2 да Карынфянаў 10 разьдзел
Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Чарняўскага 2017
Я, Павел, які сярод вас ціхі, а калі далёка — суровы да вас, асабіста прашу праз далікатнасць і лагоднасць Хрыста.
Дарэчы, я сам, Паўла, перасцерагаю вас праз пакорлівасць і ласкавасць Хрыстову, што я асабіста між вамі ціхі, аднак у аддаленні патрабавальны да вас;
Прашу, каб мне, калі буду сярод вас, не быць занадта суровым, як думаюць пра мяне, што адважваюся выступіць супраць некаторых, якія лічаць, быццам бы мы жывем паводле цела.
дык вось, малю, каб, як прыбуду, не адважыўся б на тую суровасць, на якую думаю адважыцца адносна некаторых, якія лічаць, што мы жывём паводле цела.
Жывучы ў целе, мы ваюем не паводле цела,
Бо хоць мы жывём у целе, не ваюем паводле цела, —
бо зброя нашага змагання не цялесная, але моцная Богам для зруйнавання цвярдыняў. Ёй мы руйнуем задумы
бо зброя змагання нашага не цялесная, але магутная праз Бога на зруйнаванне цвярдынь; мы руйнуем намеры
і ўсякае ўзвышэнне, што паўстае супраць пазнання Божага, і бяром у палон усякую думку для паслухмянасці Хрысту.
і ўсякую пыху, якая выступае супраць пазнання Бога, ды ўсякую думку палонім у паслухмянасць Хрысту,
Мы гатовыя таксама караць кожную непаслухмянасць, пакуль вашая паслухмянасць не стане поўнай.
і пры тым гатовыя пакараць непаслухмянасць кожнага, калі паслухмянасць ваша стане поўнай.
Глядзіце на тое, што перад вамі. Хто ўпэўнены ў сабе, што ён Хрыстовы, той няхай прызнае, што як ён Хрыстовы, так і мы.
Ці на аблічча глядзіце? Калі хто ўважае, што ён Хрыстоў, дык хай разважыць у сабе, што і мы, таксама як ён, Хрыстовы.
Калі б я больш стаў хваліцца нашай уладай, якую Пан даў для будавання, а не для знішчэння вас, то не буду асаромлены.
Бо не было б мне сорамна, калі б я яшчэ больш стаў хваліцца тою ўладаю, якую нам даў Госпад на збудаванне вас, а не на знішчэнне,
Не думайце, што я палохаю вас пасланнямі.
каб не падалося, што я вас палохаю лістамі;
Бо хтосьці кажа: «Яго пасланні цяжкія і вострыя, а калі сам прыходзіць, то бяссільны, а яго словы слабыя».
некаторыя кажуць: «Лісты моцныя і грозныя, выгляд жа цела нядужы, і слова марнае».
Такі няхай ведае, што, якія мы ў словах паслання, калі не з вамі, такія і ў чынах, калі знаходзімся сярод вас.
Хто такі, хай ведае, што, якія мы непрысутныя, здалёк і ў слове лістоў, такія і прысутныя, ва ўчынках.
Бо мы не адважваемся ставіць сябе побач з тымі, якія самі сябе хваляць, ці раўнацца з імі. Тыя, што мераюць сябе сабою і параўноўваюць сябе з сабою, неразумныя.
Бо мы не маем адвагі ані раўняцца, ані супастаўляцца з тымі, што самі сябе выстаўляюць. Бо яны мераюць сябе самімі сабой, раўняючы сябе з сабой, і неразумныя.
А мы не будзем хваліцца без меры, але ў той меры, якую вызначыў нам Бог, каб дасягнуць і вас.
Не будзем мы хваліцца праз меру, але будзем ацэньваць сябе ў меры, вызначанай нам Богам, каб маглі дасягнуць і вас.
Бо мы не высільваемся праз меру, як быццам бы не дайшоўшы да вас, таму што мы дайшлі да вас з Евангеллем Хрыста.
Бо мы не так, быццам не дасягнуўшы вас, перасягнулі самі сябе, бо мы дайшлі да вас у Евангеллі Хрыста.
Мы не хвалімся празмерна чужой працай, але спадзяемся, што з узрастаннем вашай веры і мы больш узрасцём паводле нашай меры
Не хвалімся без меры чужой працай. Спадзяёмся, аднак, што з узрастаннем вашай веры мы таксама ўзрастаць будзем у вас па нашай мерцы,
і не будзем хваліцца тым, што было зроблена іншымі.
каб і далей сярод тых, што па-за вамі, абвяшчаць Евангелле, не выхваляючыся, па чужой мерцы, тым, што зроблена іншымі,
Хто хваліцца, няхай хваліцца ў Пану,
бо хто хваліцца, хай Госпадам хваліцца.
бо правераны не той, хто сам сябе хваліць, але той, каго хваліць Пан.
Бо не той выпрабаваны, хто сам сябе хваліць, але той, каго Госпад хваліць.