2 да Карынфянаў 5 разьдзел

Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Мы ведаем, што калі зямны дом нашага жылля разваліцца, то ад Бога маем жыллё — нерукатворны вечны дом у нябёсах.
 
Бо мы ведаем, што калі зямны наш дом, гэта хаціна, разваліцца, то маем ад Бога дом нерукатворны, але вечны ў небе.

Таму мы ўздыхаем, жадаючы апрануцца ў нябесны дом.
 
Таму мы цяпер уздыхаем, прагнучы апрануцца ў наша жыллё, якое ёсць у небе,

Каб толькі нам, апранутым, не аказацца голымі.
 
каб толькі, і адзетыя, мы не апынуліся голымі.

Бо мы, знаходзячыся ў гэтым шатры, уздыхаем пад цяжарам, бо не хочам распрануцца, але апрануцца, каб тое, што смяротнае, было паглынута жыццём.
 
Вось мы, знаходзячыся ў гэтай хаціне, згараваныя, уздыхаем, хочучы не пазбыцца яе, але прыадзецца, каб тое, што смяротнае, ахоплена было жыццём.

А Бог, які стварыў нас для гэтага, даў нам задатак Духа.
 
На гэта і стварыў нас Бог, і даў нам заруку Духа.

Маючы ўпэўненасць у кожнай хвіліне, ведаем, што
 
Дзеля таго мы заўсёды адважныя, хоць ведаем, што, пакуль жывем у целе, мы далёкія ад Госпада,

калі прысутнічаем у целе, мы далёка ад Пана, бо жывём вераю, а не бачаннем.
 
бо ходзім вераю, а не бачаннем.

Аднак, маючы ўпэўненасць, мы больш хочам пакінуць цела і пасяліцца ў Пану.
 
Мы, аднак, адважныя ды маем добрую волю лепш быць далёкімі ад цела і апынуцца перад Госпадам.

Таму стараемся падабацца Яму, ці то будучы з Ім, ці то далёка ад Яго.
 
І таму імкнемся, ці пасяляючыся, ці высяляючыся, падабацца Яму.

Бо ўсе мы павінны з’явіцца перад тронам Хрыста, каб кожны атрымаў згодна з тым, што ён рабіў, жывучы ў целе: добрае ці дрэннае.
 
Бо ўсе мы мусім з’явіцца перад судом Хрыста, каб кожны атрымаў належную яму плату за тое, што зрабіў ён у целе, — ці добрае, ці ліхое.

Таму, ведаючы боязь Пана, мы пераконваем людзей, а для Бога мы адкрытыя. Спадзяюся, што адкрытыя і для вашых сумленняў.
 
Дык, ведаючы страх Госпадаў, мы пераконваем людзей, а перад Богам мы адкрытыя. Спадзяюся, што і для сумленняў вашых мы адкрытыя.

Мы не імкнемся нанова паказаць вам сябе, але даем нагоду хваліцца намі, каб вы маглі супрацьстаяць тым, хто хваліцца знешнімі рэчамі, а не тым, што ў сэрцы.
 
Кажам вам гэта, не каб зноў сябе прадставіць вам, але каб даць вам магчымасць пахваліцца намі, каб мелі вы што сказаць перад тымі, што хваляцца абліччам, а не сэрцам.

Калі ж мы гублялі розум, то дзеля Бога; калі ж былі пры розуме, дык дзеля вас.
 
Бо калі мы не вылучаемся розумам, дык для Бога; а калі цвярозыя, дык дзеля вас.

Любоў Хрыста ахапіла нас, якія думаюць, што калі адзін памёр за ўсіх, то ўсе памерлі.
 
Бо любоў Хрыста прынукае нас, якія разумеюць, што калі адзін памёр за ўсіх, дык усе памерлі.

Ён памёр за ўсіх, каб тыя, хто жыве, ужо не дзеля сябе жылі, а дзеля памерлага за іх і ўваскрослага.
 
І Ён памёр за ўсіх, каб тыя, што жывуць, ужо не для сябе жылі, але для Таго, Хто за іх памёр і ўваскрос.

Таму адгэтуль мы нікога не ведаем паводле цела. Калі ж і ведалі Хрыста паводле цела, то сёння ўжо не ведаем.
 
Таму і мы ад гэтага часу не ведаем нікога паводле цела; і калі ж мы Хрыста спазналі паводле цела, дык ужо цяпер не ведаем.

Таму, калі хто ў Хрысце, той новае стварэнне; даўняе мінула, вось сталася новае.
 
Бо хто ў Хрысце — новае стварэнне; старое мінула, вось, усё сталася новае.

Усё ад Бога, які праз Хрыста паяднаў нас з сабою і даў нам служэнне паяднання,
 
Усё ж ад Бога, Які пагадзіў нас з Сабою праз Ісуса Хрыста і даў нам служэнне прымірэння,

таму што Бог у Хрысце паяднаў з сабою свет, не зважаючы на правіны людзей, і даў нам слова паяднання.
 
бо, вось, Бог у Хрысце пагадзіў свет з Сабою, не ўлічваючы ім злачынстваў іх, ды ўсклаў на нас слова прымірэння.

Таму ад імя Хрыста мы з’яўляемся як бы пасланцамі Бога, які заклікае праз нас. Ад імя Хрыста просім: паяднайцеся з Богам.
 
Дык мы замест Хрыста пасланы, як бы Сам Бог просіць праз нас: за Хрыста просім, пагадзіцеся з Богам!

Бо таго, хто не ведаў граху, Ён учыніў грахом замест нас, каб мы ў Ім сталіся справядлівасцю Божай.
 
Бо Ён Таго, Хто не ведаў граху, учыніў за нас грахом, каб мы ў Ім сталіся справядлівасцю Божай.