Дзеі 25 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Антонія Бокуна
Хвэст жа прыбыўшы ў правінцыю цераз тры дні ўзыйшоў з Кесары ў Ярузалім.
Фэст, прыйшоўшы ў сваю правінцыю, праз тры дні ўзыйшоў з Цэзарэі ў Ерусалім.
І архірэй і першыя з жыдоў прадсталі перад ім супраць Паўлы і ўгаворвалі яго,
А першасьвятары і першыя з Юдэяў выступілі перад ім супраць Паўла і малілі яго,
каб зрабіў (ім) спрыяльнасьць (у абвінавачваньні) супраць (Паўлы) ды прыслаў яго ў Ярузалім, зрабіўшы змову, каб забіць яго ў дарозе.
просячы ў яго ласкі, каб ён выклікаў [Паўла] ў Ерусалім, учыніўшы змову, каб забіць яго ў дарозе.
Але Хвэст адказаў, што Паўлу сьцерагуць у Кесары, а сам ён маніцца хутка адправіцца.
Тады Фэст адказаў, што Паўла пільнуюць у Цэзарэі, а сам ён ма́е неўзаба́ве выйсьці [туды].
Дык хто з вас можа, кажа ён, пайшоўшы са мною, і калі ёсьць нешта на мужчыне гэтым, няхай яго вінавацяць.
«Дык хто з вас можа, — кажа ён, — няхай ідуць [са мною], і, калі ёсьць нешта на чалавеку гэтым, няхай яго вінавацяць».
Прабыўшы ж у іх больш дзесяцёх дзён, вярнуўся ў Кесару (і) назаўтрае сеўшы на судным пасадзе загадаў прывесьці Паўлу.
А прабыўшы ў іх больш за дзесяць дзён, зыйшоў у Цэзарэю і на заўтра, сеўшы на судовым пасадзе, загадаў прывесьці Паўла.
Калі ж (ён, Паўла) прыйшоў, абступілі яго жыды, што прыйшлі зь Ярузаліму, прыносячы на Паўлу многія і цяжкія абвінавачаньні, якіх ня маглі даказаць.
Калі ж той прыйшоў, абступілі яго Юдэі, якія прыйшлі з Ерусаліму, прыносячы супраць Паўла шмат цяжкіх абвінавачваньняў, якіх не маглі давесьці.
Ён (жа) апраўдываўся, што ні ў чым ня саграшыў ані супраць Закону жыдоўскага, ані супраць Сьвятыні, ані супраць кесара.
Ён жа адказваў, што ні ў чым не саграшыў ані супраць Закону Юдэйскага, ані супраць сьвятыні, ані супраць цэзара.
Але Хвэст хочучы зрабіць ласку жыдом, адказаўшы Паўлу, сказаў: ці хочаш ісьці ў Ярузалім, (ды) каб я судзіў (цябе) за гэта там?
А Фэст, хочучы зрабіць ласку Юдэям, адказваючы Паўлу, сказаў: «Ці хочаш, узыйшоўшы ў Ерусалім, там быць суджаны мною за гэта?»
Паўла ж сказаў: я стаю перад судом кесара, дзе (і) належыць мне быць суджаным. Жыдом (я) ніякай крыўды ня зрабіў, як і ты добра ведаеш.
А Павал сказаў: «Я стаю перад судовым пасадам цэзара, дзе я мушу быць суджаным. Юдэяў нічым я ня скрыўдзіў, як і ты добра ведаеш.
Бо калі (я) сапраўды вінаваты і ўчыніў нешта вартае сьмерці, (дык) ня адмаўляюся памерці; але, калі нічога таго няма, у чым яны мяне вінавацяць, (дык) ніхто ня можа выдаць ім мяне. Паклікаюся на кесара.
Бо калі я зрабіў нейкую крыўду і нешта, вартае сьмерці, не адмаўляюся памерці; а калі няма нічога, у чым яны мяне вінавацяць, ніхто ня можа выдаць ім мяне. Прызываю [суд] цэзара!»
Тады Хвэст, пагаварыўшы з радай, сказаў: паклікаешся на кесара, да кесара (і) пойдзеш.
Тады Фэст, пагутарыўшы з радаю, адказаў: «Прызываеш цэзара? Да цэзара пойдзеш».
Празь некалькі дзён кароль Агрыппа і Бэрніка прыбылí ў Кесару прывітаць Хвэста.
А калі мінула некалькі дзён, валадар Агрыпа і Бэрніка прыйшлі ў Цэзарэю прывітаць Фэста.
Калі ж пабылí яны тамака шмат дзён, Хвэст падаў каралю справу Паўлы, кажучы: ёсьць нейкі мужчына, пакінены Хвэліксам у путах,
Калі ж былі яны там шмат дзён, Фэст прадставіў валадару́ справу Паўла, кажучы: «Ёсьць нейкі чалавек, пакінуты Фэліксам як вязень,
на якога як быў я ў Ярузаліме жа́ліліся архірэі і старэйшыны із жыдоў, просячы суду на яго.
супраць якога, калі я быў у Ерусаліме, выступалі першасьвятары і старшыні юдэйскія, просячы прысуду на яго.
Я адказаў ім, што ў рымлян няма звычаю выдаваць якога-небудзь чалавека на сьмерць перш, чым вінавачаны меціме перад абліччам абвініцеляў і атрымае магчымасьць абараняцца ад абвінавачаньня.
Я адказаў ім, што ў Рымлянаў няма звычаю выдаваць нейкага чалавека на сьмерць перш, чым вінавачаны будзе мець перад абліччам абвінавальнікаў і атрымае месца дзеля абароны ад абвінавачваньня.
Калі ж яны прыйшлі сюды, я бязадкладна назаўтрае сеўшы на судны пасад загадаў прывесьці таго мужчыну.
Дык калі яны зыйшліся, я, ня робячы аніякай затрымкі, на другі дзень, сеўшы на судовы пасад, загадаў прывесьці гэтага чалавека.
Абвініцелі абступіўшы яго ня прыне́сьлі (супраць яго) ніякай віны якое я спадзяваўся;
Абвінавальнікі, абступіўшы яго, не прынесьлі супраць яго аніякае віны, якой я спадзяваўся,
а мелі яны зь ім нейкія спрэчкі аб іхнай рэлігіі ды аб нейкім памершым Ісусе, аб Якім Паўла казаў, што Ён жыве.
а мелі яны з ім нейкія спрэчкі пра іхнюю рэлігію і пра нейкага памёршага Ісуса, пра Якога Павал цьвердзіў, што Ён жывы.
Апынуўшыся ў тупіку, каб (правільна) вырашыць гэту спрэчку, я сказаў: ці хоча ён ісьці ў Ярузалім і тамака быць судзімым па гэтай (справе)?
Зьбянтэжаны гэтай спрэчкаю, я сказаў, ці хоча ён ісьці ў Ёрусалім і там быць суджаным за гэта.
Калі ж Паўла запатрабаваў, каб яго затрымаць на разгляд імператара, я загадаў пільнаваць яго, пакуль ня пашлю яго да кесара.
А як Павал запатрабаваў, каб яго пільнавалі дзеля разгляду Аўгуста, я загадаў пільнаваць яго, пакуль не пашлю яго да цэзара».
Агрыппа ж сказаў да Хвэста: хацеў (бы) і я сам выслухаць гэтага чалавека. Заўтра, адказаў ён, пачуеш яго.
Агрыпа ж мовіў да Фэста: «Хацеў бы і я сам пачуць гэтага чалавека». А той кажа: «Заўтра пачуеш яго».
Назаўтрае ж, як Агрыппа і Бэрніка прыйшлі зь вялікай пышнасьцяй і ўвайшлі ў судовую палату з тысячнікамі і першымі асобамі места, тады па загаду Хвэста быў прыведзены Паўла.
Дык на заўтра, калі Агрыпа і Бэрніка прыйшлі з вялікай пышнасьцю і ўвайшлі ў судовую залю разам з тысячнікамі і найпаважнейшымі мужамі гораду, на загад Фэста быў прыведзены Павал.
І кажа Хвэст: кароль Агрыппа ды ўсе прысутныя з намі мужчыны! Вы бачыце таго, аб якім уся грамада жыдоўская прыступалася да мяне і ў Ярузаліме і тут, крычучы: «ня сьлед яму больш жыць!»
І прамовіў Фэст: «Валада́ру Агрыпа і ўсе прысутныя з намі мужы! Вы бачыце таго, адносна якога ўсё мноства Юдэйскае прасіла мяне і ў Ерусаліме, і тут, крычучы, што не належыцца яму больш жыць.
Але я знайшоў, што ён ня ўчыніў нічога вартага сьмерці, ды ён сам паклікаўся на імператара; дык я рассудзіў паслаць яго.
Але я не спасьцярог, каб ён зрабіў нешта вартае сьмерці, і як ён сам прызваў Аўгуста, я судзіў паслаць яго.
(Але) адносна яго ня маю нічога пэўнага напісаць (свайму) гаспадару; дзеля гэтага прывёў яго да вас, і асабліва да цябе, кароль Агрыппа, каб зрабіўшы расьсьледаваньне мне мець што напісаць.
Ды ня ма́ю нічога пэўнага напісаць гаспадару́. Дзеля гэтага прывёў яго да вас, і асабліва да цябе, валада́ру Агрыпа, каб, учыніўшы допыт, я меў, што напісаць.
Бо няразумным здаецца мне, пасылаючы вязьня, ня паказаць і абвінавачаньня на яго.
Бо неразумным здаецца мне, пасылаючы вязьня, нават не пазначыць абвінавачваньня супраць яго».