Дзеі 22 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

«Браты і айцы, цяпер паслухайце маё апраўданне перад вамі».
 
«Мужы браты і бацькі́! Паслухайце цяпер маю́ перад вамі абарону».

Пачуўшы, што ён гаворыць з імі на габрэйскай мове, яшчэ больш суцішыліся. А ён сказаў:
 
Пачуўшы, што ён прамовіў да іх на гебрайскай мове, яны больш замаўчалі і ён сказаў:

«Я — юдэй, нарадзіўся ў Тарсе, што ў Цыліцыі, але выхаваны ў гэтым горадзе, каля ног Гамаліэля, навучаны старанна Закону айцоў, руплівец Божы, як і ўсе вы сёння.
 
«Я сам Юдэй, народжаны ў Тарсе Кілікійскім, а ўзгадаваны ў горадзе гэтым ля ног Гамаліэля, старанна дысцыплінаваны ў Законе бацькоў, руплівец дзеля Бога, як і вы ўсе сёньня.

Я бязлітасна пераследаваў гэты шлях, звязваў і кідаў у вязніцу мужчын і жанчын,
 
Я перасьледаваў шлях гэты ажно да сьмерці, зьвязваючы і аддаючы ў вязьні́цу мужчынаў і жанчынаў,

як засведчаць пра мяне першасвятар і ўсё старшынства. Атрымаўшы ад іх лісты, я пайшоў да братоў у Дамаск, каб тых, што былі там, звязаць і прывесці ў Ерузалем для пакарання.
 
як засьведчыць пра мяне і першасьвятар, і ўсе старшыні, ад якіх я, узяўшы пасланьні да братоў, пайшоў у Дамаск, каб і тых, якія там былі, прывесьці зьвязаных у Ерусалім дзеля пакараньня.

Калі я быў у дарозе і набліжаўся да Дамаска, раптам каля поўдня заззяла вакол мяне вялікае святло з неба.
 
Сталася ж, калі я ішоў і набліжаўся да Дамаску, каля паўдня неспадзявана агарнула мяне вялікае сьвятло з неба.

Я ўпаў на зямлю і пачуў голас, які казаў мне: “Саўле, Саўле, чаму ты пераследуеш Мяне?”
 
І я ўпаў на зямлю, і пачуў голас, які гаварыў да мяне: “Саўле, Саўле, чаму ты перасьледуеш Мяне?”

Я адказаў: “Хто Ты, Пане?” Ён адказаў мне: “Я — Езус Назаранін, якога Ты пераследуеш”.
 
А я адказаў: “Хто Ты, Госпадзе?” І Ён сказаў да мяне: “Я — Ісус з Назарэту, Якога ты перасьледуеш”.

Тыя, хто быў са мною, бачылі святло, але не чулі голасу таго, хто гаварыў са мною.
 
Тыя ж, што былі са мною, бачылі сьвятло і перапалохаліся, а голасу Таго, Які гаварыў да мяне, ня чулі.

Тады я сказаў: “Што мне рабіць, Пане?” А Пан сказаў мне: “Устань і ідзі ў Дамаск, там будзе сказана табе пра ўсё, што трэба рабіць”.
 
А я сказаў: “Што мне рабіць, Госпадзе?” Госпад жа сказаў да мяне: “Устаўшы, ідзі ў Дамаск, і там будзе табе сказана ўсё, што вызначана табе рабіць”.

Паколькі я перастаў бачыць ад бляску таго святла, мае спадарожнікі прывялі мяне за руку ў Дамаск.
 
А як ад славы сьвятла гэтага я ня бачыў, дык прыйшоў у Дамаск, ведзены за руку тымі, што былі са мною.

Нейкі Ананія, чалавек пабожны паводле Закону, пра якога добра сведчылі ўсе жыхары Юдэі,
 
А нейкі Ананія, муж пабожны паводле Закону, засьведчаны ўсімі тамтэйшымі Юдэямі,

прыйшоў да мяне і, стаўшы, сказаў мне: “Браце Саўле, будзь зноў відушчым!” І ў той жа момант я ўбачыў яго.
 
прыйшоўшы да мяне і стаўшы, сказаў мне: “Саўле, браце! Глядзі!” І я ў тую ж гадзіну ўгледзеў яго.

Ён жа сказаў: “Бог айцоў нашых прадвызначыў цябе, каб ты пазнаў волю Ягоную, убачыў Справядлівага і пачуў голас з вуснаў Ягоных,
 
А ён сказаў: “Бог бацькоў нашых выбраў цябе, каб ты пазнаў волю Ягоную, і ўбачыў Праведнага, і пачуў голас з вуснаў Ягоных,

бо ты будзеш Яго сведкам перад усімі людзьмі ў тым, што ты бачыў і чуў.
 
бо ты будзеш сьведкам Яму перад усімі людзьмі пра тое, што ты бачыў і чуў.

А цяпер чаго ты марудзіш? Устань, ахрысціся і змый грахі свае, паклікаўшы Яго імя”.
 
І цяпер што ты марудзіш? Устаўшы, ахрысьціся і змый грахі твае, прызваўшы імя Госпадава”.

Калі я вярнуўся ў Ерузалем і маліўся ў святыні, мяне агарнула захапленне.
 
Сталася ж, як я вярнуўся ў Ерусалім і маліўся ў сьвятыні, ахапіла мяне захапленьне

Я ўбачыў Яго, а Ён казаў мне: “Паспяшайся і выйдзі хутчэй з Ерузалема, бо не прымуць твайго сведчання пра Мяне”.
 
і я ўбачыў Яго, Які казаў да мяне: “Сьпяшайся і ідзі хутчэй з Ерусаліму, бо ня прымуць сьведчаньня твайго пра Мяне”.

І я сказаў: “Пане, яны ведаюць, што я кідаў у вязніцу і біў у сінагогах тых, хто верыць у Цябе.
 
А я сказаў: “Госпадзе, яны ведаюць, што гэта я арыштоўваў і біў у сынагогах тых, якія вераць у Цябе.

А калі пралівалася кроў Стэфана, Твайго сведкі, я сам стаяў побач і згаджаўся з яго забойствам, і сцярог адзенне ягоных забойцаў.
 
І калі пралівана была кроў Стэфана, сьведкі Твайго, і я быў [там], стоячы і згаджаючыся на забойства яго, і пільнуючы адзеньне тых, што забівалі яго”.

Але Пан сказаў мне: “Ідзі, Я пашлю цябе далёка, да язычнікаў”».
 
І Ён сказаў да мяне: “Ідзі, бо Я да паганаў далёка пашлю цябе”».

Да гэтага слова слухалі яго, а пасля ўзнялі крык, кажучы: «Прэч яго з зямлі, бо такі не мае права жыць!»
 
А яны слухалі яго да гэтага слова, і паднялі голас свой, кажучы: «Забяры з зямлі такога! Бо не належыцца жыць яму!»

Калі яны з крыкам рвалі адзенне і ўздымалі пыл у паветра,
 
А як яны крычалі, і кідалі адзеньне, і пыл падкідалі ў паветра,

тысячнік загадаў адвесці яго ў крэпасць і праз бічаванне даведацца, з якой прычыны так крычалі супраць яго.
 
тысячнік загадаў весьці яго ў табар, сказаўшы тартураваць яго, каб даведацца, дзеля якое віны гэтак крычалі на яго.

Але калі расцягнулі яго для бічавання, Павел сказаў сотніку: «Хіба дазволена вам без суда бічаваць рымляніна?»
 
А калі расьцягнулі яго рамянямі, сказаў Павал да сотніка, які стаяў: «Ці ж можна вам тартураваць Рымскага чалавека, і без суду?»

Пачуўшы гэта, сотнік пайшоў і паведаміў тысячніку, кажучы: «Што ты збіраешся рабіць? Гэта ж рымлянін».
 
Пачуўшы ж гэта, сотнік, пайшоўшы, паведаміў тысячніка, кажучы: «Глядзі, што ты маеш рабіць. Бо гэты чалавек — Рымлянін».

Тады тысячнік, падышоўшы да яго, спытаўся: «Скажы мне, ты рымскі грамадзянін?» Ён адказаў: «Так».
 
Падыйшоўшы, тысячнік сказаў яму: «Скажы мне, ці ты Рымлянін?» А ён прамовіў: «Так».

Тысячнік сказаў: «Я за вялікія грошы набыў гэтае грамадзянства». Павел сказаў: «А я нарадзіўся ў ім».
 
І адказаў тысячнік: «Я здабыў гэтае грамадзянства за вялікія грошы». А Павал прамовіў: «А я нарадзіўся [ў ім]».

Тады адразу адступіліся ад яго тыя, што хацелі дапытаць яго, а тысячнік спалохаўся, калі даведаўся, што ён загадаў звязаць рымскага грамадзяніна.
 
Дык адразу адступіліся ад яго тыя, што меліся тартураваць яго. І тысячнік спалохаўся, даведаўшыся, што ён Рымлянін і што яны былі зьвязаўшы яго.

На другі дзень, жадаючы дакладна ведаць, у чым юдэі абвінавачваюць Паўла, вызваліў яго і загадаў сабрацца першасвятарам і ўсяму Сінэдрыёну. Потым прывёў Паўла і паставіў перад імі.
 
А на заўтра, хочучы даведацца напэўна, у чым абвінавачваюць яго Юдэі, зьняў з яго путы і загадаў прыйсьці першасьвятарам і ўсяму сынэдрыёну іхняму, і, вывеўшы Паўла, паставіў перад імі.