за́раз зага́двае ўсім людзям паўсюль пакаяцца.
 
Дык Бог, зважаючы на часы няведаньня, загадвае цяпер усім людзям паўсюль навярнуцца,

Бо (Ён) вызначыў дзень, у які мае справядліва судзіць сьвет праз Мужчыну, Якога вызначыў, даўшы ўсім доказ, ускрасіўшы Яго зь мёртвых.
 
бо прызначыў дзень, у які ма́е судзі́ць сусьвет паводле справядлівасьці праз Мужа, Якога вызначыў, даўшы ўсім пэўнасьць, уваскрасіўшы Яго з мёртвых».

Пачуўшы ж пра ўскрасеньне мёртвых, адны насьмяхаліся, другія ж сказалі: паслухаем цябе аб гэтым другім разам!
 
Пачуўшы ж пра ўваскрасеньне мёртвых, адны кпілі, а другія казалі: «Паслухаем цябе пра гэта другім разам!»

Такім чынам Паўла выйшаў спасярод іх.
 
І гэтак Павал выйшаў спасярод іх.

Нікаторыя ж мужчыны далучыўшыся да яго паверылі. Сярод іх і Дыаніс Арэапагіт і жанчына на імя Дамара, і другія разам зь імі.
 
А некаторыя мужчыны, якія прысталі да яго, паверылі; між імі і Дыяніс Арэапагіт, і жанчына на імя Дамар, і іншыя з імі.