2 да Карынфянаў 1 разьдзел

Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Павел, з волі Божай апостал Езуса Хрыста, і брат Цімафей — Касцёлу Божаму ў Карынце, з усімі святымі ва ўсёй Ахаі:
 
Павал, з волі Божай апостал Ісуса Хрыста, і Цімафей, брат, — царкве Божай, што ў Карыньце, з усімі сьвятымі, якія ва ўсёй Ахаі:

ласка вам і спакой ад Бога Айца нашага і Пана Езуса Хрыста.
 
ласка вам і супакой ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.

Благаслаўлёны Бог і Айцец Пана нашага Езуса Хрыста, Айцец міласэрнасці і Бог усякага суцяшэння,
 
Дабраслаўлёны Бог і Айцец Госпада нашага Ісуса Хрыста, Айцец міласэрнасьці і Бог усякага пацяшэньня,

які суцяшае нас ва ўсякім смутку нашым, каб мы маглі суцяшаць усіх засмучаных тым суцяшэннем, якім Бог суцяшае нас саміх.
 
Які пацяшае нас у кожным прыгнёце нашым, каб мы маглі пацяшаць тых, якія ў-ва ўсялякім прыгнёце, пацяшэньнем, якім Бог пацяшае нас!

Бо як памнажаюцца ў нас цярпенні Хрыстовыя, так памнажаецца праз Хрыста і суцяшэнне нашае.
 
Бо як памнажаюцца ў нас пакуты Хрыстовыя, гэтак праз Хрыста памнажаецца і пацяшэньне нашае.

Калі мы спазнаем уціск, то дзеля вашага суцяшэння і збаўлення. Калі суцяшаемся, то дзеля вашага суцяшэння, якое здзяйсняецца ў вытрыванні тых самых цярпенняў, што і мы церпім.
 
А калі мы сьціснутыя, дык дзеля вашага пацяшэньня і збаўленьня, якое зьдзяйсьняецца праз перажываньне тых самых пакутаў, якія і мы церпім. Калі мы пацешаныя, дык дзеля вашага пацяшэньня і збаўленьня.

А надзея нашая на вас моцная, бо мы ведаем, што вы супольнікі нашыя як у цярпеннях, так і ў суцяшэнні.
 
І надзея нашая на вас цьвёрдая, бо мы ведаем, што вы супольнікі як пакутаў, так і пацяшэньня.

Браты, мы не хочам, каб вы не ведалі аб нашым уціску, які мы спазналі ў Азіі, бо бязмерна цяжка было нам і не пад сілу, ажно не спадзяваліся застацца жывымі.
 
Бо мы ня хочам, каб вы, браты, ня ведалі пра наш прыгнёт, які стаўся нам у Азіі, бо бязьмерна цяжка было нам і па-над сілу, так што мы згубілі надзею застацца жывымі.

Але самі ў сабе мы адчулі пагрозу смерці, каб спадзявацца не на саміх сябе, але на Бога, які ўваскрашае памерлых.
 
Але мы мелі самі ў сабе прысуд сьмяротны, каб спадзявацца не на саміх сябе, але на Бога, Які ўваскрашае мёртвых,

Ён выбавіў нас ад такой вялікай небяспекі смерці і выбаўляе, і на Яго спадзяемся, што і яшчэ выбаўляць будзе,
 
Які і выбавіў нас ад так вялікай сьмерці, і выбаўляе, на Якога спадзяемся, што і яшчэ выбаўляць будзе

бо і вы заступаецеся за нас у малітвах, каб многія дзякавалі за нас і за дар, дадзены нам па просьбе многіх.
 
пры дапамозе і вашай малітвы за нас, каб за дараванае нам па просьбе многіх дзякавалі за нас многія.

Хвала нашая — гэта сведчанне сумлення нашага, што мы ў прастаце і шчырасці Божай, не ў цялеснай мудрасці, але ў ласцы Божай жылі на свеце, асабліва сярод вас.
 
Бо пахвала́ нашая гэткая — сьведчаньне сумленьня нашага, што мы ў прастаце і шчырасьці Божай, не ў цялеснай мудрасьці, але ў ласцы Божай жылі ў сьвеце, а асабліва, у вас.

Мы не пішам вам нічога іншага, але тое, што вы чытаеце ці пазнаеце. Спадзяюся, што да канца пазнаеце,
 
Бо мы пішам вам ня што іншае, але тое, што вы чытаеце ці пазнаяцё, а спадзяюся, што да канца спазнаеце,

як вы часткова ўжо пазналі, што мы з’яўляемся хвалой вашай, як і вы нашай, у дзень Пана нашага Езуса.
 
як вы часткова і даведаліся ад нас, што мы — пахвала́ вашая, як і вы — нашая, у дзень Госпада Ісуса.

З такім перакананнем я хацеў прыйсці да вас раней, каб вы другі раз мелі радасць:
 
І з гэтай пэўнасьцю я хацеў прыйсьці да вас раней, каб вы другі раз мелі ласку,

першы, калі праз вас ішоў у Македонію, другі, калі з Македоніі зноў вяртаўся да вас, каб вы правялі мяне ў Юдэю.
 
і праз вас прайсьці ў Македонію, і зноў з Македоніі прыйсьці да вас, а вы правялі б мяне ў Юдэю.

Ці ж я быў легкадумны, маючы такі намер? Ці тое, што я задумваю, паводле цела задумваю, каб было ў мяне «так, так» і «не, не»?
 
Маючы гэткую пастанову, ці я лёгкадумна зрабіў? Ці тое, што я пастанаўляю, паводле цела пастанаўляю, каб было ў мяне «Так, так» і «Не, не»?

Бог — верны, таму слова нашае да вас не азначае «так» і «не»!
 
Верны ж Бог, што слова нашае да вас не было «Так» і «Не»!

Бо Сын Божы, Езус Хрыстус, якога я і Сільван, і Цімафей вам прапаведавалі, не быў «так» і «не», але было ў Ім «так».
 
Бо Сын Божы, Ісус Хрыстос, Якога мы ў вас абвяшчалі, і я, і Сілуан, і Цімафей, ня быў «Так» і «Не», але было ў Ім «Так».

Усе Божыя абяцанні сталіся ў Ім «так». Таму таксама праз Яго нашае «амэн» ёсць на хвалу Божую.
 
Бо ўсе абяцаньні Божыя ў Ім «Так» і ў Ім «Амэн», на славу Богу праз нас.

Той, хто ўмацоўвае нас з вамі ў Хрысце і намасціў нас, ёсць Бог,
 
А Той, Які зацьвердзіў нас з вамі ў Хрысьце і памазаў нас, ёсьць Бог,

які пазначыў нас і даў нашым сэрцам задатак Духа.
 
Які і запячатаў нас, і даў зару́ку Духа ў сэрцы нашыя.

Я клічу Бога ў сведкі майго жыцця, што я не прыйшоў яшчэ ў Карынт, бо шкадую вас.
 
Прызываю Бога ў сьведкі на душу́ маю́, што, шкадуючы вас, я дагэтуль не прыйшоў у Карынт;

Не таму, што мы пануем над вашай вераю, але таму, што мы саўдзельнікі вашай радасці, бо верай вы цвёрдыя.
 
не таму, што мы пануем над вераю вашай, але мы супрацоўнікі ў радасьці вашай, бо ў веры вы стаіцё.