Дзеі 5 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Адзін чалавек па імені Ананія са сваёй жонкай Сапфірай прадаў свой набытак
 
А нейкі муж, на імя Ананія, з Сапфіраю, жонкаю сваёю, прадаў маёмасьць сваю,

і ўтаіў з ведама жонкі частку выручаных сродкаў, а частку прынёс і паклаў ля ног Апосталаў.
 
і прыхаваў з цаны з ведама жонкі сваёй, і, прынёсшы нейкую частку, палажыў ля ног апосталаў.

Але Пётр сказаў: «Ананія, чаму сатана напоўніў тваё сэрца, каб ты зманіў перад Духам Святым і ўтаіў частку сродкаў за зямлю?
 
А Пётар сказаў: «Чаму напоўніў шата́н сэрца тваё, каб схлусі́ць Духу Сьвятому ды прыхаваць з цаны за поле?

Хіба тое, што ты меў, не было тваім, а прададзенае ці не было ў тваёй уладзе? Чаму ты задумаў гэта ў сваім сэрцы? Ты зманіў не перад людзьмі, а перад Богам!»
 
Ці ж не тваё было, што ты меў, і праданае ці ж не ў тваёй уладзе было? Навошта ты палажыў рэч гэтую ў сэрца сваё? Ты схлусіў ня людзям, але Богу».

Пачуўшы гэтыя словы, Ананія ўпаў і памёр. Усіх, хто чуў гэта, ахапіў вялікі страх.
 
Пачуўшы словы гэтыя, Ананія ўпаў нежывы. І вялікі страх стаўся на ўсіх, якія чулі гэта.

А юнакі ўсталі, узялі яго, вынеслі і пахавалі.
 
А юнакі, устаўшы, узялі яго і, вынесшы, пахавалі.

Гадзіны праз тры прыйшла яго жонка, не ведаючы пра тое, што адбылося.
 
Сталася ж гадзіны праз тры, прыйшла і жонка ягоная, ня ведаючы, што сталася.

Пётр спытаўся ў яе: «Скажы мне, ці за столькі вы прадалі зямлю?» Яна адказала: «Так, за столькі».
 
А Пётар спытаўся ў яе: «Скажы мне, ці за гэтулькі аддалі вы поле?» Яна ж сказала: “Так, за гэтулькі”.

Тады Пётр сказаў ёй: «Чаму гэта вы дамовіліся выпрабоўваць Духа Пана? Вось, на парозе ногі тых, хто пахаваў твайго мужа, — яны вынесуць і цябе».
 
А Пётар сказаў да яе: «Навошта змовіліся вы спакусіць Духа Госпадавага? Вось, пры дзьвярах ногі тых, якія пахавалі мужа твайго, і яны вынясуць цябе».

Яна адразу ўпала ля яго ног і аддала духа. Юнакі ж, калі ўвайшлі, знайшлі яе мёртвай і, вынесшы, пахавалі яе каля мужа.
 
Яна ж адразу ўпала ля ног ягоных нежывая. А юнакі, увайшоўшы, знайшлі яе мёртвую і, вынесшы, пахавалі каля мужа яе.

Увесь Касцёл і ўсіх, хто чуў гэта, ахапіў вялікі страх.
 
І стаўся вялікі страх на ўсёй царкве і на ўсіх, якія чулі гэта.

Рукамі Апосталаў было ўчынена ў народзе шмат знакаў і цудаў. Усе аднадушна сыходзіліся на ганак Саламона.
 
А праз рукі апосталаў рабілася шмат знакаў і цудаў у народзе, і былі ўсе аднадушна ў прысенках Салямонавых.

З астатніх жа ніхто не асмельваўся далучыцца да іх, а народ іх узвялічваў.
 
А з іншых ніхто не адважваўся прыстаць да іх, але ўзьвялічваў іх народ.

Праз веру ўсё больш далучалася да Пана, мноства мужчын і жанчын,
 
А тых, што вераць у Госпада, дадавалася яшчэ больш, мноства мужчынаў і жанчынаў,

так што выносілі хворых на вуліцы і клалі іх на насілках і ложках, каб хоць цень Пятра, калі ён праходзіў, упала на каго-небудзь з іх.
 
так што выносілі хворых на вуліцы і лажылі на ложках і насілках, каб хоць цень Пятра, які ішоў, ацяніў каго з іх.

Сыходзілася таксама ў Ерузалем з навакольных мястэчак мноства людзей, якія прыносілі хворых і апанаваных нячыстымі духамі, і ўсе яны вылечваліся.
 
Зыйшлося таксама ў Ерусалім мноства з навакольных гарадоў, несучы хворых і апанаваных нячыстымі духамі, якія ўсе былі аздароўленыя.

Тады першасвятар і ўсе тыя, хто быў разам з ім, з кола садукеяў, поўныя зайздрасці,
 
А першасьвятар і ўсе, што з ім, якія былі з герэзіі садукейскай, паўстаўшы, напоўніліся зайздрасьцю,

схапілі Апосталаў і кінулі іх у гарадскую турму.
 
і ўсклалі рукі свае на апосталаў, і зьмясьцілі іх у вастрог грамадзкі.

Але ноччу анёл Пана адчыніў дзверы вязніцы, вывеў іх і сказаў:
 
А анёл Госпадаў уначы адчыніў дзьверы вязьні́цы і, вывеўшы іх, сказаў:

«Ідзіце і абвяшчайце народу ў святыні ўсе словы гэтага жыцця».
 
«Ідзіце і, стаўшы, гаварыце ў сьвятыні да народу ўсе словы жыцьця гэтага».

Яны ж, паслухаўшыся, увайшлі раніцай у святыню і навучалі. Апосталы перад Сінэдрыёнам Першасвятар і тыя, хто быў разам з ім, прыйшлі, склікалі Сінэдрыён і ўсю раду старэйшын сыноў Ізраэля і паслалі ў вязніцу, каб прывялі Апосталаў.
 
Пачуўшы гэта, яны ўвайшлі раніцаю ў сьвятыню і навучалі. А першасьвятар і тыя, што з ім, прыйшоўшы, склікалі сынэдрыён і ўсю старшызну сыноў Ізраіля і паслалі ў вязьні́цу прывесьці іх.

Аднак, прыйшоўшы, слугі не знайшлі іх у вязніцы. Вярнуўшыся, яны сказалі:
 
Паслугачы ж, прыйшоўшы, не знайшлі іх у вязьні́цы і, вярнуўшыся, паведамілі,

«Турма была замкнёнай і ў поўнай бяспецы, і варта стаяла пры дзвярах. Аднак, адчыніўшы, мы нікога там не знайшлі».
 
кажучы: «Вязьні́цу знайшлі мы замкнёную надзейна і вартаўнікоў, якія звонку стаялі перад дзьвярыма; але, адчыніўшы, усярэдзіне нікога не знайшлі».

Калі дазорац святыні і першасвятары пачулі гэтыя словы, не зразумелі, што сталася.
 
Калі ж пачулі словы гэтыя сьвятар, і начальнік варты сьвятыні, і першасьвятары, зьбянтэжыліся, што б гэта сталася?

Але нехта прыбыў і сказаў ім: «Вось мужы, якіх вы кінулі ў вязніцу, стаяць у святыні і навучаюць народ».
 
А нехта, прыйшоўшы, паведаміў ім, кажучы, што вось мужы, якіх вы зьмясьцілі ў вязьні́цу, стаяць у сьвятыні і навучаюць народ.

Тады дазорац пайшоў са слугамі і прывёў іх без прымусу, таму што баяліся народу, каб не закідалі іх камянямі.
 
Тады начальнік варты, пайшоўшы з паслугачамі, прывёў іх бяз гвалту, бо баяліся народу, каб не ўкаменаваў іх.

Калі слугі прывялі Апосталаў у Сінэдрыён, першасвятар спытаўся ў іх:
 
А прывёўшы, паставілі іх у сынэдрыёне; і спытаўся ў іх першасьвятар,

«Ці не строга забаранілі мы вам навучаць у імя гэтае? Між тым вы напоўнілі ўвесь Ерузалем вашым вучэннем і хочаце абвінаваціць нас у крыві таго чалавека».
 
кажучы: «Ці не пагрозамі забаранілі мы вам навучаць пра імя гэтае? І вось, вы напоўнілі Ерусалім навукай вашай і хочаце сьцягнуць на нас кроў Чалавека Гэтага».

Пётр і Апосталы адказалі: «Трэба слухацца Бога больш, чым людзей.
 
І, адказваючы, Пётар і апосталы сказалі: «Больш трэба слухацца Бога, чым людзей.

Бог айцоў нашых уваскрасіў Езуса, якога вы схапілі і павесілі на дрэве.
 
Бог бацькоў нашых уваскрасіў Ісуса, Якога вы забілі, павесіўшы на дрэве.

Бог узвысіў Яго сваёй правіцаю як Уладара і Збаўцу, каб даць Ізраэлю пакаянне і адпушчэнне грахоў.
 
Яго, Начальніка і Збаўцу, Бог правіцай Сваёй узвысіў, каб даць Ізраілю навяртаньне і адпушчэньне грахоў.

Мы сведкі гэтых слоў і Дух Святы, якога Бог даў тым, хто паслухмяны Яму».
 
І сьведкі Ягоныя на словы гэтыя — мы і Дух Сьвяты, Якога Бог даў тым, што слухаюцца Яго».

Тыя, калі пачулі гэта, разгневаліся і вырашылі іх забіць.
 
Тыя ж, пачуўшы, раз’юшыліся і пастанавілі пазабіваць іх.

Адзін з фарысеяў па імені Гамаліэль, настаўнік Закону, паважаны ўсім народам, устаў у Сінэдрыёне і загадаў на хвіліну вывесці гэтых людзей. Пасля сказаў:
 
А адзін фарысэй у сынэдрыёне, на імя Гамаліэль, законавучыцель, знаны ўсяму народу, устаўшы, загадаў на трохі [часу] вывесьці апосталаў,

«Мужы ізраэльскія, добра падумайце, што хочаце зрабіць з гэтымі людзьмі.
 
і сказаў ім: «Мужы Ізраільцяне, сьцеражыцеся адносна людзей гэтых, што маеце ўчыніць.

Бо нядаўна перад гэтым з’явіўся Тэўда, выдаючы сябе за кагосьці вялікага. Далучылася да яго каля чатырохсот чалавек. Але ён быў забіты, і ўсе, хто слухаў яго, разышліся і зніклі.
 
Бо перад гэтымі днямі паўстаў Тэўда, кажучы пра сябе як пра некага, і да яго прыстаў лік мужоў каля чатырохсот; ён быў забіты, і ўсе, што слухаліся яго, расьцярушыліся і сталіся нічым.

Пасля яго, падчас перапісу, з’явіўся Юда з Галілеі і павёў народ за сабою. Але і ён загінуў, і ўсе, хто слухаўся яго, рассеяліся.
 
Пасьля гэтага ў дні перапісу паўстаў Юда Галілеец і пацягнуў за сабою даволі народу; і ён загінуў, і ўсе, што слухаліся яго, рассыпаліся.

Цяпер кажу вам: адступіцеся ад гэтых людзей і пакіньце іх. Бо калі гэтая задума і гэтая справа ад людзей, то яна знікне,
 
І цяпер кажу вам: адыйдзіцеся ад гэтых людзей і пакіньце іх; бо калі ад людзей рада гэтая ці справа гэтая, будзе зьнішчаная,

а калі ад Бога, то вы не здолееце знішчыць іх. І каб часам вы не змагаліся з Богам!»Яны паслухаліся яго.
 
а калі ад Бога, вы ня здолееце зьнішчыць яе, і каб самі не апынуліся змагарамі з Богам».

Паклікаўшы Апосталаў, збілі іх і забаранілі ім прамаўляць у імя Езуса, ды адпусцілі.
 
Яны ж паслухаліся яго і, паклікаўшы апосталаў, зьбіўшы, загадалі ім не гаварыць пра імя Ісуса, і вызвалілі іх.

А яны пайшлі з Сінэдрыёна, радуючыся, што былі годныя цярпець знявагу за гэтае імя.
 
Тыя ж пайшлі ад аблічча сынэдрыёна, радуючыся, што сталіся вартымі зьневажэньня за імя Ягонае.

Не пераставалі кожны дзень навучаць у святыні і па дамах, абвяшчаючы Евангелле пра Езуса Хрыста.
 
І кожны дзень у сьвятыні і дома не пераставалі навучаць і дабравесьціць пра Ісуса Хрыста.