2 да Карынфянаў 5 разьдзел
Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Антонія Бокуна
Мы ведаем, што калі зямны дом нашага жылля разваліцца, то ад Бога маем жыллё — нерукатворны вечны дом у нябёсах.
Бо мы ведаем, што калі зямны наш дом, хаці́на, зруйнуецца, мы маем пабудову ад Бога, дом, які не рукамі зроблены, вечны ў небе.
Таму мы ўздыхаем, жадаючы апрануцца ў нябесны дом.
Бо дзеля гэтага мы і ўздыхаем, жадаючы апрануцца ў нашае жытло з неба,
Каб толькі нам, апранутым, не аказацца голымі.
каб мы знайшлі сябе апранутымі, а ня голымі.
Бо мы, знаходзячыся ў гэтым шатры, уздыхаем пад цяжарам, бо не хочам распрануцца, але апрануцца, каб тое, што смяротнае, было паглынута жыццём.
Бо мы, знаходзячыся ў хаці́не, уздыхаем пад цяжа́рам, бо ня хочам пазбыцца [яе], але апрануцца, каб сьмяротнае ахоплена было жыцьцём.
А Бог, які стварыў нас для гэтага, даў нам задатак Духа.
На гэта самае і стварыў нас Бог, і даў нам зару́ку Духа.
Маючы ўпэўненасць у кожнай хвіліне, ведаем, што
Дык мы заўсёды маем пэўнасьць і ведаем, што, жывучы ў целе, жывём па-за Госпадам.
калі прысутнічаем у целе, мы далёка ад Пана, бо жывём вераю, а не бачаннем.
Бо мы ходзім вераю, а ня бачаньнем.
Аднак, маючы ўпэўненасць, мы больш хочам пакінуць цела і пасяліцца ў Пану.
Дык мы маем пэўнасьць і жадаем лепей жыць па-за целам і жыць у Госпадзе.
Таму стараемся падабацца Яму, ці то будучы з Ім, ці то далёка ад Яго.
Дзеля гэтага мы намагаемся, ці жывучы ў Ім, ці па-за Ім, быць даспадобы Яму.
Бо ўсе мы павінны з’явіцца перад тронам Хрыста, каб кожны атрымаў згодна з тым, што ён рабіў, жывучы ў целе: добрае ці дрэннае.
Бо ўсе мы мусім зьявіцца перад судовы пасад Хрыста, каб кожны атрымаў за тое, што ён учыніў, будучы ў целе, ці добрае, ці благое.
Таму, ведаючы боязь Пана, мы пераконваем людзей, а для Бога мы адкрытыя. Спадзяюся, што адкрытыя і для вашых сумленняў.
Дык, ведаючы страх Госпадавы, мы пераконваем людзей, а для Бога мы яўныя, і спадзяюся, што і для вашых сумленьняў яўныя.
Мы не імкнемся нанова паказаць вам сябе, але даем нагоду хваліцца намі, каб вы маглі супрацьстаяць тым, хто хваліцца знешнімі рэчамі, а не тым, што ў сэрцы.
Бо мы не адрэкамэндоўваем сябе вам зноў, але даем вам нагоду хвалі́цца намі, каб мелі вы [адказ] для тых, якія хваляцца абліччам, а ня сэрцам.
Калі ж мы гублялі розум, то дзеля Бога; калі ж былі пры розуме, дык дзеля вас.
Бо калі мы дзівачэем, дык дзеля Бога; калі пры розуме, дык дзеля вас.
Любоў Хрыста ахапіла нас, якія думаюць, што калі адзін памёр за ўсіх, то ўсе памерлі.
Бо любоў Хрыстова панука́е нас, якія гэтак пастанавілі, што калі адзін памёр за ўсіх, дык усе памерлі.
Ён памёр за ўсіх, каб тыя, хто жыве, ужо не дзеля сябе жылі, а дзеля памерлага за іх і ўваскрослага.
І Ён памёр за ўсіх, каб тыя, якія жывуць, больш не дзеля сябе жылі, але дзеля Таго, Які памёр за іх і ўваскрос.
Таму адгэтуль мы нікога не ведаем паводле цела. Калі ж і ведалі Хрыста паводле цела, то сёння ўжо не ведаем.
Так што мы адгэтуль нікога ня ведаем паводле цела; а калі і ведалі Хрыста паводле цела, дык цяпер ужо ня ведаем.
Таму, калі хто ў Хрысце, той новае стварэнне; даўняе мінула, вось сталася новае.
Так што хто ў Хрысьце, той новае стварэньне; старое мінула, вось, сталася ўсё новае.
Усё ад Бога, які праз Хрыста паяднаў нас з сабою і даў нам служэнне паяднання,
Усё ж ад Бога, Які праз Ісуса Хрыста пагадзі́ў нас з Сабою і даў нам служэньне прымірэньня.
таму што Бог у Хрысце паяднаў з сабою свет, не зважаючы на правіны людзей, і даў нам слова паяднання.
Бо Бог быў у Хрысьце, пагаджа́ючы з Сабою сьвет, не залічваючы ім праступкаў іхніх, і ўклаў у нас слова прымірэньня.
Таму ад імя Хрыста мы з’яўляемся як бы пасланцамі Бога, які заклікае праз нас. Ад імя Хрыста просім: паяднайцеся з Богам.
Дык мы спаўняем пасольства замест Хрыста, як бы Сам Бог просіць праз нас; за Хрыста просім: «Пагадзі́цеся з Богам».
Бо таго, хто не ведаў граху, Ён учыніў грахом замест нас, каб мы ў Ім сталіся справядлівасцю Божай.
Бо Таго, Які грэху ня ведаў, Ён зрабіў за нас грэхам, каб мы ў Ім сталіся праведнасьцю Божай.