Дзеі 25 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Антонія Бокуна
Фэст, прыбыўшы ў сваю правінцыю, праз тры дні адбыў з Цэзарэі ў Ерузалем.
Фэст, прыйшоўшы ў сваю правінцыю, праз тры дні ўзыйшоў з Цэзарэі ў Ерусалім.
Тады першасвятары і ўплывовыя юдэі паскардзіліся яму на Паўла і прасілі яго
А першасьвятары і першыя з Юдэяў выступілі перад ім супраць Паўла і малілі яго,
зрабіць ласку і прыслаць Паўла ў Ерузалем, бо задумвалі забіць яго ў дарозе.
просячы ў яго ласкі, каб ён выклікаў [Паўла] ў Ерусалім, учыніўшы змову, каб забіць яго ў дарозе.
Але Фэст адказаў, што Паўла сцерагуць у Цэзарэі, і ён сам неўзабаве туды адправіцца.
Тады Фэст адказаў, што Паўла пільнуюць у Цэзарэі, а сам ён ма́е неўзаба́ве выйсьці [туды].
«Тыя з вас, хто можа, — сказаў ён, — няхай пойдуць разам са мною і, калі ёсць штосьці заганнае ў гэтым чалавеку, няхай абвінавацяць яго».
«Дык хто з вас можа, — кажа ён, — няхай ідуць [са мною], і, калі ёсьць нешта на чалавеку гэтым, няхай яго вінавацяць».
Прабыўшы ў іх не больш за восем або дзесяць дзён, ён вярнуўся ў Цэзарэю. На другі дзень сеў на судовы пасад і загадаў прывесці Паўла.
А прабыўшы ў іх больш за дзесяць дзён, зыйшоў у Цэзарэю і на заўтра, сеўшы на судовым пасадзе, загадаў прывесьці Паўла.
Калі прывялі, вакол яго сталі юдэі, што прыйшлі з Ерузалема, і выказвалі супраць яго шмат цяжкіх абвінавачванняў, якіх не маглі даказаць.
Калі ж той прыйшоў, абступілі яго Юдэі, якія прыйшлі з Ерусаліму, прыносячы супраць Паўла шмат цяжкіх абвінавачваньняў, якіх не маглі давесьці.
Павел у сваё апраўданне сказаў: «Я ні ў чым не правініўся ні супраць юдэйскага Закону, ні супраць святыні, ні супраць цэзара».
Ён жа адказваў, што ні ў чым не саграшыў ані супраць Закону Юдэйскага, ані супраць сьвятыні, ані супраць цэзара.
Тады Фэст, жадаючы дагадзіць юдэям, адказаў Паўлу: «Хочаш ісці ў Ерузалем і там стаць перад судом у гэтых справах?»
А Фэст, хочучы зрабіць ласку Юдэям, адказваючы Паўлу, сказаў: «Ці хочаш, узыйшоўшы ў Ерусалім, там быць суджаны мною за гэта?»
Павел адказаў: «Я стаю перад судом цэзара, дзе мяне і належыць судзіць. Я не пакрыўдзіў юдэяў нічым, і ты добра ведаеш гэта.
А Павал сказаў: «Я стаю перад судовым пасадам цэзара, дзе я мушу быць суджаным. Юдэяў нічым я ня скрыўдзіў, як і ты добра ведаеш.
Калі я ўчыніў злачынства і зрабіў штосьці вартае смерці, я не адмаўляюся памерці. Але калі няма нічога, у чым яны вінавацяць мяне, то ніхто не можа выдаць мяне ім. Я звяртаюся да цэзара!»
Бо калі я зрабіў нейкую крыўду і нешта, вартае сьмерці, не адмаўляюся памерці; а калі няма нічога, у чым яны мяне вінавацяць, ніхто ня можа выдаць ім мяне. Прызываю [суд] цэзара!»
Тады Фэст, пагаварыўшы з радаю, адказаў: «Ты звярнуўся да цэзара, да цэзара і пойдзеш».
Тады Фэст, пагутарыўшы з радаю, адказаў: «Прызываеш цэзара? Да цэзара пойдзеш».
Праз некалькі дзён кароль Агрыпа і Бэрэніка прыбылі ў Цэзарэю прывітаць Фэста.
А калі мінула некалькі дзён, валадар Агрыпа і Бэрніка прыйшлі ў Цэзарэю прывітаць Фэста.
Паколькі яны прабылі там шмат дзён, Фэст растлумачыў справу Паўла каралю, кажучы: «Фелікс пакінуў у вязніцы аднаго чалавека.
Калі ж былі яны там шмат дзён, Фэст прадставіў валадару́ справу Паўла, кажучы: «Ёсьць нейкі чалавек, пакінуты Фэліксам як вязень,
Калі я быў у Ерузалеме, першасвятары і старэйшыны Ізраэля падалі супраць яго скаргу, патрабуючы асуджэння.
супраць якога, калі я быў у Ерусаліме, выступалі першасьвятары і старшыні юдэйскія, просячы прысуду на яго.
Я адказаў ім, што рымляне не маюць звычаю асуджаць каго-небудзь на смерць, пакуль абвінавачаны не стане перад абвінаваўцамі і не атрымае магчымасці бараніцца ад закідаў.
Я адказаў ім, што ў Рымлянаў няма звычаю выдаваць нейкага чалавека на сьмерць перш, чым вінавачаны будзе мець перад абліччам абвінавальнікаў і атрымае месца дзеля абароны ад абвінавачваньня.
Калі яны прыйшлі сюды, то я не марудзіў, але ў наступны дзень распачаў судовы працэс і загадаў прывесці таго чалавека.
Дык калі яны зыйшліся, я, ня робячы аніякай затрымкі, на другі дзень, сеўшы на судовы пасад, загадаў прывесьці гэтага чалавека.
Абвінаваўцы сталі вакол яго, але не падалі ніякага абвінавачвання ў тых злачынствах, якія я падазраваў.
Абвінавальнікі, абступіўшы яго, не прынесьлі супраць яго аніякае віны, якой я спадзяваўся,
Яны спрачаліся з ім пра іх вераванні і пра нейкага памерлага Езуса, пра якога Павел сцвярджае, што Ён жывы.
а мелі яны з ім нейкія спрэчкі пра іхнюю рэлігію і пра нейкага памёршага Ісуса, пра Якога Павал цьвердзіў, што Ён жывы.
Не ведаючы, як вырашаць такія справы, я спытаўся ў яго, ці не хоча ён пайсці ў Ерузалем і там судзіцца за гэта.
Зьбянтэжаны гэтай спрэчкаю, я сказаў, ці хоча ён ісьці ў Ёрусалім і там быць суджаным за гэта.
Калі ж Павел пажадаў застацца пад вартаю, пакуль яго справу не разгледзіць цэзар, я загадаў сцерагчы яго, пакуль не адпраўлю да цэзара».
А як Павал запатрабаваў, каб яго пільнавалі дзеля разгляду Аўгуста, я загадаў пільнаваць яго, пакуль не пашлю яго да цэзара».
Агрыпа сказаў Фэсту: «Я хацеў бы паслухаць гэтага чалавека». «Заўтра, — сказаў той, — ты пачуеш яго».
Агрыпа ж мовіў да Фэста: «Хацеў бы і я сам пачуць гэтага чалавека». А той кажа: «Заўтра пачуеш яго».
Назаўтра Агрыпа і Бэрэніка прыйшлі з усёй пампезнасцю і ўвайшлі ў судовую залу з тысячнікамі і гарадской знаццю. На загад Фэста прывялі Паўла.
Дык на заўтра, калі Агрыпа і Бэрніка прыйшлі з вялікай пышнасьцю і ўвайшлі ў судовую залю разам з тысячнікамі і найпаважнейшымі мужамі гораду, на загад Фэста быў прыведзены Павал.
Фэст сказаў: «Кароль Агрыпа і ўсе прысутныя з намі мужы, вы бачыце таго, супраць каго ўвесь народ юдэйскі выступіў перада мною ў Ерузалеме і тут з воклічамі, што ён не павінен больш жыць.
І прамовіў Фэст: «Валада́ру Агрыпа і ўсе прысутныя з намі мужы! Вы бачыце таго, адносна якога ўсё мноства Юдэйскае прасіла мяне і ў Ерусаліме, і тут, крычучы, што не належыцца яму больш жыць.
Але я пераканаўся, што ён не зрабіў нічога вартага смерці, а паколькі ён сам звяртаўся да цэзара, я вырашыў паслаць да яго.
Але я не спасьцярог, каб ён зрабіў нешта вартае сьмерці, і як ён сам прызваў Аўгуста, я судзіў паслаць яго.
Я не маю нічога канкрэтнага, каб напісаць пра яго гаспадару. Таму я прывёў яго да вас, асабліва да цябе, кароль Агрыпа, каб пасля гэтага разбіральніцтва мне было што напісаць.
Ды ня ма́ю нічога пэўнага напісаць гаспадару́. Дзеля гэтага прывёў яго да вас, і асабліва да цябе, валада́ру Агрыпа, каб, учыніўшы допыт, я меў, што напісаць.
Бо мне здаецца неразважным паслаць вязня, не падаўшы абвінавачанняў супраць яго».
Бо неразумным здаецца мне, пасылаючы вязьня, нават не пазначыць абвінавачваньня супраць яго».