2 да Карынфянаў 3 разьдзел
Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Чарняўскага 2017
Няўжо ізноў пачынаць нам знаёміцца? Няўжо нам, як некаторым, патрэбны даверчыя лісты да вас ці ад вас?
Ці пачнём зноў знаёміцца? Або ці будзем патрабаваць, як некаторыя, прадстаўнічых лістоў да вас або ад вас?
Вы — наш ліст, напісаны ў нашых сэрцах, які ведаюць і чытаюць усе людзі.
Вы ёсць наш ліст, напісаны ў сэрцах нашых, які ведаюць і чытаюць усе людзі.
Вы паказваеце, што вы — ліст Хрыстовы дзякуючы нашаму служэнню. Ліст, напісаны не чарніламі, але Духам жывога Бога, не на каменных табліцах, але на цялесных табліцах сэрцаў.
Вы паказваеце праз паслугу нашу, што вы — ліст Хрыстоў, напісаны не атрамантам, але Духам Бога жывога, не на каменных табліцах, але на цялесных табліцах сэрца.
Такі давер мы маем праз Хрыста да Бога.
Такую пэўнасць маем у Богу праз Хрыста.
Не таму, што мы здольныя думаць нешта ад сябе,
Не таму, што мы самі маем здольнасць думаць нешта ад сябе, быццам з сябе, але гэта наша здольнасць ад Бога,
але здольнасць нашая ад Бога, які ўчыніў нас здольнымі быць слугамі новага запавету: не літары, але Духу, бо літара забівае, а Дух ажыўляе.
Які і ўчыніў нас здатнымі быць паслугачамі Новага Запавету, не літары, але Духа, бо літара забівае, а Дух ажыўляе.
Калі ж служэнне смерці, выразанае літарамі на камянях, мела такую хвалу, што сыны Ізраэля не маглі глядзець на Майсея з прычыны часовай славы ягонага аблічча,
Калі служэнне смерці, высечанае літарамі на каменні, было ў такой славе, што сыны Ізраэля не маглі глядзець на твар Майсея дзеля славы аблічча яго, якая прамінае,
то наколькі ж большае ў славе будзе служэнне Духа?
дык ці не многа больш будзе слаўным служэнне Духа?
Калі служэнне асуджэнню — гэта слава, то тым больш пераўзыходзіць славаю служэнне справядлівасці.
Бо калі служэнне асуджэння ёсць слава, дык тым болей багатым славаю будзе служэнне апраўдання.
Бо ў гэтым выпадку праслаўленае не мае славы ў параўнанні з цяперашняй нязмернай славай.
Гэтак тое, што было слаўным часткова, не мае больш славы па прычыне славы, якая перавышае яе.
Калі часовае слаўнае, то нашмат больш слаўнае тое, што трывае.
Бо калі тое, што прамінае, мае славу, то тым больш слаўнае тое, што трывае.
Маючы такую надзею, паступаем з вялікай адвагаю.
Дык вось, маючы такую надзею, мы дзейнічаем з вялікай адвагай,
Але не так, як Майсей, які закрываў свой твар, каб сыны ізраэлевы не глядзелі на заканчэнне таго, што мінае.
а не як Майсей, што ўздзеў заслону на твар свой, каб сыны Ізраэля не глядзелі на заканчэнне таго, што прамінае.
Аднак зацьміўся іхні розум, бо аж да сённяшняга дня тая заслона застаецца нязнятай пры чытанні Старога Запавету, а мінае яна ў Хрысце.
Але розум іх прытупіўся, бо аж да цяперашняга дня, калі чытаюць Стары Запавет, гэтая заслона застаецца нязнятай, бо толькі ў Хрысце яна адсланяецца.
Ажно да сённяшняга дня, калі чытаюць Майсея, заслона ляжыць на іх сэрцы.
Дык па сённяшні дзень, калі чытаюць Майсея, заслона ляжыць на іх сэрцах.
Калі ж нехта звяртаецца да Пана, заслона здымаецца.
А калі хто навяртаецца да Госпада, заслона ападае.
Пан ёсць Духам, а дзе Дух Пана, там свабода.
Госпад ёсць Дух, а дзе Дух Госпадаў, там свабода.
Мы ж усе з адкрытым абліччам углядаемся, нібы ў люстра, у славу Пана і перамяняемся ў той самы вобраз ад славы ў славу, як праз Дух Пана.
Мы ж усе з адкрытым тварам аглядаем славу Госпадаву, быццам у люстэрку, і перамяняемся ў Яго вобраз з яснасці ў яснасць, так, як ад Госпадава Духа.